A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 15

Ісуса Нававага 19:1-51
1. Другое жэрабя выпала Сымону, племю сыноў Сымонавых, паводле родаў іхніх: і быў надзел іхні сярод надзелу сыноў Юдавых.
2. У надзеле іхнім былі: Вірсавія альбо Шэва, Малада,
3. Хацар-Шуал, Вала і Ацэм,
4. Элталад, Вэтул і Хорма,
5. Цыклаг, Бэт-Маркавот і Хацар-Суса,
6. Бэт-Леваот і Шарухен: трынаццаць гарадоў зь іх сёламі,
7. Аін, Рымон, Этэр і Ашан: чатыры гарады зь сёламі іх,
8. і ўсе сёлы, якія вакол гарадоў гэтых аж да Ваалат-Бээра, альбо паўднёвай Рамы. Вось надзел племю сыноў Сымонавых, паводле родаў іхніх.
9. Ад дзялянкі сыноў Юдавых выдзелены надзел племю сыноў Сымонавых. Як што дзялянка сыноў Юдавых была надта вялікая для іх, дык сыны Сымонавыя і атрымалі надзел сярод іхняга надзелу.
10. Трэцяе жэрабя выпала сынам Завулонавым паводле родаў іхніх, і цягнулася мяжа надзелу іхняга да Сарыда;
11. мяжа іх падымаецца да мора і да Маралы і прымыкае да Дабэшэта і прымыкае да патока, які перад Ёкнэамам;
12. ад Сарыда ідзе назад да ўсходняга боку, на ўсход сонца, да мяжы Кіслот-Тавора; адсюль ідзе да Даўрата і падымаецца да Яфіі;
13. адсюль праходзіць на ўсход у Гет-Хэфэр, у Іту-Кацын, і йдзе да Рымона, Мітаара і Нэі;
14. і паварочвае мяжа з поўначы да Ханатона і канчаецца далінаю Іфтах-Эл;
15. далей: Катаф, Нагалал, Шымрон, Ідэала і Віфляем: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі.
16. Вось надзел сыноў Завулонавых, паводле іхніх родаў; вось гарады і сёлы іхнія.
17. Чацьвёртае жэрабя выпала Ісахару, сынам Ісахаравым, паводле родаў іхніх;
18. мяжою іх быў: Ізрээль, Кесулот і Сунэм,
19. Хафараім, Шыён і Анахаоат,
20. Равіт, Кішыён і Авец,
21. Рэмэт, Эн-Ганім і Бэт-Пацэц;
22. і прымыкае мяжа да Тавора і Шагацымы і Вэтсаміса, і канчаецца мяжа іхняя каля Ярдана: шаснаццаць гарадоў зь сёламі іх.
23. Вось надзел сыноў племя Ісахаравага паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іхнія.
24. Пятае жэрабя выпала племю сыноў Асіравых, паводле родаў іхніх;
25. мяжою іх былі: Хэлкат, Халі, Вэтэн і Ахсаф,
26. Аламэлэх, Амад і Мішал; і прылягае мяжа да Карміла з заходняга боку і да Шыхор-Ліўната;
27. потым ідзе назад на ўсход сонца ў Вэт-Дагон і прылягае да Завулона і да даліны Іфтах-Эл з поўначы, у Бэт-Эмэк і Нэеэл, і йдзе ў Кавула, зь левага боку;
28. далей: Эўрон, Рэхаў, Хамон і Кана, да Сідона вялікага;
29. потым мяжа вяртаецца да Рамы да ўмацаванага горада Тыра, і паварочвае мяжа да Хосы і канчаецца каля мора, у мястэчку Ахзіў;
30. далей: Ума, Афэк і Рэхаў: дваццаць два гарады зь сёламі іх.
31. Вось надзел калена сыноў Асіравых, паводле плямёнаў іхніх; вось гарады і сёлы іх.
32. Шостае жэрабя выпала сынам Нэфталімавым, сынам Нэфталіма паводле родаў іхніх;
33. мяжа ішла ад Хэлэфа ад дубровы, што ў Цананіме, да Адамі-Нэкева і Яўнэіла, да Лакума, і канчалася каля Ярдана;
34. адсюль вяртаецца мяжа на захад да Азнот-Тавора і йдзе адтуль да Хукока, і прылягае да Завулона з поўдня, і да Асіра прылягае з захаду, і да Юды каля Ярдана, ад усходу сонца.
35. гарады ўмацаваныя: Цыдым, Цэр, Хамат, Ракат і Хінэрэт,
36. Адама, Рама і Асор,
37. Кедэс, Эдрэя і Эн-Гацор,
38. Ірэон, Мігдал-Эл, Харэм, Бэт-Анат і Вэтсаміс: дзевятнаццаць гарадоў зь іх сёламі.
39. Вось надзел племю сыноў Нэфталімавых паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іх.
40. Племю сыноў Данавых, паводле родаў іхніх, выпала жэрабя сёмае;
41. мяжою надзелу іхняга былі: Цора, Эштаол і Ір-Шэмэш,
42. Шаалавін, Аялон і Ітла,
43. Элон, Тымната і Экрон,
44. Элтэке, Гівэтон і Ваалат,
45. Ігуд, Бэнэ-Вэрак і Гат-Рымон,
46. Мэ-Яркон і Ракон зь мяжою пабліз Ёпіі. І выпаў надзел сыноў Данавых малы для іх.
47. І сыны Данавыя пайшлі вайною на Ласэм і ўзялі яго, і пабілі яго мечам, і атрымалі яго ў спадчыну, і пасяліліся ў ім, і назвалі Ласэм-Данам, імем Дана, бацькі свайго.
48. Вось надзел племю сыноў Данавых, паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іхнія.
49. Калі закончылі падзел зямлі, паводле межаў яе, тады сыны Ізраілевыя далі сярод сябе надзел Ісусу, сыну Нава:
50. паводле загаду Гасподняга далі яму горад Тамнат-Сараі, якога ён прасіў, на гары Яфрэмавай; і паставіў ён горад і жыў у ім.
51. Вось надзелы, якія Элеазар сьвятар, Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў падзялілі плямёнам сыноў Ізраілевых, паводле жэрабя, у Сіломе, перад абліччам Гасподнім, каля ўваходу ў скінію сходу. І закончылі падзел зямлі.

Ісуса Нававага 20:1-9
1. І наказаў Гасподзь Ісусу казаць:
2. скажы сынам Ізраілевым: зрабеце ў сябе гарады-сховы, пра якія Я казаў вам праз Майсея,
3. каб мог уцякаць туды забойца, які забіў чалавека памылкова, без намыслу; няхай будуць у вас сховішчам ад помсьніка за кроў.
4. І хто ўцячэ ў адзін з гарадоў гэтых, няхай стане каля брамы горада і раскажа ўголас старэйшынам горада гэтага справу сваю; і яны прымуць яго да сябе ў горад і дадуць яму месца, каб ён жыў у іх;
5. і калі пагоніцца за ім помсьнік за кроў, дык яны не павінны выдаваць у рукі яго забойцу, бо ён без намыслу забіў блізкага свайго, ня меў да яго нянавісьці ні ўчора, ні заўчора;
6. няхай ён жыве ў гэтым горадзе, пакуль ня стане перад супольствам на суд, пакуль не памрэ вялікі сьвятар, якія будзе ў тыя дні. А потым няхай вернецца забойца і пойдзе ў горад свой і ў дом свой, зь якога ён уцёк.
7. І выдзелілі Кедэс у Галілеі на гары Нэфталімавай, Сіхем на гары Яфрэмавай, і Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, на гары Юдавай;
8. за Ярданам, насупраць Ерыхона на ўсход, аддзялілі: Бэцэр у пусттыні, на раўніне, ад племя Рувімавага, і Рамот у Галаадзе ад племя Гадавага, і Галан у Васане ад племя Манасіінага:
9. гэтыя гарады вызначаны ўсім сынам Ізраілевым і прыхадням, якія жывуць у іх, каб уцякаў туды кожны, хто забіў чалавека памылкова, каб не памёр ён ад рукі помсьніка за кроў, пакуль ня стане перад супольствам.

Псалмы 45:1-7
1. Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. На музычным інструмэньце Аламот. Песьня.
2. Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах.
3. Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў.
4. Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хваляваньня іх.
5. Рачныя патокі весяляць горад Божы, сьвятое жытло Ўсявышняга.
6. Бог сярод яго; ён не пахісьнецца: Бог дапаможа яму з самае раніцы.
7. Зашумелі народы; пахіснуліся царствы: а Ён голас падаў Свой, і растала зямля.

Прытчы 14:7-11
7. Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.
8. Мудрасьць разумнага — што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць не­мысьляў — толькі ашука.
9. Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных — Божая мілата.
10. Сэрца ведае горыч сваю, і чужы­нец ня дзеліць радасьці ягонай.
11. Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.

Лука 12:32-59
32. Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.
33. Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:
34. бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.
35. Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;
36. і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
37. Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апярэжацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.
38. І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.
39. Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:
40. будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
41. Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім?
42. Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?
43. Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так:
44. праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.
45. А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: "ня скора прыйдзе гаспадар мой", і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца,
46. дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі.
47. А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна;
48. а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.
49. Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
50. Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!
51. Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;
52. бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;
53. бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.
54. Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;
55. і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.
56. Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?
57. Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?
58. Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу.
59. маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.