Instagram
English
A A A A A
Суддзі 9:1-57
1. Авімэлэх, сын Ераваалаў, пайшоў у Сіхем да братоў маці сваёй і казаў ім і ўсяму роду бацькі маці сваёй і сказаў:
2. голасна кажэце ўсім жыхарам Сіхемскім: што лепей вам, ці каб валодалі вамі ўсе семдзесят сыноў Ераваалавых, ці каб валодаў адзін, і ўспомніце, што я костка і плоць ваша.
3. Браты ягонай маці казалі пра яго ўсе гэтыя словы жыхарам Сіхемскім; і схілілася сэрца іхняе да Авімэлэха, бо яны казалі: ён брат наш.
4. І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Ваалвэрыта; Авімэлэх наняў на іх гультаёў і свавольных людзей, якія і пайшлі за ім.
5. І прыйшоў ён у дом бацькі свайго ў Офру і забіў братоў сваіх, семдзесят сыноў Ераваалавых, на адным камені. Застаўся толькі Ётам, малодшы сын Ераваалаў, бо схаваўся.
6. І сабраліся ўсе жыхары Сіхемскія і ўвесь дом Міло, і пайшлі і паставілі царом Авімэлэха каля дуба, што паблізу Сіхема.
7. Калі расказалі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыню гары Гарызіма і, узвысіўшы голас свой, крычаў і казаў ім: паслухайце мяне, жыхары Сіхема, і паслухае вас Бог!
8. Пайшлі неяк дрэвы памазаць над сабою цара і сказалі масьліне: царуй над намі.
9. Масьліна сказала ім: няўжо я пакіну тлушч мой, якім ушаноўваюць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?
10. І сказалі дрэвы смакоўніцы: ідзі ты, царуй над намі.
11. Смакоўніца сказала ім: ці ж я пакіну саладосьць маю і добры плод і пайду бадзяцца па дрэвах?
12. І сказалі дрэвы вінаграднай лазе: ідзі ты, царуй над намі.
13. Вінаградная лаза сказала ім: ці ж я пакіну сок мой, які весяліць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?
14. Нарэшце сказалі ўсе дрэвы цярноўніку: ідзі ты, царуй над намі.
15. Цярноўнік сказаў дрэвам: калі вы сапраўды ставіце мяне царом над сабою, дык ідзеце, схавайцеся ў цяні маім; калі ж не, дык выйдзе агонь зь цярноўніка і папаліць кедры Ліванскія.
16. Дык вось глядзеце, паводле ісьціны і паводле праўды вы ўчынілі, паставіўшы Авімэлэха царом? і ці добра вы зрабілі зь Ераваалам і домам ягоным, і ці адпаведна яго дабрадзействам учынілі вы?
17. За вас бацька мой змагаўся, не даражыў жыцьцём сваім і вызваліў вас з-пад рукі Мадыяніцянаў;
18. а вы цяпер паўсталі супроць дома бацькі майго і забілі семдзесят сыноў бацькі майго на адным камені і паставілі царом над жыхарамі Сіхемскімі Авімэлэха, сына рабыні ягонай, бо ён брат ваш.
19. Калі вы сёньня паводле ісьціны і паводле праўды ўчынілі зь Ераваалам і домам ягоным, дык радуйцеся за Авімэлэха, і хай ён радуецца за вас;
20. а калі не, дык хай выйдзе агонь з Авімэлэха і хай папаліць жыхароў Сіхемскіх і ўвесь дом Міло, і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхемскіх і з дома Міло і хай папаліць Авімэлэха.
21. І пабег Ётам, і ўцёк і пайшоў у Бээр, і жыў там, хаваючыся ад брата свайго Авімэлэха.
22. Авімэлэх жа цараваў над Ізраілем тры гады.
23. І паслаў Бог злога духа паміж Авімэлэхам і жыхарамі Сіхема, і перасталі карыцца жыхары Сіхемскія Авімэлэху,
24. каб такім чынам адбылася помста за семдзесят сыноў Ераваалавых, і кроў іхняя абярнулася на Авімэлэха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сіхемскіх, якія ўмацавалі рукі ягоныя, каб забіць братоў сваіх.
25. Жыхары Сіхемскія пасадзілі супроць яго ў засаду людзей на вяршынях гор, якія рабавалі кожнага, хто праходзіў міма іх па дарозе. Пра гэта данесена было Авімэлэху.
26. А прыйшоў і Гаал, сын Эвэдаў, з братамі сваімі ў Сіхем, і хадзілі яны па Сіхеме, і жыхары Сіхемскія даверыліся яму.
27. І выйшлі ў поле, і зьбіралі вінаград свой, і ціснулі ў чавілах, і ладзілі сьвяты, хадзілі ў дом бога свайго, і елі і пілі, і пракліналі Авімэлэха.
28. Гаал, сын Эвэдаў, казаў: хто Авімэлэх і што Сіхем, каб мы служылі яму? Служэце лепей нашчадкам Эмора, бацькі Сіхемавага, а яму навошта, каб мы служылі?
29. калі б хто даў народ гэты ў рукі мае, я прагнаў бы Авімэлэха. І сказана было Авімэлэху: памнож войска тваё і выходзь.
30. Зэвул, правадыр горада, пачуў словы Гаала, сына Эвэдавага, і запалаў гнеў ягоны.
31. Ён хітрым чынам адпраўляе паслоў да Авімэлэха, каб сказаць: вось Гаал, сын Эвэдаў, і браты ягоныя прыйшлі ў Сіхем, і вось, яны бунтуюць супроць цябе горад;
32. дык вось, устань уначы, ты і народ, які з табою, і пастаў засаду ў полі;
33. а раніцай, як узыходзіцьме сонца, устань рана і падступіся да горада; і калі ён і народ, які ў яго, выйдуць да цябе, тады рабі зь імі, што можа рука твая.
34. І ўстаў уначы Авімэлэх і ўвесь народ, які быў зь ім, і паставілі ў засаду каля Сіхема чатыры атрады.
35. Раніцай Гаал, сын Эвэдаў, выйшаў і стаў каля брамы гарадское; і ўстаў Авімэлэх і народ, які быў зь ім, з засады.
36. Гаал, убачыўшы народ, кажа Зэвулу: вось, народ спускаецца зь вяршыняў гор. А Зэвул сказаў яму: цень гор здаецца табе людзьмі.
37. Гаал зноў казаў і сказаў: вось, народ спускаецца з узвышша, і адзін атрад ідзе ад дуба Мэнаім.
38. І сказаў яму Зэвул: дзе вусны твае, якія казалі: "хто Авімэлэх, каб мы сталі служыць яму?" гэта той народ, якім ты пагарджаў; выходзь цяпер і падужайся зь ім.
39. І пайшоў Гаал наперадзе жыхароў Сіхемскіх і біўся з Авімэлэхам.
40. І пагнаўся за ім Авімэлэх, і пабег ён ад яго, і многа ўпала забітых да самае брамы горада.
41. І застаўся Авімэлэх у Аруме, а Гаала і братоў ягоных Зэвул выгнаў, каб яны ня жылі ў Сіхеме.
42. На другі дзень выйшаў народ у поле, і данесьлі пра гэта Авімэлэху.
43. Ён узяў свой народ і падзяліў яго на тры атрады і паставіў у засадзе ў полі. І ўбачыўшы, што народ выйшаў з горада, паўстаў на іх і пабіў іх.
44. Тым часам як Авімэлэх і атрады, што былі зь ім, падступіліся і сталі каля брамы гарадское, два другія атрады напалі на ўсіх, што былі ў полі, і забівалі іх.
45. І біўся Авімэлэх з горадам увесь той дзень, і ўзяў горад, і пабіў народ, што быў у ім, і разбурыў горад і засеяў яго сольлю.
46. Дачуўшыся пра гэта, усе: што былі ў вежы Сіхемскай, пайшлі ў вежу капішча Ваал -Вэрыта.
47. Авімэлэху было данесена, што сабраліся туды ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай.
48. І пайшоў Авімэлэх на гару Сэлмон, сам і ўвесь народ, што быў зь ім, і ўзяў Авімэлэх сякеры з сабою і насек гальля, і паклаў на плечы свае, і сказаў народу, які быў зь ім: вы бачылі, што я рабіў; хутчэй рабеце і вы тое самае, што і я.
49. І насек кожны з усяго народу гальля, і пайшлі за Авімэлэхам, і паклалі да вежы, і спалілі вежу агнём, і памерлі ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай, каля тысячы мужчын і жанчын.
50. Потым пайшоў Авімэлэх у Тэвец, і аблажыў Тэвец і ўзяў Яго.
51. Сярод горада была вялікая вежа, і ўцякалі туды ўсе мужчыны і жанчыны і ўсе жыхары горада, і замкнуліся і ўзышлі на дах вежы.
52. Авімэлэх прыйшоў да вежы і атачыў яе і падышоў да дзьвярэй вежы, каб спаліць яе агнём.
53. Тады адна жанчына скінула абломак жарона на галаву Авімэлэху і праламала яму чэрап.
54. Авімэлэх адразу паклікаў хлопчыка, збраяносца свайго, і сказаў яму: агалі меч твой і ўсьмерці мяне, каб не сказалі пра мяне: жанчына забіла яго. І пракалоў яго хлопчык, і ён узяў і памёр.
55. Ізраільцяне, убачыўшы, што памёр Авімэлэх, пайшлі кожны ў сваё месца.
56. Так аддаў Бог Авімэлэху за зладзейства, якое ўчыніў бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.
57. І ўсе зладзействы жыхароў Сіхемскіх абярнуў Бог на галаву іх; і спасьцігла іх пракляцьце Атама, сына Ераваалавага.

Суддзі 10:1-18
1. Пасьля Авімэлэха паўстаў на выратаваньне Ізраіля Тола, сын Туі, сына Додавага, з племя Ісахаравага. Ён жыў у Шаміры, на гары Яфрэмавай.
2. Ён быў судзьдзя Ізраіля дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны ў Шаміры.
3. Пасьля яго паўстаў Яір з Галаада і быў судзьдзёю Ізраіля дваццаць два гады.
4. У яго было трыццаць два сыны, якія езьдзілі на трыццаці двух маладых аслах, і трыццаць два гарады было ў іх; іх да сёньня называюць селішчамі Яіра, што ў зямлі Галаадскай.
5. І памёр Яір і пахаваны ў Камоне.
6. Сыны Ізраілевыя далей рабілі ліхое перад вачыма Госпада і служылі Ваалам і Астартам, і багам Арамэйскім і багам Сідонскім, і багам Маавіцкім і багам Аманіцкім і багам Філістымскім, а Госпада пакінулі і ня служылі Яму.
7. І запалаў гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаў іх у рукі Філістымлянам і ў рукі Аманіцянам;
8. яны ўціскалі і мучылі сыноў Ізраілевых з таго года васемнаццаць гадоў, усіх сыноў Ізраілевых па той бок Ярдана ў зямлі Амарэйскай, якая ў Галаадзе.
9. Нарэшце Аманіцяне перайшлі Ярдан, каб весьці вайну зь Юдам і Веньямінам і з домам Яфрэмавым. І вельмі цесна было сынам Ізраіля.
10. І залямантавалі сыны Ізраілевыя да Госпада і казалі: зграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага і служылі Ваалам.
11. І сказаў Гасподзь сынам Ізраілевым: ці ня прыгняталі вас Егіпцяне і Амарэі, і Аманіцяне і Філістымляне,
12. і Сіданяне і Амалікіцяне і Маавіцяне, і калі вы клікалі Мяне, ці ж не ратаваў Я вас ад рук іхніх?
13. а вы пакінулі Мяне і пачалі служыць багам іншым; за тое Я ўжо ня буду ратаваць вас:
14. ідзеце, клічце багоў, якіх вы выбралі, няхай яны ратуюць вас у цесны для вас час.
15. І сказалі сыны Ізраілевыя Госпаду: зграшылі мы; рабі з намі ўсё, што Табе заўгодна, толькі вызвалі нас цяпер.
16. І адкінулі ад сябе чужых багоў і пачалі служыць Госпаду. І ня вынесла душа Яго цярпеньняў Ізраіля.
17. Аманіцяне сабраліся і разьмясьціліся табарам у Галаадзе; сабраліся таксама сыны Ізраілевыя і сталі табарам у Масіфе.
18. Народ і князі Галаадскія сказалі адзін аднаму: хто пачне вайну супроць Аманіцянаў, той будзе за правадыра жыхарам Галаадскім.

Псалмы 49:1-6
1. Псальма Асафава. Бог над багамі, Гасподзь, прамовіў, і заклікае зямлю, ад усходу сонца да захаду.
2. Зь Сіёна, які ёсьць карона красы, зьяўляецца Бог,
3. ідзе Бог наш — і не маўчыць: перад ім вагонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.
4. Ён заклікае нябёсы згары, і зямлю — народ Свой судзіць:
5. "зьбярэце Мне пабожных Маіх, што пры ахвяры склалі са мной запавет".
6. І абвесьцяць нябёсы праўду Ягоную; бо судзьдзя гэты — Бог.

Прытчы 14:25-27
25. Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.
26. У страху перад Госпадам — над­зея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыс­танішча.
27. Страх Гасподні — крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.

Лука 16:1-31
1. Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную;
2. і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?
3. Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся;
4. ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам.
5. І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?
6. Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят.
7. Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.
8. І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе.
9. І я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.
10. Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.
11. Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
12. І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?
13. Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
14. Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.
15. Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.
16. Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.
17. Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.
18. Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.
19. Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.
20. Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах
21. і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.
22. Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;
23. і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
24. і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.
25. Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
26. і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.
27. Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
28. бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.
29. Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.
30. А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
31. Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.