A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Студзень 13

Быцце 25:1-34
1. І ўзяў Абрагам яшчэ жонку, імем Хэтуру.
2. Яна нарадзіла яму Зімрана, Ёкшана, Мэдана, Мадыяна, Ішбака і Шуаха.
3. Ёкшан спарадзіў Шэву і Дэдана. Сыны Дэдана былі: Ашурым, Летушым і Леюмім.
4. Сыны Мадыяна: Эфа, Эфэр, Ханох, Авіда і Элдага. Усе гэтыя сыны Хэтуры.
5. І аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку;
6. а сынам наложніц, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дарункі і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.
7. Дзён жыцьця Абрагамавага, якія ён пражыў, было сто семдзесят пяць гадоў;
8. і сканаў Абрагам, і памёр у старасьці добрай, вельмі стары і насычаны, і прылучаны да люду свайго.
9. І пахавалі яго Ісаак і Ізмаіл, сыны ягоныя, у пячоры Махпэл, на полі Эфрона, сына Цахара, Хэтэяніна, якое насупроць Мамрэ,
10. на полі, якое Абрагам набыў у сыноў Хэтавых. Там пахаваны Абрагам і Сарра, жонка ягоная.
11. Пасьля сьмерці Абрагама Бог дабраславіў Ісаака, сына ягонага. Ісаак жыў пры Бээр-лахай-роі.
12. Вось радавод Ізмаіла, сына Абрагамавага, якога нарадзіла Абрагаму Агар, Егіпцянка, Саррына служанка;
13. і вось імёны сыноў Ізмаілавых, імёны іхнія паводле радаводу іхняга: першынец Ізмаілаў Наваёт, Кедар, Адбээл, Міўсам,
14. Мішма, Дума, Маса,
15. Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
16. Яны сыны Ізмаілавыя, і гэта імёны іхнія, у селішчах іхніх, у качэўях іхніх. Гэта дванаццаць князёў плямёнаў іхніх.
17. А гадоў жыцьця Ізмаілавага было сто трыццаць сем гадоў; і сканаў ён, і памёр, і прылучаны да народу свайго.
18. Яны жылі ад Хавілы да Сура, што перад Егіптам, як ідзеш да Асірыі. Яны пасяліліся перад абліччам усіх братоў сваіх.
19. Вось радавод Ісаака, сына Абрагамавага. Абрагам спарадзіў Ісаака.
20. Ісааку было сорак гадоў калі ён узяў сабе за жонку Рэбэку, дачку Ватуіла Арамэйца зь Месапатаміі, сястру Лавана Арамэйца.
21. І маліўся Ісаак Госпаду за жонку сваю, бо яна была няплодная; і Гасподзь пачуў яго, і зачала Рэбэка жонка ягоная.
22. Сыны ва ўлоньні яе пачалі біцца, і яна сказала: калі так будзе, дык навошта мне гэта? І пайшла спытацца ў Госпада.
23. Гасподзь сказаў ёй: два племені ў чэраве тваім, і два розныя народы пойдуць з нутробы тваёй; адзін народ зробіцца мацнейшы за другі, і большы будзе служыць меншаму.
24. І настаў час ёй радзіць: і вось блізьняты ў нутробе ў яе.
25. Першы выйшаў чырвоны, увесь, як скура, калматы, і далі яму імя: Ісаў.
26. Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. А Ісааку было шэсьцьдзесят гадоў, калі яны нарадзіліся.
27. Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў.
28. Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава.
29. І згатаваў Якаў страву; а Ісаў прыйшоў з поля стомлены.
30. І сказаў Ісаў Якаву: дай мне паесьці чырвонага, чырвонага гэтага; бо я стаміўся. Ад гэтага дадзена яму мянушка: Эдом.
31. Але Якаў сказаў: прадай мне цяпер жа сваё першародства.
32. Ісаў сказаў: вось, я паміраю, што мне з гэтага першародства?
33. Якаў сказаў: прысягні мне цяпер жа. Ён прысягнуў яму, і прадаў першародства сваё Якаву.
34. І даў Якаў Ісаву хлеба і стравы з сачыўкі: і ён еў і піў, і ўстаў і пайшоў; і пагардзіў Ісаў першародствам.

Быцце 26:1-35
1. Быў голад на зямлі, звыш ранейшага голаду, які быў у дні Абрагамавыя; і пайшоў Ісаак да Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.
2. Гасподзь явіўся яму і сказаў: ня йдзі ў Егіпет; жыві ў зямлі, пра якую Я скажу табе;
3. вандруй па зямлі гэтай; і Я буду з табою і дабраслаўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім усе землі гэтыя , і спраўджу прысягу, якою Я прысягаўся Абрагаму, бацьку твайму;
4. памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябесныя, і дам нашчадкам тваім усе землі гэтыя; дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямныя,
5. за тое, што Абрагам паслухаўся голасу Майго і выконваў, што Мною наказана было выконваць: загады Мае, пастановы Мае і законы Мае.
6. Ісаак пасяліўся ў Герары.
7. Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: сястра мая, каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду.
8. Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
9. І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе.
10. Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не залучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх.
11. І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці.
12. І сеў Ісаак у зямлі той і меў у той год ячменю стакроць: так дабраславіў яго Гасподзь.
13. І стаўся вялікім чалавек гэты і ўзьвялічваўся болей і болей да таго, што зрабіўся вельмі вялікі.
14. У яго былі статкі дробнага і статкі буйнога быдла і мноства ральлі, і Філістымляне пачалі зайздросьціць яму.
15. І ўсе калодзежы, якія выкапалі рабы бацькі ягонага пры жыцьці бацькі ягонага Абрагама, Філістымляне завалілі і засыпалі зямлёю.
16. І Авімэлэх сказаў Ісааку: адыдзі ад нас, бо ты зрабіўся намнога мацнейшы за нас.
17. І Ісаак сышоў адтуль, і разьмясьціўся з намётамі ў даліне Герарскай, і пасяліўся там.
18. І зноў выкапаў Ісаак калодзежы вады, якія выкапаны былі ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія завалілі Філістымляне пасьля сьмерці Абрагама: і назваў іх тымі самымі назовамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
19. І капалі рабы Ісаакавыя ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой.
20. І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаакавымі, кажучы: наша вада. І ён даў калодзежу імя: Эсэк, бо спрачаліся зь ім.
21. Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна.
22. І ён рушыў адсюль і выкапаў іншы калодзеж, за Які ўжо не спрачаліся; і даў яму імя: Рэхавот; бо, сказаў ён, цяпер Гасподзь даў нам прасторнае месца, і мы памножымся на зямлі.
23. Адтуль перайшоў ён у Вірсавію.
24. І ў тую ноч зьявіўся яму Гасподзь і сказаў: Я Бог Абрагама, бацькі твайго: ня бойся, бо Я з табою, і дабраслаўлю цябе і памножу нашчадкаў тваіх, дзеля Абрагама, раба Майго.
25. І ён спарудзіў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там рабы Ісаакавыя калодзеж.
26. Прыйшоў да яго зь Герара Авімэлэх, і Ахузат, сябар ягоны, і Фіхол, ваеначальнік ягоны.
27. Ісаак сказаў ім: навошта вы прыйшлі да мяне, калі вы зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?
28. Яны сказалі: мы ясна пабачылі, што Гасподзь быў з табою, і сказалі мы: пастановім паміж намі і табою прысягу і заключым з табою спрымірэнства,
29. каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не кранулі цябе, а рабілі табе толькі добрае і адпусьцілі цябе зь мірам; цяпер ты дабраславёны Госпадам.
30. Ён зладзіў ім гасьціну, і яны елі і пілі.
31. І ўстаўшы з самае раніцы, прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго зь мірам.
32. У той самы дзень прыйшлі рабы Ісаакавыя і паведамілі яму пра калодзеж, які капалі яны, і сказалі яму: мы знайшлі ваду.
33. І ён назваў яго: Шыва. Таму імя гораду таму Бээр-Шыва да гэтага дня.
34. І было Ісаву сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Егудыту, дачку Бээра Хэтэяніна, і Васэмату, дачку Элона Хэтэяніна.
35. І яны былі завадаю Ісааку і Рэбэцы.

Псалмы 7:6-8
6. дык няхай вораг перасьледуе душу маю і дагоніць, і жыцьцё маё хай удратуе ў зямлю, і славу маю хай аберне ў нішто.
7. Устань, Госпадзе, у гневе Тваім; паўстань супраць шаленства маіх ворагаў, прачніся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў,
8. сьціжма людзей стане навокал Цябе; над ёй падыміся ў вышыні.

Прытчы 3:9-10
9. Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;
10. і напоўняцца засекі твае зь вер­хам, і чавільні твае будуць налівацца но­вым віном.

Матей 9:18-38
18. Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.
19. І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
20. І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,
21. бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.
22. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.
23. А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,
24. сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.
25. Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.
26. І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
27. І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!
28. І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
29. Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.
30. І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.
31. А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
32. Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
33. І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.
34. А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
35. І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
36. Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.
37. Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;
38. дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.