Instagram
English
A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 20

Суддзі 5:1-31
1. Таго дня засьпявалі Дэвора і Варак, сын Авінаамаў, такімі словамі:
2. Ізраіль адпомшчаны, народ паказаў руплівасьць, праслаўце Госпада!
3. Слухайце, цары, уважайце, вяльможы: я Госпаду сьпяваю, я граю, Богу Ізраілеваму.
4. Калі Ты выходзіў, Госпадзе, ад Сэіра, калі ішоў з поля Эдомскага, затрэслася зямля, закапала неба, вадою закапалі хмары;
5. раставалі горы ад аблічча Госпада, нават гэты Сінай ад аблічча Госпада, Бога Ізраілевага.
6. У дні Самэгара, сына Анатавага, у дні Яілі, былі пустыя дарогі, і хто раней хадзіў шляхамі простымі, хадзіў тады кружнымі дарогамі.
7. Не засталося насельнікаў у селішчах у Ізраіля, ня стала, пакуль не паўстала я, Дэвора, пакуль не паўстала я, маці ў Ізраіле.
8. Выбралі новых багоў, таму і вайна каля брамы. Ці відны былі шчыт і дзіда ў сарака тысяч Ізраіля?
9. Сэрца маё — вам, правадыры Ізраіля, рупліўцам народным; праслаўце Госпада!
10. Хто езьдзіць на белых асьліцах, хто сядзіць на дыванах і хто ходзіць па дарозе, сьпявайце песьню!
11. Сярод галасоў, што зьбіраюць статкі каля калодзежаў, там хай засьпяваюць хвалу правадырам Ізраіля! Тады выступіў да брамы народ Гасподні.
12. Паўстань, паўстань, Дэвора, паўстань, паўстань! засьпявай песьню! Паўстань, Варак! і вядзі палонных тваіх, сыне Авінаамаў!
13. Тады нямногім з моцных падначаліў Ён народ; Гасподзь падначаліў мне адважных.
14. Ад Яфрэма прыйшлі тыя, што ўкараніліся ў зямлі Амаліка; за табою Веньямін, сярод народу твайго; ад Махіра ішлі правадыры, і ад Завулона тыя, што валодалі трысьцінай пісцовай.
15. І князі Ісахаравыя з Дэвораю, і Ісахар гэтак сама, як Варак, кінуўся ў даліну пешы. У родах Рувімавых вялікая нясуладзіца.
16. Чаго сядзіш ты паміж кашарамі, слухаючы бляяньне авечак? У плямёнах Рувімавых вялікая нясуладзіца.
17. Галаад жыве спакойна за Ярданам, і Дану чаго баяцца з караблямі. Асір сядзіць на беразе мора і каля прыстаняў сваіх жыве спакойна.
18. Завулон — гэта люд, які душу сваю асудзіў на сьмерць, і Нэфталім на вышынях поля.
19. Прыйшлі цары, паваяваліся, тады паваяваліся цары Ханаанскія ў Танааху і каля водаў Магідонскіх, але не атрымалі ніякага срэбра.
20. Зь неба ваявалі зоркі, са шляхоў сваіх ваявалі зь Сісарам.
21. Паток Кісон падхапіў іх, паток Кедумім, паток Кісон. Тапчы, душа мая, сілу!
22. Тады ламаліся капыты конскія ад уцёкаў, ад уцёкаў борздых ягоных.
23. Праклянеце Мэроз, кажа анёл Гасподні, праклянеце жыхароў яго за тое, што ня прыйшлі на дапамогу Госпаду, на дапамогу Госпаду з адважнымі.
24. Хай будзе дабраславёная сярод жанчын Яіль, жонка Хэвэра Кенэяніна, сярод жанчын у намётах хай будзе дабраславёная!
25. Вады папрасіў ён: малака прынесла яна, у чары вяльможніцкай падала малака выдатнага.
26. Руку левую працягнула яна да кала, а сваю правую да малатка работніцкага; ударыла Сісару, прабіла галаву ягоную, разьбіла і пранізала скроню яму.
27. І схіліўся да ног яе, упаў і ляжаў, да ног яе схіліўся, упаў: дзе схіліўся, там і ўпаў забіты.
28. У акно выглядае й галосіць маці Сісаравая праз рашотку: чаму доўга ня йдзе яго коньніца, чаго замарудзілі колы яго калясьніц?
29. Рассудлівыя зь яе каляжанак ёй адказалі, і сама яна адказвае на пытаньні свае:
30. знайшлі яны, мабыць, і дзеляць здабычу, па дзяўчыне, па дзьве дзяўчыны на кожнага воіна, лупам дасталася каляровая вопратка Сісару, тканіна дасталася ў луп каляровая, вышываная паабапал, у палоннага зь плячэй зьнятая.
31. Так няхай прападуць усе ворагі Твае, Госпадзе! а хто любіць Яго, няхай будзе, як сонца, што ўзыходзіць у поўнай моцы сваёй! — І сьцішылася зямля на сорак гадоў.

Суддзі 6:1-40
1. Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Мадыяніцянам на сем гадоў.
2. Цяжкая была рука ў Мадыяніцянаў над Ізраілем, і сыны Ізраілевыя зрабілі сабе ад Мадыяніцянаў цясьніны ў гарах і пячоры і ўмацаваньні.
3. Калі пасее Ізраіль, прыйдуць Мадыяніцяне і Амалікіцяне, і жыхары ўсходу і ходзяць у іх;
4. і стаяць у іх намётамі, і зьнішчаюць створанае зямлёю да самай Газы, і не пакідаюць на пракорм Ізраілю ні авечкі, ні вала, ні асла.
5. Бо яны прыходзілі з быдлам сваім і з намётамі сваімі, прыходзілі ў такім мностве, як саранча; ім і вярблюдам іхнім ня было ліку, і хадзілі па зямлі Ізраілевай, спусташаючы яе.
6. І вельмі згалеў Ізраіль ад Мадыяніцянаў, і заенчылі сыны Ізраіля да Госпада.
7. І калі заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада на Мадыяніцянаў,
8. паслаў Гасподзь прарока да сыноў Ізраілевых, і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў вас зь Егіпта, вывеў вас з дома рабства;
9. выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі ўсіх прыгнятальнікаў вашых, прагнаў іх ад вас, і даў вам зямлю іхнюю,
10. і сказаў вам: "Я — Гасподзь Бог ваш; не шануйце божышчаў Амарэйскіх, у зямлі якіх вы жывяце"; але вы не паслухаліся голасу Майго.
11. І прыйшоў анёл Гасподні і сеў у Офры пад дубам, які належаў Ёасу, наступцу Авіезэраваму: сын Яго Гедэон малаціў тады пшаніцу ў чавільні, каб схавацца ад Мадыяніцянаў.
12. І явіўся яму анёл Гасподні і сказаў яму: Гасподзь з табою, муж дужы!
13. Гедэон сказаў яму: гаспадару мой! калі Гасподзь з намі, дык чаму спасьцігла нас усё гэта? і дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: "зь Егіпта вывеў нас Гасподзь"? цяпер пакінуў нас Гасподзь і аддаў нас у рукі Мадыяніцянам.
14. Гасподзь, паглядзеўшы на яго, сказаў: ідзі з гэтаю сілаю тваёю і выратуй Ізраіля ад рукі Мадыяніцянаў; Я пасылаю цябе.
15. Гедэон сказаў Яму: Госпадзе! як уратую я Ізраіля! вось, і род мой у племі Манасііным самы бедны, і я ў доме ў бацькі майго наймаладзейшы.
16. І сказаў яму Гасподзь: Я буду з табою, і ты паб'еш Мадыяніцянаў, як аднаго чалавека.
17. Гедэон сказаў Яму: калі я здабыў ласку перад вачамі Тваімі, дык зрабі мне азнаку, што Ты гаворыш са мною:
18. ня йдзі адгэтуль, пакуль я ня прыйду да цябе і не прынясу дарунку майго і не прапаную Табе. Ён сказаў: Я застануся, пакуль ты ня вернешся.
19. Гедэон пайшоў і прыгатаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі; мяса паклаў у кош, а ўзвар уліў у горшчык і прынёс да Яго пад дуб і прапанаваў.
20. І сказаў яму анёл Божы: вазьмі мяса і праснакі, і пакладзі на гэты камень, і вылі ўзвар. Ён так і зрабіў.
21. Анёл Гасподні, працягнуўшы канец жазла, якое было ў руцэ ў яго, дакрануўся да мяса і праснакоў; і выйшаў агонь з каменя і паеў мяса і праснакі; і анёл Гасподні зьнік з вачэй ягоных.
22. І ўбачыў Гедэон, што гэта анёл Гасподні, і сказаў Гедэон:гора мне, Уладыка Госпадзе! бо я бачыў анёла Гасподняга твар у твар.
23. Гасподзь сказаў яму: мір табе, ня бойся не памрэш.
24. І зладзіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: Ягова Шалом . Ён яшчэ і сёньня ў Офры Авіезэравай.
25. У тую ноч сказаў яму Гасподзь: вазьмі цяля са статку бацькі твайго і другое цяля сямігадовае, і развалі ахвярнік Ваала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвяшчэннае дрэва, якое каля яго,
26. і збудуй ахвярнік Госпаду Богу твайму, на вяршыне скалы гэтай, у парадку, і вазьмі другое цяля і прынясі на цэласпаленьне на дровах з дрэва, якое сьсячэш.
27. Гедэон узяў дзесяць чалавек з рабоў сваіх і зрабіў, як казаў яму Гасподзь; але як што зрабіць гэта ўдзень ён баяўся хатніх бацькі свайго і жыхароў горада, дык зрабіў уначы.
28. Раніцай усталі жыхары горада, і вось, ахвярнік Ваалаў разбураны, і дрэва каля яго сьсечана, і другое цяля прынесена на цэласпаленьне на ягоным ахвярніку.
29. І гаварылі адзін аднаму: хто гэта зрабіў? Шукалі, распытвалі і сказалі: Гедэон, сын Ёасаў, зрабіў гэта.
30. І сказалі жыхары горада Ёасу: выведзі сына твайго: ён мусіць памерці за тое, што разбурыў ахвярнік Ваала і сьсек дрэва, якое было каля яго.
31. Ёас сказаў усім, што падступіліся да яго: ці вам заступацца за Ваала, ці вам абараняць яго? хто заступіцца за яго, той будзе аддадзены сьмерці гэтай самай раніцы; калі ён Бог, дык няхай сам заступіцца за сябе, бо ён разбурыў ахвярнік ягоны.
32. І пачаў зваць яго з таго дня Ераваалам, бо сказаў: хай Ваал сам судзіцца зь ім за тое, што ён разбурыў ахвярнік ягоны.
33. Тым часам усе Мадыяніцяне і Амалікіцяне і жыхары ўсходу сабраліся разам у даліне Ізрээльскай.
34. І дух Гасподні агарнуў Гедэона; ён затрубіў у трубу, і пакліканы быў род Авіязэраў ісьці за ім.
35. І паслаў паслоў па ўсім племі Манасііным, і яно азвалася ісьці за ім; паслаў таксама паслоў да Асіра, Завулона і Нэфталіма, і гэтыя пайшлі насустрач ім.
36. І сказаў Гедэон Богу: калі Ты выратуеш Ізраіля рукою маёю, як казаў Ты,
37. дык вось, я пасьцялю ў гумне стрыжаную воўну: калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі суха, дык буду ведаць, што выратуеш рукою маёю Ізраіля, як казаў Ты.
38. Так і сталася: на другі дзень, устаўшы рана, ён пачаў выціскаць воўну і выціснуў з воўны расы цэлую чару вады.
39. І сказаў Гедэор Богу: ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз скажу і яшчэ толькі адзін раз учыню выпрабаваньне над воўнаю: хай будзе суха на адной толькі воўне, а на ўсёй зямлі хай будзе раса.
40. Бог так і зрабіў у тую ноч: толькі на воўне было суха, а на ўсёй зямлі была раса.

Псалмы 48:1-10
1. Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.
2. Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце,
3. і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны;
4. вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго — веданьне.
5. Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе:
6. "чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных",
7. якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца?
8. Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу;
9. бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек,
10. каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы.

Прытчы 14:20-21
20. Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.
21. Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.

Лука 15:1-10
1. Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
2. А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі.
3. Але Ён сказаў ім наступную прытчу:
4. хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе?
5. А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;
6. і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку.
7. Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяць праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні.
8. Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
9. А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму,
10. Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.