A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 11

Ісуса Нававага 11:1-23
1. Пачуўшы гэта, Явін, цар Асорскі, паслаў да Ёвава, цара Мадонскага, і да цара Шымронскага, і да цара Ахсафскага,
2. і да цароў, якія жылі на поўначы на гары і на раўніне з паўднёвага боку Хінэрота, і на нізкіх мясьцінах, і ў Нафот-Доры на захад,
3. да Хананэяў, якія жылі на ўсход і да мора, да Амарэяў і Хэтэяў, да Фэрэзэяў і да Евусэяў, якія жылі на гары, і да Эвэяў, якія жылі каля Эрмона ў зямлі Масіфе.
4. І выступілі яны і ўсё рушэньне іхняе зь імі шматлікі народ, які мноствам раўняўся пяску марскому на беразе; і коней і калясьніц было вельмі многа.
5. І сабраліся ўсе цары гэтыя, і прыйшлі і разьмясьціліся табарам разам каля водаў Мэромскіх, каб зацяцца зь Ізраілем.
6. Але Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся іх, бо заўтра, пад гэты самы час, Я аддам усіх на пабіваньне Ізраілю; а коням іхнім падрэж жылы і калясьніцы іхнія спалі агнём.
7. Ісус і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, неспадзявана выйшлі на іх да водаў Мэромскіх і напалі на іх.
8. І аддаў іх Гасподзь у рукі Ізраільцянам, і пабілі яны іх, і гналіся за імі да Сідона вялікага і да Місрэфот-Маіма і да даліны Міцфы на ўсход, і перабілі іх, так што нікога зь іх не засталося, хто ацалеў бы.
9. І абышоўся Ісус зь імі так, як сказаў яму Гасподзь: коням іх перарэзаў жылы і калясьніцы іхнія спаліў агнём.
10. Тым самым часам Ісус, вярнуўшыся, узяў Асор і цара яго забіў мечам;
11. і пабілі ўсё, што дыхала, што было ў ім, мечам, пракляўшы: не засталося ніводнай душы; а Асор спаліў ён агнём.
12. І ўсе гарады цароў гэтых і ўсіх цароў іх узяў Ісус і пабіў мечам, пракляўшы іх, як загадаў Майсей, раб Гасподні;
13. зрэшты, усе гарады, што ляжалі на ўзвышшы, не палілі Ізраільцяне, апрача аднаго Асора, які спаліў Ісус.
14. А ўсю здабычу з гарадоў гэтых і быдла разрабавалі сыны Ізраілевыя сабе; а людзей усіх перабілі мечам, так што вынішчылі ўсіх іх: не пакінулі ніводнай душы.
15. Як загадаў Гасподзь Майсею, рабу Свайму, так Майсей наказаў Ісусу, а Ісус так і зрабіў: не адступіўся ад ніводнага слова ва ўсім, што загадаў Гасподзь Майсею.
16. Такім чынам Ісус узяў усю гэтую нагорную зямлю, усю зямлю паўднёвую, усю зямлю Гашэн і нізінныя мясьціны, і раўніну і гару Ізраілевую, і нізінныя мясьціны каля гары,
17. ад гары Халак, якая прасьціраецца да Сэіра, да Ваал-Гада ў даліне Ліванскай, каля гары Эрмона, і ўсіх цароў іх узяў, пабіў іх і пазабіваў.
18. Доўгі час Ісус вёў вайну з усімі гэтымі царамі.
19. ня было горада, як заключыў бы мір з сынамі Ізраілевымі, акрамя Эвэяў, жыхароў Гаваона: усё ўзялі яны вайною;
20. бо ад Госпада было тое, што яны зжарсьцьвілі сэрца сваё і вайною сустракалі Ізраіля — дзеля таго, каб былі праклятыя і каб ня было ім літасьці, а каб зьнішчаны былі так, як загадаў Гасподзь Майсею.
21. Тым самым часам прыйшоў Ісус і пабіў Энакімаў на гары, у Хэўроне, у Давіры, у Анаве, на ўсёй гары Юдавай і на ўсёй гары Ізраілевай; з гарадамі іхнімі аддаў іх Ісус праклёну;
22. не засталося ніводнага з Энакімаў у зямлі сыноў Ізраілевых, засталіся толькі ў Газе, у Гэце і ў Азоце.
23. Такім чынам узяў Ісус усю зямлю, як казаў Гасподзь Майсею, і аддаў яе Ісус Ізраільцянам, разьдзельна па плямёнах іхніх. І супакоілася зямля ад вайны.

Ісуса Нававага 12:1-24
1. Вось цары той зямлі, якіх пабілі сыны Ізраілевыя і зямлю якіх узялі ў спадчыну па той бок Ярдана на ўсход сонца, ад патока Арнона да гары Эрмона, і ўсю раўніну на ўсход:
2. Сігон, цар Амарэйскі, які жыў у Эсэвоне і валодаў ад Араера, што каля берага патока Арнона, і ад сярэдзіны патока палавінаю Галаада, да патока Явока, мяжы Аманіцянаў,
3. і раўнінаю да самага мора Хінэрэцкага на ўсход і да мора раўніны, мора Салёнага, на ўсход па дарозе да Бэт-Эшымота, а на поўдзень мясьцінамі каля падножжа Фасгі.
4. Сумежны Ог, цар Васанскі, апошні з Рэфаімаў, які жыў у Астароце і ў Эдрэі,
5. і валодаў гарою Эрмонам і Салхою, і ўсім Васанам, да мяжы Гесурскай і Маахскай, і палавінаю Галаада, да мяжы Сігона, цара Эсэвонскага.
6. Майсей, раб Гасподні, і сыны Ізраілевыя забілі іх; і даў яе Майсей, раб Гасподні, у спадчыну племю Рувімаваму, і Гадаваму і палавіне племя Манасіінага.
7. І вось цары зямлі, якіх пабіў Ісус і сыны Ізраілевыя па гэты бок Ярдана на захад, ад Ваал-Гада ў даліне Ліванскай да Халака, гары, што прасьціраецца да Сэіра, якую аддаў Ісус плямёнам Ізраілевым у спадчыну, пасьля палдзелу іх,
8. на гары, на нізінных мясьцінах, на раўніне, на мясьцінах каля гор, і ў пустыні і на поўдні, Хэтэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў:
9. адзін цар Ерыхона, адзін цар Гая, што каля Вэтыля,
10. адзін цар Ерусаліма, адзін цар Хэўрона,
11. адзін цар Ярмута, адзін цар Лахіса,
12. адзін цар Эглона, адзін цар Газэра,
13. адзін цар Давіра, адзін цар Гадэра,
14. адзін цар Хормы, адзін цар Арада,
15. адзін цар Ліўны, адзін цар Адалама,
16. адзін цар Македа, адзін цар Вэтыля,
17. адзін цар Тапуаха,адзін цар Хэфэра,
18. адзін цар Афэка, адзін цар Шарона,
19. адзін цар Мадона, адзін цар Асора,
20. адзін цар Шымрон-Мэрона, адзін цар Ахсафа,
21. адзін цар Таанаха, адзін цар Мэгідона,
22. адзін цар Кедэса, адзін цар Ёкнэама каля Кармілы,
23. адзін цар Дора каля Нафат-Дора, адзін цар Гаіма ў Галгале,
24. адзін цар Тырцы. Усіх цароў трыццаць адзін.

Псалмы 43:5-20
5. Божа, Цару мой! Ты — той самы; даруй ратунак Якаву.
6. З табою паборам рагамі супраціўнікаў нашых; у імя Тваё патопчам нагамі і тых, што паўсталі на нас;
7. бо не на лук мой спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне;
8. а Ты ўратуеш нас ад ворагаў нашых, і пасароміш ненавісьнікаў нашых.
9. Хваліцьмемся Богам штодня, і імя Тваё будзем славіць вечна.
10. Ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў, і ня выходзіш з войскам нашым,
11. змусіў нас уцякаць ад ворага, і ненавісьнікі нашы рабуюць нас;
12. Ты аддаў нас, як авечак, на поед, і расьсеяў нас між народамі;
13. бяз выгоды прадаў Ты народ Твой, і не падвысіў яму цаны;
14. аддаў нас на зьдзекі суседзям, на глум і зьнявагу наўкольным;
15. Ты зрабіў нас пагудкаю паміж народамі, і галавою хітаюць народы з нас.
16. Кожны дзень зьнявага мая перада мною, і сорам на твары маім
17. ад голасу паклёпнікаў і зьняважнікаў, ад позіркаў ворага і помсьніка:
18. усё гэта найшло на нас; але мы не забылі Цябе і запавету Твайго не парушылі.
19. Не адступілася сэрца наша, і ня ўхіліліся нашыя ногі ад дарогі Тваёй,
20. калі скрышыў Ты нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным.

Прытчы 14:1-2
1. Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
2. Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.

Лука 10:25-42
25. І вось, адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцьё вечнае?
26. А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
27. Той сказаў у адказ: "палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе".
28. Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць.
29. Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі?
30. На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў зь Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія зьнялі зь яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
31. З нагоды нейкі сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
32. Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
33. А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў,
34. і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасьцініцу і паклапаціўся пра яго;
35. а на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасьцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе.
36. Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў?
37. Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама.
38. У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
39. у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае.
40. А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне.
41. А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта,
42. а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.