Instagram
English
A A A A A
Суддзі 7:1-25
1. Ераваал, ён жа Гедэон, і ўвесь народ, які быў зь ім, усталі раніцай і разьмясьціліся табарам каля крыніцы Харода; а Мадыямскі табар быў ад яго на поўнач каля пагорка Марэ ў даліне.
2. І сказаў Гасподзь Гедэону: народу з табою надта многа, не магу Я аддаць Мадыяніцянаў у рукі ім, каб не заганарыўся Ізраіль перад Мною і не сказаў: "мая рука выратавала мяне";
3. дык вось, абвясьці ў вушы народу і скажы: "хто палахлівы і баязьлівы, той няхай вернецца і пойдзе назад з гары Галаада". І вярнулася народу дваццаць дзьве тысячы, а дзесяць тысяч засталося.
4. І сказаў Гасподзь Гедэону: усё яшчэ многа народу; вядзі іх да вады, тады Я выберу іх табе; пра каго Я скажу: "хай ідзе з табою", той і хай ідзе з табою; а пра каго скажу табе: "не павінен ісьці з табою", той няхай і ня йдзе.
5. Ён прывёў народ да вады. І сказаў Гасподзь Гедэону: хто будзе хлябтаць ваду языком сваім, як хлебча сабака, таго станаві асобна, а таксама і тых усіх, якія будуць станавіцца на калені свае і піць.
6. І было тых, што хлябталі ротам сваім з рукі трыста чалавек; а ўвесь засталы народ кленчыў і піў ваду.
7. І сказаў Гасподзь Гедэону: трыма сотнямі тых, што хлябталі, Я выратую вас і аддам Мадыяніцянаў у рукі вашыя, а ўвесь народ няхай ідзе кожны ў сваё месца.
8. І ўзялі яны запас ежы ў народа сабе і трубы іхнія, і адпусьціў Гедэон усіх Ізраільцянаў па намётах і затрымаў у сябе трыста чалавек; а табар Мадыямскі быў у яго ўнізе ў даліне.
9. У тую ноч сказаў яму Гасподзь: устань, сыдзі ў табар, Я аддаю яго ў рукі твае;
10. а калі ты баішся ісьці, дык ідзі ў табар ты і Фура, слуга твой;
11. і пачуеш, што гавораць, і тады ўмацуюцца рукі твае, і пойдзеш у табар. І сышоў ён і Фура, слуга ягоны, да самых узброеных, якія былі ў табары.
12. А Мадыяніцяне і Амалікіцяне і ўсе жыхары ўсходу разьмясьціліся ў даліне ў такім мностве, як саранча; вярблюдам іхнім ня было ліку, багата было іх, як пяску на беразе мора.
13. Гедэон прыйшоў. І вось, адзін расказвае сон другому і кажа: сьнілася мне, быццам круглы ячменны хлеб каціўся па табары Мадыямскім і, прыкаціўшыся да намёта, ударыўся ў яго так, што ён упаў, перавярнуў яго, і намёт распаўся.
14. Другі сказаў у адказ яму: гэта ня што іншае, як меч Гедэона, сына Ёасавага, Ізраільцяніна; аддаў Бог у рукі ягоныя Мадыяніцянаў і ўвесь табар.
15. Гедэон, пачуўшы расказ пра сон і тлумачэньне яго, пакланіўся і вярнуўся ў табар Ізраільскі і сказаў: уставайце! аддаў Гасподзь у рукі вашыя табар Мадыямскі.
16. І падзяліў трыста чалавек на тры атрады і даў у рукі ўсім ім трубы і пустыя збаны і ў збаны сьвяцільні.
17. І сказаў ім: глядзеце на мяне і рабеце тое самае; вось, я падыду да табара, і што буду рабіць, тое і вы рабеце;
18. калі я і тыя, што са мною, затрубім у трубы, трубеце і вы ў трубы вашыя вакол усяго табара і крычэце: меч Госпада і Гедэона!
19. І падышоў Гедэон і сто чалавек зь ім да табара, на пачатку сярэдняй варты, і разбудзілі вартавых, і затрубілі ў трубы і разьбілі збаны, якія былі ў руках у іх.
20. І затрубілі тры атрады ў трубы, і разьбілі збаны, і трымалі ў левай руцэ сьвяцільні, а ў правай руцэ трубы, і трубілі, і крычалі: меч Госпада і Гедэона!
21. І стаяў кожны на сваім месцы вакол табара: і забегалі па ўсім табары, і крычалі, і кінуліся ўцякаць.
22. Тым часам як трыста чалавек трубілі ў трубы, абярнуў Гасподзь меч аднаго на другога ва ўсім табары, і бегла рушэньне ў Бэтшыту да Царэры, да мяжы Авэлмэхолы, паблізу Табаты.
23. І пакліканы Ізраільцяне з племя Нэфталімавага, Асіравага і ўсяго племя Манасіінага, і пагналіся за Мадыяніцянамі.
24. А Гедэон паслаў на ўсю гару Яфрэмаву сказаць: выйдзіце насустрач Мадыяніцянам і перахапеце ў іх пераправу цераз ваду да Бэтвары і Ярдан. І скліканы ўсе Яфрэмляне і перахапілі пераправы цераз ваду Бэтфары і Ярдан;
25. і злавілі двух князёў Мадыямскіх: Арыва і Зіва, і забілі Арыва ў Цур-Арыве, а Зіва ў Екеў-Зіве, і гналі Мадыяніцянаў; а галовы Арыва і Зіва прынесьлі Гедэону за Ярдан.

Суддзі 8:1-35
1. І сказалі яму Яфрэмляне: навошта ты гэта зрабіў, што не паклікаў нас, калі ішоў ваяваць з Мадыяніцянамі? І моцна пасварыліся зь ім.
2. Гедэон адказваў ім: ці зрабіў я што такое, як вы сёньня? ці шчасьлівей Яфрэм дабіраў вінаград, чым Авіезэр абіраў?
3. У вашыя рукі аддаў Бог князёў Мадыямскіх Арыва і Зіва, і што мог я зрабіць такое, як вы? Тады супакоіўся дух іхні супроць яго, калі сказаў ён ім такія словы.
4. І прыйшоў Гедэон да Ярдана, і перайшоў сам і трыста чалавек, якія былі зь ім. Яны былі стомленыя, перасьледуючы ворагаў.
5. І сказаў ён жыхарам Сакхота: дайце хлеба народу, які ідзе за мною; яны стаміліся, а я перасьледую Зэвэя і Салмана, цароў Мадыямскіх.
6. Князі Сакхота сказалі: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб войску твайму даваць хлеб?
7. І сказаў Гедэон: за гэта, калі аддасьць Гасподзь Зэвэя і Салмана ў рукі мае, я разарву цела ваша цярноўнікам пустынным і малацільнымі зубчатымі дошкамі.
8. Адтуль пайшоў ён у Пэнуэл і тое самае сказаў жыхарам яго, і жыхары Пэнуэла адказвалі яму тое самае, што адказвалі жыхары Сакхота.
9. Ён сказаў і жыхарам Пэнуэла: калі я вярнуся ў міры, разбуру вежу гэтую.
10. А Зэвэй і Салман былі ў Каркоры і зь імі іхняе рушэньне да пятнаццаці тысяч, усё, што засталося з усяго рушэньня жыхароў усходу; а загінула сто тысяч чалавек, што агалялі меч.
11. Гедэон пайшоў да тых, што жылі ў намётах на ўсход ад Новы і Ёгбэгі і пабіў табар, калі табар стаяў бясьпечна.
12. Зэвэй і Салман пабеглі; ён пагнаўся за імі і схапіў абодвух цароў Мадыямскіх, Зэвэя і Салмана, і ўвесь табар увёў у замяшаньне.
13. І вярнуўся Гедэон, сын Ёаса, з вайны ад узвышша Хэрэса.
14. І захапіў хлопца з жыхароў Сакхота і выпытаў у яго; і ён напісаў яму князёў і старэйшын Сакхоцкіх семдзесят сем чалавек.
15. І прыйшоў ён да жыхароў Сакхоцкіх і сказаў: вось Зэвэй і Салман, за якіх вы пасьмяяліся зь мяне, кажучы: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб мы давалі хлеб стомленым людзям тваім?
16. І ўзяў старэйшын горада і церне пустэльнае і зубчатыя малацільныя дошкі і пакараў імі жыхароў Сакхота;
17. і вежу Пэнуэльскую разбурыў і перабіў жыхароў горада.
18. І сказаў Зэвэю і Салману: якія былі тыя, якіх вы забілі на Фаворы? Яны сказалі: яны былі такія, як ты, кожны з выгляду сын царскі.
19. Гедэон сказаў: гэта былі браты мае, сыны маці маёй! жывы Гасподзь: калі б вы пакінулі іх жывымі, я не забіў бы вас.
20. І сказаў Эфэру, першынцу свайму: устань, забі іх. Але хлопец не дастаў меча свайго, бо баяўся, бо быў яшчэ малады.
21. І сказалі Зэвэй і Салман: устань сам і забі нас, бо па чалавеку і сіла ягоная. І ўстаў Гедэон, і забіў Зэвэя і Салмана, і ўзяў спражкі, якія былі на шыях у вярблюдаў іхніх.
22. І сказалі Ізраільцяне Гедэону: валодай намі ты і сын твой і сын сына твайго, бо ты выратаваў нас з рук Мадыяніцянаў.
23. Гедэон сказаў ім: ні я ня буду валодаць вамі, ні мой сын ня будзе валодаць вамі; Гасподзь хай валодае вамі.
24. І сказаў ім Гедэон: прашу ў вас аднаго, дайце мне кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
25. Яны сказалі: дамо. І паслалі вопратку і кідалі туды кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
26. Вагі ў залатых завушніцах, якія ён выпрасіў, было тысяча сямсот залатых сікляў, апрача спражак, гузікаў і пурпуровых вопратак, якія былі на царах Мадыямскіх, і апрача ланцужкоў, якія былі на шыі ў вярблюдаў іхніх.
27. З гэтага зрабіў Гедэон эфод і паклаў яго ў сваім горадзе, у Офры, і пачалі ўсе Ізраільцяне блудна хадзіць туды за ім, і быў ён сеткаю Гедэону і ўсяму дому ягонаму.
28. Так упакорыліся Мадыяніцяне сынам Ізраіля і не падымалі ўжо галавы сваёй, і сьцішылася зямля на сорак гадоў у дні Гедэона.
29. І пайшоў Ераваал, сын Ёасаў, і жыў у доме сваім.
30. У Гедэона было семдзесят сыноў, што пайшлі ад сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было многа жонак.
31. Таксама і наложніца, якая жыла ў Сіхеме, нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Авімэлэх.
32. І памёр Гедэон, сын Ёасаў, у глыбокай старасьці, і пахаваны ў магіле бацькі свайго Ёаса, у Офры Авіезэравай.
33. Калі памёр Гедэон, сыны Ізраілевыя зноў пачалі блудна хадзіць сьледам за Вааламі і паставілі сабе за бога Ваалвэрыта;
34. і ня ўзгадвалі сыны Ізраілевыя Госпада Бога свайго, Які выбаўляў іх з рук усіх ворагаў навокал;
35. і дому Ераваалаваму, альбо Гедэонаваму, не зрабілі міласьці за дабрачынствы, якія ён зрабіў Ізраілю.

Псалмы 48:11-21
11. Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым.
12. У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі.
13. Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне.
14. Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць.
15. Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла — жытлішча іхняе.
16. Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне.
17. Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца:
18. бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная,
19. хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро,
20. але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла.
21. Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне.

Прытчы 14:22-24
22. Ці не памыляюцца тыя, што на­мышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.
23. Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.
24. Вянок мудрых — багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.

Лука 15:11-32
11. Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
12. і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
13. Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
14. А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
15. і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
16. і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
17. Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
18. Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
19. і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
20. Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
21. А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
22. А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
23. і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
24. бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
25. А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;
26. і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?
27. Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.
28. Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.
29. Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;
30. а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
31. А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;
32. а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.