Instagram
English
A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 10

Ісуса Нававага 9:1-27
1. Калі дачуліся пра гэта цары, якія жылі за Ярданам, на гары і на раўніне і па ўсім беразе вялікага мора блізь Лівана, Хэтэі, Амарэі, Хананэі, Фэрэзэі, Эвэі і Евусэі,
2. сабраліся разам, каб супольна ваяваць зь Ісусам і Ізраілем.
3. Але жыхары Гаваона, даведаўшыся, што Ісус зрабіў зь Ерыхонам і Гаем,
4. пайшлі на хітрасьць: запасьліся хлебам на дарогу і паклалі старыя мяхі на аслоў сваіх і старыя, падраныя і залатаныя мяхі віна;
5. і абутак на нагах у іх быў стары, з латкамі, і вопратка на іх старая; і ўвесь дарожны хлеб у іх быў чэрствы і зацьвілы.
6. Яны прыйшлі да Ісуса ў табар у Галгал і сказалі яму і ўсім Ізраільцянам: з даволі далёкай зямлі прыйшлі мы; дык вось, пастанавеце з намі спрымірэнства.
7. А Ізраільцяне сказалі Эвэям: можа, вы жывяце недалёка ад нас? як нам заключыць з вамі спрымірэнства?
8. Яны сказалі Ісусу: мы рабы твае. А Ісус сказаў ім: хто вы і адкуль прыйшлі?
9. Яны сказалі яму: з даволі далёкай краіны прыйшлі рабы твае ў імя Госпада Бога твайго; бо мы чулі пра славу Ягоную і пра ўсё, што зрабіў Ён у Егіпце,
10. і пра ўсё, што Ён зрабіў двум царам Амарэйскім, якія па той бок Ярдана, Сігону, цару Сэвонскаму, і Огу, цару Васанскаму, які ў Астароце.
11. Старэйшыны нашыя і ўсе жыхары нашай зямлі сказалі нам: вазьмеце ў рукі вашыя хлеба на дарогу і ідзеце насустрач ім і скажэце ім: "мы рабы вашыя; і гэтак пастанавеце з намі спрымірэнства".
12. Гэты хлеб наш з дамоў нашых мы ўзялі цёплы ў той дзень, як выправіліся да вас, а цяпер вось, ён зрабіўся сухі і цьвілы;
13. і гэтыя мяхі зь віном, якія мы налілі новыя, вось, падраліся; і гэтая вопратка наша і абутак наш знасіліся ад даволі далёкай дарогі.
14. Ізраільцяне ўзялі іхняга хлеба, а ў Госпада ня спыталіся.
15. І пастанавіў Ісус зь імі мір і паклаў зь імі ўмову пра тое, што ён захавае ім жыцьцё; і прысягнулі ім правадыры супольства.
16. А праз тры дні, як спрымірыліся яны зь імі, даведаліся, што яны суседзі іхнія і жывуць паблізу ад іх;
17. бо сыны Ізраілевыя, выправіўшыся ў дарогу, прыйшлі ў горад іхні на трэці дзень; а гарады іхнія: Гаваон, Кефіра, Бээрот і Кірыят-Ярым.
18. Сыны Ізраілевыя не пабілі іх, бо правадыры супольства прысягнуліся ім Госпадам Богам Ізраілевым. За ўсё гэта супольства пачало наракаць на правадыроў.
19. Усе правадыры сказалі ўсяму супольству: мы прысягалі ім Госпадам Богам Ізраілевым і таму ня можам чапаць іх;
20. а вось што зь імі зробім: пакінем іх жывых, каб не паўстаў на нас гнеў за прысягу, якою мы запрысянуліся ім.
21. І сказалі ім правадыры: няхай яны жывуць, але будуць сячы дровы і чэрпаць ваду на ўсё супольства, як сказалі ім правадыры.
22. Ісус паклікаў іх і сказаў: навошта вы ашукалі нас, сказаўшы: "мы даволі далёка ад вас", тым часам як вы жывяце блізка ад нас?
23. за гэта праклятыя вы! бясконца вы будзеце рабамі, будзеце сячы дровы і чэрпаць ваду дому Бога майго!
24. Яны ў адказ Ісусу сказалі: дайшло да ведама рабоў тваіх, што Гасподзь Бог твой загадаў Майсею, рабу Свайму, даць вам усю зямлю і загубіць усіх жыхароў гэтай зямлі перад абліччам вашым; таму мы вельмі баяліся, каб вы не пазбавілі нас жыцьця, і зрабілі гэта;
25. І цяпер вось мы ў руцэ тваёй. Як лепш і справядлівей табе здасца зрабіць з намі, так і зрабі.
26. І зрабіў зь імі так: забраў іх з рук сыноў Ізраілевых, і тыя не забілі іх;
27. і вырашыў таго ж дня Ісус, каб яны секлі дровы і чэрпалі ваду ўсяму супольству і для ахвярніка Гасподняга; трывае гэта аж да сёньня, у мясьціне, якую выбраў.

Ісуса Нававага 10:1-43
1. Калі Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, дачуўся, што Ісус узяў Гай і аддаў яго праклёну, і што гэтак сама зрабіў з Гаем і царом яго, як зрабіў і зь Ерыхонам і царом яго, і што жыхары Гаваона пастанавілі спрымірэнства зь Ізраілем і засталіся сярод іх,
2. тады ён вельмі спалохаўся, бо Гаваон горад вялікі, як адзін з царскіх гарадоў, і большы за Гай, і ўсе жыхары яго людзі адважныя.
3. Таму Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, паслаў да Гагама, цара Хэўронскага і да Фірама, цара Ярмуцкага, і да Яфія, цара Дахіскага, і да Дэвіра, цара Эглонскага, каб сказаць:
4. прыйдзеце да мяне і памажэце мне пабіць Гаваон за тое, што ён спрымірыўся зь Ісусам і сынамі Ізраілевымі.
5. Яны сабраліся, і пайшлі пяць цароў Амарэйскіх: цар Ерусалімскі, цар Хэўронскі, цар Ярмуцкі, цар Эглонскі, яны і ўсё рушэньне іхняе і спыніліся табарам каля Гаваона, каб ваяваць зь ім.
6. Жыхары Гаваона паслалі да Ісуса ў табар, у Галгал, сказаць: не адвядзі рукі тваёй ад рабоў тваіх; прыйдзі да нас хутчэй, выратуй нас і дай нам дапамогі; бо сабраліся супроць нас усе цары Амарэйскія, якія жывуць на горах.
7. Ісус пайшоў з Галгала сам, і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, і ўсе мужчыны адважныя.
8. І сказаў Гасподзь Ісусу: ня бойся іх, бо Я аддаў іх у рукі табе: ніхто зь іх ня ўстоіць перад абліччам тваім.
9. І прыйшоў на іх Ісус раптоўна, бо ўсю ноч ішоў ён з Галгала.
10. Гасподзь наслаў на іх разгубленасьць, калі ўбачылі Ізраільцянаў, і яны пабілі іх у Гаваоне моцным разгромам, і гналі іх па дарозе да ўзвышшаў Вэтарона, і білі іх да Азэка і да Македа.
11. А калі яны беглі ад Ізраільцянаў па схіле гары Вэтаронскай, Гасподзь кідаў па іх зь нябёсаў вялікімі камянямі да самага Азэка, і яны гінулі: болей было тых, якія загінулі ад камянёў, чым тых, каго забілі сыны Ізраілевыя мечам.
12. Ісус заклікаў Госпада ў той дзень, у які аддаў Гасподзь Амарэяў у рукі Ізраілю, калі пабіў іх у Гаваоне, і яны былі пабітыя перад абліччам сыноў Ізраілевых, і сказаў перад Ізраільцянамі: стой, сонца, над Гаваонам, і месяц, над далінаю Аялонскаю!
13. І спынілася сонца, і месяц стаяў, пакуль народ помсьціў ворагам сваім. Ці ж ня гэта напісана ў кнізе Справядлівага: стаяла сонца сярод неба і не сьпяшалася на захад амаль цэлы дзень?
14. І ня было такога дня ні раней, ні пасьля таго, у які Гасподзь слухаў бы голас чалавечы. Бо Гасподзь змагаўся за Ізраіля.
15. Потым вярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім у табар, у Галгале.
16. А тыя пяць цароў уцяклі і схаваліся ў пячоры ў Македзе.
17. Калі Ісусу данесьлі і сказалі: "знайшліся пяць цароў, яны хаваюцца ў пячоры ў Македзе",
18. Ісус сказаў: "прывалеце вялікія камяні да вусьця пячоры і прыстаўце да яе людзей пільнаваць іх;
19. а вы ня спыняйцеся, а перасьледуйце ворагаў вашых і зьнішчайце заднюю частку войска іхняга і не давайце ім уцячы ў гарады іхнія, бо Гасподзь Бог ваш аддаў іх у рукі вашыя".
20. Пасьля таго як Ісус і сыны Ізраілевыя цалкам пабілі іх вельмі вялікім разгромам, і рэшткі іх паўцякалі ў гарады ўмацаваныя,
21. увесь народ вярнуўся ў табар да Ісуса ў Македзе зь мірам, і ніхто з сыноў Ізраілевых не паварушыў языком сваім.
22. Тады Ісус сказаў: адчынеце вусьце пячоры і выведзіце да мяне зь пячоры пяцёх цароў тых.
23. Так і зрабілі: вывелі да яго зь пячоры пяцёх цароў тых: цара Ерусалімскага, цара Хэўронскага, цара Ярмуцкага, цара Ліхіскага і цара Эглонскага.
24. Калі вывелі цароў гэтых да Ісуса, Ісус заклікаў усіх Ізраільцян і сказаў правадырам войска, якія хадзілі зь ім: падыдзеце, наступеце нагамі вашымі на шыі царам гэтым. Яны падышлі і наступілі нагамі сваімі на шыі ім.
25. Ісус сказаў ім: ня бойцеся і не жахайцеся, будзьце цьвёрдыя і мужныя; бо так зробіць Гасподзь з усімі ворагамі вашымі, зь якімі будзеце ваяваць.
26. Потым пакараў іх Ісус і забіў іх і павесіў іх на пяці дрэвах: і віселі яны на дрэвах да вечара.
27. А як заходзіла сонца, загадаў Ісус, і зьнялі іх з дрэваў, і кінулі іх у пячору, у якой яны хаваліся, і прывалілі вялікія камяні да вусьця пячоры, якія там да сёньня.
28. Таго ж самага дня узяў Ісус Макед, і пабіў яго мечам і цара яго, і пракляў іх і ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не пакінуў, хто б ацалеў; і зрабіў з царом Македскім гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.
29. І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Македа да Ліўны і ваяваў супроць Ліўны;
30. і аддаў Гасподзь і яе ў рукі Ізраілю, і цара яе, і зьнішчыў яе Ісус мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ёй: нікога не пакінуў у ёй, хто б ацалеў, і зрабіў з царом яе гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.
31. Зь Ліўны пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім да Лахіса і разьмясьціўся каля яго табарам і ваяваў супроць яго;
32. і аддаў Гасподзь Лахіс у рукі Ізраілю, і ўзяў ён яго на другі дзень, і пабіў яго мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ім, так як абышоўся зь Ліўнаю.
33. Тады прыйшоў на дапамогу Лахісу Гаарм, цар Газэрскі; але Ісус пабіў яго і народ ягоны так, што нікога ў яго не пакінуў, хто б ацалеў.
34. І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Лахіса да Эглона і разьмясьціўся каля яго табарам і ваявалі супроць яго;
35. і ўзялі яго таго ж самага дня і пабілі яго мечам, і ўсё, што дыхала, што было ў ім у той дзень, пракляў ён, як зрабіў з Лахісам.
36. І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Эглона да Хэўрона і ваявалі супроць яго;
37. і ўзялі яго і пабілі яго мечам, і цара яго, і ўсе гарады яго, і ўсё, што дыхала, што было ў ім; нікога не пакінуў, хто б ацалеў, як зрабіў ён і з Эглонам: пракляў яго і ўсё, што дыхала, што было ў ім.
38. Потым зьвярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім да Давіра і ваяваў супроць яго;
39. і ўзяў яго і цара яго, і пабілі іх мечам, і праклялі ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не засталося, хто ацалеў бы; як зрабіў з Хэўронам і з царом яго, так зрабіў з Давірам і царом яго, і як абышоўся зь Ліўнаю і царом яе.
40. І пабіў Ісус усю зямлю нагорную, і нізкія мясьціны і зямлю каля гор, і ўсіх цароў іх: нікога не пакінуў, хто ацалеў бы, і ўсё, што дыхала, пракляў, як загадаў Гасподзь Бог Ізраілеў;
41. пабіў іх Ісус ад Кадэс-Варні да Газы і ўсю зямлю Гашэн аж да Гаваона;
42. і ўсіх цароў гэтых і землі іхнія Ісус узяў адным разам, бо Гасподзь Бог Ізраілеў змагаўся за Ізраіля.
43. Потым Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім вярнуліся ў табар, у Галгале.

Псалмы 43:1-4
1. Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.
2. Божа, мы чулі на вушы свае, бацькі нашыя нам апавядалі пра дзею, якую ўчыніў Ты ў іхнія дні, у дні пракаветныя.
3. Ты рукою Тваёю панішчыў народы, а іх насадзіў; расьсеяў плямёны і выгнаў іх;
4. бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго; бо дабраволіў ім.

Прытчы 13:24-25
24. Хто шкадуе дубца свайго, той не­навідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.
25. Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.

Лука 10:1-24
1. Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці,
2. і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
3. Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
4. Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце.
5. У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: "мір дому гэтаму!"
6. і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца;
7. а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом.
8. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць;
9. і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: "наблізілася да вас Царства Божае".
10. А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:
11. "і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае".
12. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму.
13. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся;
14. але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам.
15. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся.
16. Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, хто паслаў Мяне.
17. Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё.
18. А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка;
19. вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
20. аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах.
21. У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля.
22. І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё перададзена мне Айцом Маім; і хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, апрача Айца, і хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
23. І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: дабрашчасныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!
24. бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі бачыць, што вы бачылі, і ня ўбачылі, і чуць, што вы чулі, і ня ўчулі.