Быцце 27:1-46 |
1. Калі Ісаак састарыўся, і прытупіўся зрок вачэй ягоных, ён паклікаў старэйшага сына свайго Ісава і сказаў яму: сыне мой! Той сказаў яму: вось я. |
2. Сказаў: вось, я састарыўся; ня ведаю дня сьмерці маёй; |
3. вазьмі цяпер прылады твае, калчан твой і лук твой, выйдзі ў поле і налаві мне дзічыны, |
4. і згатуй мне страву, якую я люблю, і прынясі мне есьці, каб дабраславіла цябе душа мая, перш чым я памру. |
5. Рэбэка чула, як Ісаак гаварыў сыну свайму Ісаву. І пайшоў Ісаў у поле дастаць і згатаваць дзічыны; |
6. А Рэбэка сказала сыну свайму Якаву: вось, я чула, як бацька казаў брату твайму Ісаву: |
7. прынясі мне дзічыны і згатуй мне страву; я паем і дабраслаўлю цябе перад абліччам Гасподнім, перад сьмерцю маёю. |
8. Цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх у тым, што я загадаю табе: |
9. выйдзі ў статак і вазьмі мне адтуль два казьляняткі добрыя: і я згатую зь іх бацьку твайму страву, якую ён любіць: |
10. а ты прынясеш бацьку твайму, і ён паесьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю. |
11. Якаў сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі; |
12. можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне. |
13. Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой, сыне мой; толькі паслухайся слоў маіх і выйдзі, прынясі мне. |
14. Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй; і маці ягоная зрабіла страву, якую любіў бацька ягоны. |
15. І ўзяла Рэбэка багатую вопратку старэйшага сына свайго Ісава, якая была ў яе ў доме, і апранула малодшага сына свайго Якава; |
16. а рукі яго і гладкую шыю яго абклала скураю казьлянят, |
17. і дала страву і хлеб, якія яна згатавала, у рукі Якаву, сыну свайму. |
18. Ён увайшоў да бацькі свайго і сказаў: бацька мой! Той сказаў: вось я; хто ты, сыне мой? |
19. Якаў сказаў бацьку свайму: я Ісаў, першынец твой, я зрабіў, як ты сказаў мне; устань, сядзь і паеж дзічыны маёй, каб дабраславіла мяне душа твая. |
20. І сказаў Ісаак сыну свайму: што так хутка знайшоў ты, сыне мой? Ён сказаў: бо Гасподзь Бог твой паслаў мне насустрач. |
21. І сказаў Ісаак Якаву: падыдзі, я абмацаю цябе, сыне мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не? |
22. Якаў падышоў да Ісаака, бацькі свайго; і ён абмацаў яго і сказаў: голас, голас Якаваў; а рукі, рукі Ісававыя. |
23. І не пазнаў яго, бо рукі ў яго былі, як рукі ў Ісава, брата ягонага, калматыя. І дабраславіў яго |
24. і сказаў: ці ты сын мой Ісаў? Ён адказаў: я. |
25. Ісаак сказаў: падай мне, я паем дзічыны сына майго, каб дабраславіла цябе душа мая. Якаў падаў яму, і ён еў; прынёс яму і віна, і ён піў. |
26. Ісаак , бацька ягоны, сказаў яму: падыдзі, пацалуй мяне, сыне мой. |
27. Ён падышоў і пацалаваў яго і сказаў: вось, пах ад сына майго, як пах ад поля, якое дабраславіў Гасподзь; |
28. хай дасьць табе Бог ад расы нябеснай і ад тлушчу зямлі, і многа хлеба і віна; |
29. хай паслужаць табе народы, і хай паклоняцца табе плямёны: будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай паклоняцца табе сыны маці тваёй; кляцьбіты твае — праклятыя; дабраславенцы твае — дабраславёныя! |
30. Як толькі ўчыніў Ісаак дабраславеньне над Якавам, і як толькі выйшаў Якаў ад аблічча Ісаака, бацькі свайго,— Ісаў, брат ягоны, прыйшоў з ловаў сваіх. |
31. Згатаваў і ён страву, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: устань, бацька мой, і паеж дзічыны сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая. |
32. А Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: хто ты? Ён сказаў: я сын твой, першынец твой, Ісаў. |
33. І задрыжаў Ісаак вельмі вялікім дрыжаньнем і сказаў: хто ж гэта, які дастаў дзічыны і прынёс мне, і я еў з усяго, перш чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? ён і будзе дабраславёны. |
34. Ісаў, выслухаўшы словы бацькі свайго, падняў гучны і вельмі горкі енк, і сказаў бацьку свайму: бацька мой! дабраславі і мяне. |
35. Але ён сказаў: брат твой прыйшоў з хітрынаю і ўзяў дабраславеньне маё. |
36. І сказаў: ці не таму дадзена яму імя: Якаў, што ён запабег мяне ўжо два разы? ён узяў першародства маё, і вось, цяпер узяў дабраславеньне маё. І сказаў: няўжо ты не пакінуў мне дабраславеньня? |
37. Ісаак адказаў Ісаву: вось, я паставіў яго гаспадаром над табою і ўсіх братоў ягоных аддаў яму ў рабы; адарыў яго хлебам і віном; што ж я зраблю дзеля цябе, сыне мой? |
38. Але Ісаў сказаў бацьку свайму: няўжо, бацька мой, адно ў цябе дабраславеньне? дабраславі і мяне, бацька мой! І ўзвысіў Ісаў голас свой і заплакаў. |
39. І адказваў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: вось, ад тлушчу зямлі будзе ажываньне тваё і ад расы нябеснай згары; |
40. і ты будзеш жыць мечам тваім і будзеш служыць брату твайму; але будзе час, калі ўсупрацівішся і скінеш ярмо ягонае з шыі тваёй. |
41. І зьненавідзеў Ісаў Якава за дабраславеньне, якім дабраславіў яго бацька ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцы сваім: набліжаюцца дні плачу па бацьку маім; і я заб'ю Якава, брата майго. |
42. І пераказаны былі Рэбэцы словы Ісава, старэйшага сына яе; і яна паслала, і паклікала малодшага сына свайго Якава, і сказала яму: вось, Ісаў, брат твой, пагражае забіць цябе; |
43. і цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх, устань, бяжы да Лавана, брата майго, у Харан; |
44. і пажыві ў яго некаторы час, пакуль спатоліцца лютасьць брата твайго, |
45. пакуль спатоліцца гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзе, што ты зрабіў яму: тады я пашлю і вазьму цябе адтуль; навошта мне ў адзін дзень страціць абодвух вас? |
46. І сказала Рэбэка Ісааку: я жыцьцю ня радая ад дочак Хэтэйскіх; калі Якаў возьме жонку з дочак Хэтэйскіх, як гэтыя, з дочак гэтай зямлі, дык навошта мне і жыцьцё? |
Быцце 28:1-22 |
1. І паклікаў Ісаак Якава і дабраславіў яго і наказаў: не бяры сабе жонкі з дочак Ханаанскіх: |
2. устань, ідзі ў Месапатамію, у дом Ватуіла, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе жонку адтуль, з дочак Лавана, брата маці тваёй: |
3. А Бог Усемагутны хай дабраславіць цябе, хай расплодзіць цябе і хай памножыць цябе, і хай будзе ад цябе мноства народаў: |
4. і хай дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і нашчадкам тваім з табою, каб табе ўспадкаваць зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму! |
5. І адпусьціў Ісаак Якава, і ён пайшоў у Месапатамію да Лавана, сына Ватуіла Арамэйца, да брата Рэбэкі, маці Якава і Ісава. |
6. Ісаў убачыў, што Ісаак дабраславіў Якава і дабраслаўляючы паслаў яго ў Месапатамію, узяў сабе жонку адтуль, і наказаў яму, сказаўшы: не бяры жонкі з дочак Ханаанскіх; |
7. і што Якаў паслухаўся бацькі свайго і маці сваёй і пайшоў у Месапатамію. |
8. І ўбачыў Ісаў, што дочкі Ханаанскія не падабаюцца Ісааку, бацьку ягонаму; |
9. і пайшоў Ісаў да Ізмаіла і ўзяў сабе жонку Махалату, дачку Ізмаіла, сына Абрагамавага, сястру Наваётаву, звыш жонак сваіх. |
10. А Якаў выйшаў зь Вірсавіі і пайшоў у Харан, |
11. і прыйшоў у адно месца ізастаўся там начаваць, бо зайшло сонца. І ўзяў адзін камень з таго месца, і паклаў сабе пад галаву, і лёг на тым месцы. |
12. І ўбачыў у сьне: вось лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; і вось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй. |
13. І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім; |
14. і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя: |
15. і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе. |
16. Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў! |
17. І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта — брама нябесная. |
18. І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго. |
19. І даў імя месцу таму: Бэт-эль (Вэтыль): а ранейшае імя таго горада было: Луз. |
20. І даў Якаў зарок, сказаўшы: калі Бог будзе са мною і ахавае мяне ў дарозе гэтай, у якую я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзеньне апрануцца, |
21. і я ў міры вярнуся ў дом бацькі майго, і будзе Гасподзь маім Богам,— |
22. дык гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым; і з усяго, што Ты, Божа, дасі мне, я дам Табе дзясятую долю. |
Псалмы 7:9-17 |
9. Гасподзь судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праўды маёй, паводле беспахібнасьці маёй. |
10. Хай суймецца злосьць бязбожных, а справядлівага ўмацуй, бо Ты выпрабоўваеш сэрца й нутрыну, праведны Божа! |
11. Шчыт мой у Богу, Які шчырых сэрцам ратуе. |
12. Бог — судзьдзя справядлівы і Бог — кожны дзень спаганяе сурова, |
13. калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго; |
14. рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае. |
15. Вось напраўду зачаў бязбожны, зацяжарыў крыўдаю і ману сабе спарадзіў, |
16. капаў дол і выкапаў яго, і ўпаў у яму, якую выкапаў: |
17. абернецца злосьць ягоная на ягоную галаву, і зладзейства ягонае на цела ягонае ападзе. |
Прытчы 3:11-12 |
11. Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя; |
12. бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму. |
Матей 10:1-20 |
1. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач. |
2. А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны. |
3. Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем, |
4. Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму. |
5. Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце; |
6. а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага; |
7. і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае; |
8. хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце. |
9. Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, |
10. ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму. |
11. У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце; |
12. а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: "мір дому гэтаму"; |
13. і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца. |
14. А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых; |
15. праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму. |
16. Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы. |
17. Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас, |
18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі. |
19. Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць; |
20. бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас. |