A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 12

Ісуса Нававага 13:1-33
1. Калі Ісус пастарэў, увайшоў усталы век, тады Гасподзь сказаў яму: ты састарыўся, увайшоў у сталы век, а зямлі браць у спадчыну застаецца яшчэ многа.
2. Застаецца гэта зямля: усе акругі Філістымскія і ўся зямля Гесурская.
3. Ад Сіхора, што перад Егіптам, да межаў Экрона на поўнач, лічацца Ханаанскімі пяць валадароў Філістымскіх: Газскі, Азоцкі, Аскалонскі, Гэцкі, Экронскі і Эвэйскі,
4. а на поўдзень уся зямля Ханаанская ад Мэары Сідонскай да Афэка, да межаў Амарэйскіх,
5. таксама зямля Геўла і ўвесь Ліван на ўсход сонца ад Ваал-Гада, каля гары Эрмона, да ўваходу ў Эмат.
6. Усіх горных жыхароў ад Лівана да Місрэфот-Маіма, усіх Сіданянаў Я праганю ад аблічча сыноў Ізраілевых. Падзялі ж яе ў надзел Ізраілю, як Я загадаў табе:
7. падзялі зямлю гэтую ў надзел дзевяці плямёнам і палавіне калена Манасіінага.
8. А калена Рувімавае і Гадавае з другою палавінаю калена Манасіінага атрымалі надзел свой ад Майсея за Ярданам на ўсход, як даў ім Майсей, раб Гасподні,
9. ад Араэра, які на беразе патока Арнона, і горад, які сярод патока, і ўсю раўніну Мэлдэву да Дывона;
10. таксама ўсе гарады Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, да межаў Аманіцкіх,
11. таксама Галаал і вобласьць Гесурскую і Маахскую, і ўсю гару Эрмон і ўвесь Васан да Салхі,
12. усё царства Ога Васанскага, які цараваў у Аштароце і ў Эдрэі. Ён заставаўся адзін з Рэфаімаў, якіх Майсей пабіў і прагнаў.
13. Але сыны Ізраілевыя ня выгналі сыноў Гесура і Маахі, і жыве Гесур і Мааха сярод Ізраіля да сёньня.
14. Толькі калену Лявіінаму ня даў ён надзелу: ахвяры Госпада Бога Ізраілевага вось надзел ягоны, як сказаў яму Гасподзь.
15. калену сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх даў надзел Майсей:
16. Мяжою іх быў Араэр, які на беразе патока Арнона, і горад, які сярод патока, і ўся раўніна каля Мэдэвы,
17. Эсэвон і ўсе гарады яго, якія на раўніне, і Дывон, Вамот-Ваал і Бэт-Мэон,
18. Яаца, Кедэмот і Мэфаат,
19. Кірыятаім, Сіўма і Цэрэт-Шахар на гары Эмэк,
20. Бэт-Фэгор і мясьціны ля падножжа Фасгі і Бэт-Ешымот,
21. і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, якога забіў Майсей як і правадыроў Мадыямскіх, Эвія і Рэкема, і Цура і Хура і Рэву, князёў Сігонавых, якія жылі ў зямлі той;
22. таксама Валаама, сына Вэоравага, празарліўца, забілі сыны Ізраілевыя мечам у ліку забітых імі.
23. Мяжою сыноў Рувімавых быў Ярдан. Вось надзел сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.
24. Майсей даў таксама надзел калену Гадаваму, сынам Гадавым, паводле плямёнаў іхніх:
25. мяжою іхняй быў Язэр і ўсе гарады Галаадскія, і палавіна зямлі сыноў Амонавых да Араэра, што перад Раваю,
26. і землі ад Эсэвона Рамат-Міцфы і Вэтаніма і ад Маханаіма да межаў Давіра,
27. і ў даліне Бэт-Гарам і Бэт-Німра і Сакхот і Цафон, рэшта царства Сігонавага, цара Эсэвонскага; мяжою яго быў Ярдан да мора Хінэрэцкага за Ярданам на ўсход.
28. Вось надзел сыноў Гадавых паводле родаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.
29. Майсей даў надзел і палавіне племя Манасіінага, які належаў палавіне племя сыноў Манасііных, паводле родаў іхніх;
30. мяжа іх была: ад Маханаіма ўвесь Васан, усё валадарства Ога, цара Васанскага, і ўсе селішчы Яіравыя, што ў Васане, шэсьцьдзясят гарадоў;
31. а палавіна Галаада і Астарот і Эдрэя, царскія гарады Ога Васанскага, сынам Махіра, сына Манасіінага, палавіне сыноў Махіравых, паводле родаў іхніх.
32. Вось, што Майсей даў у надзел на раўнінах Маавіцкіх за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.
33. А племю Лявіінаму Майсей ня даў надзелу: Гасподзь Бог Ізраілеў Сам ёсьць надзел іхні, як Ён казаў ім.

Ісуса Нававага 14:1-15
1. Вось, што атрымалі ў надзел сыны Ізраілевыя ў зямлі Ханаанскай, што падзяліў ім у надзел Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў у пялмёнах сыноў Ізраілевых;
2. па жэрабі дзялілі яны, як загадаў Гасподзь праз Майсея, дзевяці плямёнам і палавіне племя Манасіінага,
3. бо двум плямёнам і палавіне племені Гасподзь даў надзел за Ярданам, а лявітам ня даў надзелу сярод іх;
4. бо ад сыноў Язэпавых пайшлі два племені: Манасіінае і Яфрэмавае: таму яны і не далі лявітам часткі ў зямлі, а толькі гарады на жыхарства з прадмесьцямі іх пад быдла іхняе і дзеля выгодаў іхніх.
5. Як загадаў Гасподзь Майсею, так зрабілі сыны Ізраілевыя, калі дзялілі надзелы.
6. Сыны Юдавыя прыйшлі ў Галгал да Ісуса. І сказаў яму Халеў, сын Ефаніі, Кенэзіянін: ты ведаеш, што казаў Гасподзь Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэс-Варне:
7. мне было сорак гадоў, калі Майсей, раб Гасподні, пасылаў мяне з Кадэс-Варні агледзець зямлю, і я прынёс яму адказ, што было ў мяне на сэрцы:
8. браты мае, якія хадзілі са мною, прывялі ў нясьмеласьць сэрца народу, а я дакладна сьледаваў Госпаду Богу майму;
9. і прысягаў Майсей таго дня і сказаў: "зямля, па якой хадзіла нага твая, будзе надзелам табе і дзецям тваім вавек, бо ты дакладна пасьледаваў Госпаду Богу майму";
10. дык вось, Гасподзь пакінуў мяне жывога, як Ён казаў; ужо сорак пяць гадоў прайшло з таго часу, калі Гасподзь сказаў Майсею слова гэтае, і Ізраіль хадзіў па пустыні; цяпер, вось, мне восемдзесят пяць гадоў;
11. але і цяпер я такі самы моцны, як і тады, калі пасылаў мяне Майсей: колькі тады ў мяне было сілы, столькі і цяпер ёсьць на тое, каб ваяваць і выходзіць і ўваходзіць;
12. дык вось, дай мне гэтую гару, пра якую казаў Гасподзь у той дзень; бо ты чуў у той дзень, што там сыны Энакавыя, і гарады ў іх вялікія і ўмацаваныя; магчыма, Гасподзь са мною, і я выганю іх, як казаў Гасподзь.
13. Ісус дабраславіў яго, і даў у надзел Халеву, сыну Ефаніінаму, Хэўрон.
14. Такім чынам Хэўрон застаўся надзелам Халева, сына Ефаніінага, Кенэзіяніна, да сёньня, за тое, што ён пайшоў за Госпадам Богам Ізраілевым.
15. Імя ў Хэўрона раней было Кірыят-Арбы, як называўся сярод сыноў Энака адзін чалавек вялікі. І зямля супакоілася ад вайны.

Псалмы 43:21-27
21. Калі б мы забыліся імя Бога нашага і працягнулі рукі нашы да Бога чужога,
22. дык ці не спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца.
23. Але за Цябе забіваюць нас кожнага дня, прымаюць нас за авечак ахвярных...
24. Паўстань, чаго сьпіш, Госпадзе! прачніся, не адкінь назаўсёды.
25. Навошта хаваеш аблічча Тваё, забываеш пра скруху нашу і пра нашыя ўціскі?
26. бо душа наша зьніжаная да пылу, і да зямлі наша цела прыпала.
27. Паўстань жа на дапамогу нам, і дзеля ласкі Тваёй выратуй нас.

Прытчы 14:3-3
3. У вуснах у немысьля — біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.

Лука 11:1-28
1. Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.
2. Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: "Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі,
3. як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень;
4. і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога".
5. І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы,
6. бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму;
7. а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе.
8. Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
9. І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
10. бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
11. Які з вас бацька, калі сын папросіць у яго хлеба, падасьць яму камень? альбо калі папросіць рыбы, падасьць яму зьмяю, замест рыбы?
12. альбо, калі папросіць яйка, падасьць яму скарпіёна?
13. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце даньні добрыя даваць дзецям вашым, тым болей Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто просіць у Яго.
14. Аднаго разу выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і калі дэман выйшаў, нямы загаварыў; і людзі зьдзівіліся.
15. А некаторыя зь іх казалі: Ён выганяў дэманаў сілаю вэльзэвула, князя дэманскага.
16. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго азнакі зь неба.
17. Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее, і дом, які разьдзяліўся сам у сабе, зруйнуецца.
18. А калі і сатана разьдзеліцца сам у сабе, дык як устоіць царства ягонае? а вы кажаце, што я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў.
19. І калі Я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў, дык сыны вашыя чыёй сілаю выганяюць іх? А таму яны будуць вам за судзьдзяў.
20. А калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, дык напэўна ж дасягнула да вас Царства Божае.
21. Калі дужы са зброяй ахоўвае свой дом, тады ў бясьпецы ягоная маёмасьць;
22. а калі дужэйшы за яго нападае на яго і пераможа яго, тады возьме ўсю зброю ягоную, на якую ён спадзяваўся, і падзеліць захопленае ў яго.
23. Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
24. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык ходзіць па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.
25. І прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
26. тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае.
27. Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі!
28. А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго.