Instagram
English
A A A A A
Ісуса Нававага 23:1-16
1. Праз многа часу пасьля таго, як Гасподзь супакоіў Ізраіля ад усіх ворагаў ягоных з усіх бакоў, Ісус састарыўся, увайшоў у сталы век.
2. І склікаў Ісус усіх сыноў Ізраілевых, старэйшынаў іхніх, судзьдзяў іхніх і наглядчыкаў іхніх, і сказаў ім: я састарыўся, увайшоў у сталы век.
3. Вы бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь Бог ваш перад абліччам вашым з усімі гэтымі народамі, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаўся за вас.
4. Вось, я падзяліў вам па жэрабі астаткі народаў гэтых у надзел плямёнам вашым, усе народы, якія я вынішчыў, ад Ярдана да вялікага мора, на захад сонца.
5. Гасподзь Бог ваш Сам прагоніць іх ад вас; і зьнішчыць іх перад вамі, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, як казаў Гасподзь Бог ваш.
6. Таму ва ўсёй дакладнасьці старайцеся захоўваць і выконваць напісанае ў кнізе закона Майсеевага, ня ўхіляйцеся ад яго ні направа, ні налева.
7. Ня зносьцеся з гэтымі народамі, якія засталіся сярод вас, ня ўзгадвайце імёнаў божышчаў іхніх, не прысягайце і ня служэце ім і не пакланяйцеся ім,
8. а прыляпецеся да Госпада Бога вашага, як вы рабілі да гэтага дня.
9. Гасподзь прагнаў ад вас народы вялікія і моцныя, і перад вамі ніхто ня ўстояў да сёньня;
10. адзін з вас праганяе тысячу, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаецца за вас, як казаў вам.
11. Таму ўсяляк старайцеся любіць Госпада Бога вашага.
12. Калі ж вы адвернецеся і прыстанеце да пазасталых з народаў гэтых, якія засталіся сярод вас, і ўступеце ў роднасьць зь імі і будзеце хадзіць да іх і яны да вас.
13. Дык ведайце, што Гасподзь Бог ваш ня будзе ўжо праганяць ад вас народы гэтыя, а яны будуць вам пятлёю і сеткаю, бічом на рэбры вашыя і цернем у вочы вашыя, пакуль ня будзеце вынішчаныя з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.
14. Вось, я сёньня адыходжу на шлях усёй зямлі. А вы ведаеце ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю, што не засталося марным ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія гаварыў пра вас Гасподзь Бог ваш: усё збылося дзеля вас, ніводнае слова не засталося няспраўджаным.
15. Але як збылося над вамі усякае добрае слова, якое гаварыў вам Гасподзь Бог ваш, так Гасподзь Бог ваш выканае над вамі ўсякае ліхое слова, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.
16. Калі вы пераступіце запавет Госпада Бога вашага, які Ён пастанавіў вам, і пойдзеце і будзеце служыць іншым багам і пакланяцца ім, дык загарыцца на вас гнеў Гасподні, і хутка згінеце з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь.

Ісуса Нававага 24:1-33
1. І сабраў Ісус усе плямёны Ізраілевыя ў Сіхем і склікаў старэйшынаў Ізраіля і правадыроў яго, і судзьдзяў яго і наглядчыкаў яго, і сталі перад Богам.
2. І сказаў Ісус усяму народу: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: "за ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тара, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам.
3. Але Я ўзяў бацьку вашага Абрагама з-за ракі і вадзіў яго па ўсёй зямлі Ханаанскай, і памножыў семя ягонае і даў яму Ісаака.
4. Ісааку даў Якава і Ісава. Ісаву даў Я гару Сэір у спадчыну; а Якаў і сыны ягоныя перайшлі ў Егіпет.
5. І паслаў Я Майсея і Аарона і пакараў Егіпет пошасьцямі, якія ўчыніў Я сярод яго, і потым вывеў вас.
6. Я вывеў бацькоў вашых зь Егіпта, і вы прыйшлі да мора. Тады Егіпцяне гналіся за бацькамі вашымі з калясьніцамі і вершнікамі да Чэрмнага мора.
7. Але яны заенчылі да Госпада, і Ён паклаў цемру паміж вамі і Егіпцянамі і навёў на іх мора, якое іх і накрыла. Вочы вашыя бачылі, што Я зрабіў у Егіпце. Многа часу прабылі вы ў пустыні.
8. І прывёў Я вас да зямлі Амарэяў, якія жылі за Ярданам; яны ўступілі ў бітву з вамі, але Я аддаў іх у рукі вашыя, і вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, і Я вынішчыў іх перад вамі.
9. Паўстаў Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, і пайшоў вайною на Ізраіля, паслаў і паклікаў Валаама, сына Вэоравага, каб ён пракляў вас;
10. але Я не хацеў слухаць Валаама,— і ён дабраславіў вас, і Я выбавіў вас з рук ягоных.
11. Вы перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ерыхона. І пачалі ваяваць з вамі жыхары Ерыхона, Амарэі і Фэрэзэі, і Хананэі і Хэтэі, і Гергесэі і Эвэі і Евусэі, але Я аддаў іх у вашыя рукі.
12. Я паслаў перад вамі шаршнёў, якія прагналі іх ад вас, двух цароў Амарэйскіх, ня мечам тваім і ня лукам тваім зроблена гэта.
13. І даў Я вам зямлю, на якой ты не працаваў, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх; зь вінаградных і аліўкавых садоў, якіх вы не садзілі, вы ясьце плады.
14. Дык вось, бойцеся Бога і служэце Яму ў чысьціні і шчырасьці; адкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя за ракою ў Егіпце, а служэце Госпаду.
15. Калі ж не спадоба вам служыць Госпаду, дык выберыце сабе сёньня, каму служыць, ці багам, якім служылі бацькі вашыя, што былі за ракою, ці багам Амарэяў, у зямлі якіх жывяце; а я і дом мой будзем служыць Госпаду.
16. І адказваў народ і сказаў: не, ня будзе таго, каб мы пакінулі Госпада і пачалі служыць іншым багам!
17. Бо Гасподзь — Бог наш, Ён вывеў нас і бацькоў нашых зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства, і рабіў перад вачамі нашымі вялікія азнакі і захоўваў нас на ўсім шляху, па якім мы ішлі, і сярод усіх народаў, празь якія мы праходзілі.
18. Гасподзь прагнаў ад нас усе народы і Амарэяў, якія жылі ў гэтай зямлі. Таму і мы служыцьмем Госпаду, бо Ён — Бог наш.
19. Ісус сказаў народу: ня зможаце служыць Госпаду, бо Ён Бог сьвяты, Бог руплівец, не пацерпіць беззаконьня вашага і грахоў вашых.
20. Калі вы пакінеце Госпада і будзеце служыць чужым багам, дык Ён навядзе на вас ліха і вынішчыць вас, пасьля таго як дабрачыніў вам.
21. І сказаў народ Ісусу: не, мы Госпаду будзем служыць.
22. Ісус сказаў народу: вы сьведкі за сябе, што выбралі вы сабе Госпада — служыць Яму? Яны адказалі: сьведкі.
23. Дык вось, адкіньце чужых багоў, якія ў вас, і павярнеце сэрца сваё да Госпада Бога Ізраілевага.
24. Народ сказаў Ісусу: Госпаду Богу нашаму будзем служыць і голасу Яго будзем слухацца.
25. І заключыў Ісус з народам запавет у той дзень і даў яму пастановы і закон у Сіхеме.
26. І ўпісаў Ісус словы гэтыя ў кнігу закона Божага, і ўзяў вялікі камень, і паклаў яго там пад дубам, які каля сьвятыні Гасподняй.
27. І сказаў Ісус усяму народу: вось камень гэты будзе нам сьведка, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Ён гаварыў з намі; ён хай будзе сьведка супроць вас, каб вы не зманілі перад Богам вашым.
28. І адпусьціў Ісус народ, кожнага ў свой надзел.
29. Пасьля гэтага памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, было яму сто дзесяць гадоў.
30. І пахавалі яго ў межах яго надзелу ў Тамнат-Сараі, што на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша.
31. І служыў Ізраіль Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса, і якія бачылі ўсе дзеі Госпада, якія Ён учыніў Ізраілю.
32. І косьці Язэпа, якія вынесьлі сыны Ізраіля зь Егіпта, пахавалі ў Сіхеме, на дзялянцы поля, якое купіў Якаў у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага за сто манет і якое дасталася ў надзел сынам Язэпавым.
33. Памёр і Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго на пагорку Фінээса, сына ягонага, які дадзены яму на гары Яфрэмавай.

Псалмы 46:1-10
1. Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.
2. Пляскайце ў далоні, усе народы, клікніце Богу голасам радасьці;
3. бо Гасподзь Усявышні грозны, — вялікі Цар над усёю зямлёю;
4. скарыў нам народы і плямёны пад ногі нашыя;
5. выбраў нам спадчыну нашу, красу Якава, якога палюбіў.
6. Узышоў Бог пад воклічы, Гасподзь пад гукі трубныя.
7. Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце цару нашаму, сьпявайце;
8. бо Бог — Цар усёй зямлі; сьпявайце ўсе разумна.
9. Бог зацараваў над народамі, Бог сеў на сьвятым троне Сваім;
10. сабраліся валадары народаў да народу Бога Абрагамавага; бо шчыты зямлі — Божыя; Ён узьнесены над намі.

Прытчы 14:14-14
14. Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры — ад сваіх.

Лука 13:23-35
23. Нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо мала тых, што ратуюцца? А Ён сказаў ім:
24. імкнецеся ўвайсьці праз вузкую браму, бо, маўляю вам, многія паспрабуюць увайсьці і ня здолеюць.
25. Калі гаспадар дома ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы знадворку, пачняце стукаць у дзьверы і казаць: "Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам", але Ён скажа вам у адказ: "ня ведаю вас, адкуль вы";
26. тады пачняце казаць: "мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых вучыў Ты".
27. Але Ён скажа: "кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду".
28. Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе выгнанцамі.
29. І прыйдуць з усходу і з захаду, і поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Царстве Божым.
30. І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ёсьць першыя, што будуць апошнімі.
31. У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.
32. І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэці дзень скончу;
33. а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
34. Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
35. Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!