A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 13

Ісуса Нававага 15:1-63
1. Жэрабя племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх, выпала такое: сумежна зь Ідумэяю была пустыня Сін, на поўдзень, пры канцы Тэмана;
2. паўднёвай мяжою іх быў край мора Салёнага ад затокі, якая прасьціралася на поўдзень;
3. на поўдні ідзе яна да ўзвышша Акравімскага, праходзіць Цын і, падымаючыся з паўднёвага боку да Кадэс-Варні, праходзіць Хецрон і, падымаючымся да Адара, паварочвае ў Каркаі,
4. потым праходзіць Ацмон, ідзе да патоку Егіпецкага, так што канец гэтай мяжы ёсьць мора. Гэта будзе ваша паўднёвавя мяжа.
5. А мяжою на ўсход мора Салёнае, да ўтоку Ярдана; а мяжа з паўночнага боку ад затокі мора, ад утоку Ярдана;
6. адсюль мяжа падымаецца да Бэт-Хоглы і праходзіць з паўночнага боку да Бэт-Аравы, і ідзе мяжа ўгору да каменя Багана, сына Рувімавага;
7. потым падымаецца мяжа да Давіра ад даліны Ахор і на поўначы паварочвае да Галгала, які насупраць узвышша Адуміма, што з паўднёвага боку патока; адсюль мяжда праходзіць да водаў Эн-Шэмэша і канчаецца каля Эн-Рагела;
8. адсюль мяжа ідзе ўгору да даліны сына Эномавага з паўднёвага боку Евуса, які ёсьць Ерусалім, і падымаецца мяжа на вяршыню гары, якая на захад насупраць даліны Эномавай, якая на краі даліны Рэфаімаў на поўнач;
9. ад вяршыні гары мяжа паварочвае да крыніцы водаў Нэфтоах і ідзе да гарадоў гары Эфрона, і паварочвае мяжа да Ваала, які ёсьць Кірыят-Ярым;
10. потым паварочвае мяжа ад Ваала да мора, да гары Сэіра, і ідзе паўночным схілам гары Еарым, якая ёсьць Кесалон, і, сыходзячы да Вэтсаміса, праходзіць праз Тымну;
11. адсюль мяжа ідзе паўночным бокам Экрона, і паварочвае мяжа да Шыкарона, праходзіць праз гару Ваал і даходзіць да Яўнэіла, і канчаецца мяжа каля мора. Заходнюю мяжу ўтварае вялікае мора.
12. Вось мяжа сыноў Юдавых з родамі іхнімі з усіх бакоў.
13. І Халеву, сыну Ефаніінаму даў частку сярод сыноў Юдавых, як загадаў Гасподзь Ісусу: Кірыят-Арбы, бацькі Энакавага, інакш Хэўрон.
14. І выгнаў адтуль Халеў трох сыноў Энакавых: Шэшая, Ахімана і Талмая, дзяцей Энакавых.
15. Адсюль Халеў пайшоў супроць жыхароў Давіра.
16. І сказаў Халеў: хто разаб'е Кірыят-Сэтэр і возьме яго, таму аддам Ахсу, дачку маю, за жонку.
17. І ўзяў яго Гатанііл сын Кеназа, брата Халевавага, і аддаў ён за жонку яму Ахсу, дачку сваю.
18. І сталася, як яна мела ісьці, дык яе намовілі прасіць у бацькі свайго поля. Яна зышла з асла, а Халеў сказаў ёй: што табе?
19. Яна сказала: дай мне дабраславеньне: ты даў мне зямлю паўднёвую, дай мне і крыніцы водаў. І даў ён ёй крыніцы верхнія і крыніцы ніжнія.
20. Вось надзел племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх:
21. гарады з краю плямёнаў сыноў Юдавых сумежныя з Ідумэяй на поўдні былі: Каўцэіл, Эдэр і Ягур,
22. Кіна, Дымона, Адада,
23. Кедэс, Асор і Ітнан,
24. Зіф, Тэлэм і Валот,
25. Гацор-Кадата, Кірыят, Хэцрон, інакш Гацор,
26. Амам, Шэма і Малада,
27. Хацар-Гада, Хэшмон і Вэт-Палет,
28. Хацар-Шуал, Вірсавія і Візіятэя,
29. Ваала, Іім і Ацэм,
30. Элталад, Кесід і Хорма,
31. Цыклаг, Мадмана і Сансана,
32. Леваот, Шэліхім, Аін і Рымон: усяго дваццаць дзевяць гарадоў зь сёламі.
33. На нізінных мясьцінах: Эштаол, Цора і Ашна,
34. Занаах, Эн-Ганім, Тапуах і Гаэнам,
35. Ярмут, Адалам, Соха і Азэка,
36. Шаараім, Адытаім, Гедэра альбо Гедэратаім: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі.
37. Цэнан, Хадаша, Мігдал-Гад,
38. Дылеан, МІцфэ і Ёктэіл,
39. Лахіс, Вацкат і Эглон,
40. Хабон, Лахмас і Хітліс,
41. Гедэрот, Бэт-Дагон, Наэма і Мэкед: шаснаццаць гарадоў зь іх сёламі.
42. Ліўна, Этэр і Ашан,
43. Іфтах, Ашна і Нэцыў,
44. Кеіла, Ахзіў і Марэша: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.
45. Экрон з залежнымі ад яго гарадамі і сёламі,
46. і ад Экрона да мора ўсё, што каля Азота, зь сёламі іх,
47. Азот, залежныя ад яго гарады і сёлы яго, Газа, залежныя ад яе гарады і сёлы яе, да самага патока Егіпецкага і вялікага мора, якое ёсьць мяжа.
48. На горах: Шамір, Ятыр і Соха,
49. Дана, Кірыят-Сана, інакш Давір,
50. Анат, Эштэма і Анім,
51. Гашэн, Халон і Гіла: адзінаццаць гарадоў зь іх сёламі.
52. Араў, Дума і Эшан,
53. Янум, Бэт-Тапуах і Афэка,
54. Хумта, Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, і Цыгор: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.
55. Маон, Карміл, Зіф і Юта,
56. Іўзрээль, Ёкдам і Занаах,
57. Каін, Гіва і Тымна: дзесяць гарадоў зь іх сёламі.
58. Халхуд, Бэт-Цур і Гедор,
59. Маарат, Бэт-Анот і Элтэкон: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.
60. Кірыят-Ваал, інакш Кірыят-Ярым і Арава: два гарады зь іх сёламі.
61. У пустыні: Бэт-Арава, Мідын і Сэкаха,
62. Ніўшан, Ір-Мэлэх і Эн-Геды: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.
63. А Евусэяў, жыхароў Ерусаліма, не маглі выгнаць сыны Юдавыя, і таму Евусэі жывуць з сынамі Юды ў Ерусаліме аж да сёньня.

Ісуса Нававага 16:1-10
1. Потым выпала жэрабя сынам Язэпавым: ад Ярдана каля Ерыхона, каля водаў Ерыхонскіх на ўсход, пустыня, што прасьціралася ад Ерыхона да гары Вэтыльскай;
2. ад Вэтыля ідзе мяжа да Луза і перахъодзіць да мЯжы Архі да Атарота,
3. і апускаецца да мора, да мяжы Яфлета, да мяжы ніжняга Бэт-Арона і да Газэра, і канчаецца каля мора.
4. Гэта і атрымалі ў надзел сыны Язэпа: Манасія і Яфрэм.
5. Мяжа сыноў Яфрэмавых паводле родаў іхніх была: з усходу мяжою надзелу іхняга быў Атарот-Адар да Бэт-Арона верхняга;
6. потым ідзе мяжа да мора паўночным бокам Міхмэтата і паварочвае да ўсходняга боку Таанат-Сілома і праходзіць яго з усходняга боку Яноха;
7. ад Яноха, сыходзячы да Атарота і Наарата, прымыкае да Ерыхона і даходзіць да Ярдана;
8. ад Тапуаха ідзе мяжа да мора, да патока Каны, і канчаецца морам. Вось надзел племю сыноў Яфрэмавых, паводле родаў іхніх.
9. І гарады аддзелены сынам Яфрэмавым у надзеле сыноў Манасііных, усе гарады зь сёламі іх.
10. Але ня выгналі Хананэяў, якія жылі ў Газэры; таму Хананэі жылі сярод Яфрэмавых да сёньня, плацячы ім даніну.

Псалмы 44:1-6
1. Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня.
2. Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой — пяро хуткага пісьма.
3. Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна.
4. Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім,
5. і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі.
6. Вострыя стрэлы Твае — народы ўпадуць прад Табою, — яны — у сэрцы ворагаў Царовых.

Прытчы 14:4-5
4. Дзе няма валоў, там — ясьлі пус­тыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.
5. Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.

Лука 11:29-54
29. А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока;
30. бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму.
31. Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона.
32. Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну.
33. Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.
34. Сьветач целу ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае; а калі яно будзе благое, дык і цела тваё будзе цёмнае.
35. Дык вось, глядзі: сьвятло, якое ў табе, ці ня ёсьць цемра?
36. А калі цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнай цямноціны, дык будзе сьветла ўсё так, як бы калі сьветач асьвятляў цябе зьзяньнем.
37. Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысэй запрасіў Яго да сябе абедаць; Ён прыйшоў і лёг.
38. А фарысэй зьдзівіўся, убачыўшы, што Ён ня ўмыў рук перад абедам.
39. Але Гасподзь сказаў яму: вось вы, фарысэі, зьнешнасьць чары і місы ачышчаеце, а нутрына вашая поўная пахапнасьці і злахітрасьці.
40. Неразумныя! ці ж ня Той, Хто стварыў зьнешняе, старыў і ўнутранае?
41. Падавайце лепей міласьціну з таго, што ў вас ёсьць: тады ўсё будзе ў вас чыстае.
42. але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
43. Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах.
44. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы — як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго.
45. На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш.
46. Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх.
47. Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя:
48. гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі праро-каў, а вы будуеце ім помнікі.
49. Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб’юць, а другіх прагоняць;
50. хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,
51. ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага.
52. Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі.
53. Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае,
54. цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго.