Лічбы 13:1-33 |
1. Пасьля гэтага народ рушыў з Асірота і спыніўся ў пустыні Фаран. |
2. І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы: |
3. Пашлі ад сябе людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаанскую, якую Я дам сынам Ізраілевым; па адным чалавеку ад племені бацькоў іхніх пашлеце, галоўных зь іх. |
4. І паслаў іх Майсей з пустыні Фаран, па загадзе Гасподнім, і ўсе яны мужы галоўныя ў сыноў Ізраілевых. |
5. Вось імёны іхнія: з племені Рувімавага Самуа, сын Закхураў, |
6. з племені Сымонавага Сафат, сын Харыеў, |
7. з племені Юдавага Халеў, сын Ефаніін, |
8. з племені Ісахаравага Ігал, сын Язэпаў, |
9. з племені Яфрэмавага Асія, сын Наваў, |
10. з племені Веньямінавага Фалтый, сын Рафуеў, |
11. з племені Завулонавага Гадыіл, сын Садыеў, |
12. з племені Язэпавага ад Манасіі Гадый, сын Сусіеў, |
13. з племені Данавага Амііл, сын Гемаліеў, |
14. з племені Асіравага Сэтур, сын Міхаілеў, |
15. з племені Нэфталімавага Нахбій, сын Вофсіеў, |
16. з племені Гадавага Геуіл, сын Махіеў. |
17. Вось імёны мужоў, якіх пасылаў Майсей агледзець зямлю. І назваў Майсей Асію, сына Нававага, Ісусам. |
18. І паслаў іх Майсей агледзець зямлю Ханаанскую і сказаў ім: ідзеце ў гэтую паўднёвую краіну, і падымецеся на гару, |
19. і агледзьце зямлю, якая яна, і народ, які жыве на ёй, ці моцны ён, ці слабы, ці малы ён лікам, ці вялікі? |
20. і якая зямля, на якой ён жыве, ці добрая яна, ці благая? і якія гарады, у якіх ён жыве? ці ў намётах ён жыве, ці ва ўмацаваньнях? |
21. і якая зямля, ці тлустая яна, ці пустая? ці ёсьць на ёй дрэвы, ці няма? будзьце адважныя і вазьмеце ад пладоў зямлі. І было гэта ў пару пасьпяваньня вінаграду. |
22. Яны пайшлі і агледзелі зямлю ад пустыні Сін нават да Рэхова, непадалёк ад Эмата; |
23. і пайшлі ў паўднёвую краіну і дайшлі да Хэўрона, дзе жылі Ахіман, Сэсай і Талмай, дзеці Энакавы: а Хэўрон пабудаваны быў на сем гадоў раней за Цоан Егіпецкі; |
24. і прыйшлі да даліны Эсхол, і зрэзалі там вінаградную галінку з адной гронкаю ягад, і панесьлі яе на жардзіне двое; узялі таксама гранатавых яблыкаў і смокваў; |
25. мясьціну гэтую назвалі далінаю Эсхол , з прычыны вінаграднай гронкі, якую зрэзалі там сыны Ізраілевыя. |
26. І агледзеўшы зямлю, вярнуліся яны праз сорак дзён. |
27. І пайшлі і прыйшлі да Майсея і Аарона і ад усяго супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Фаран, у Кадэс, і прынесьлі ім і ўсяму супольству адказ, і паказалі ім плады зямлі; |
28. і расказвалі яму і казалі: мы хадзілі ў зямлю, у якую ты пасылаў нас; у ёй сапраўды цячэ малако і мёд, і вось плады яе; |
29. але народ, які жыве на зямлі той, моцны, і гарады ўмацаваныя, даволі вялікія, і сыноў Энакавых мы бачылі там. Амалік жыве на паўднёвай частцы зямлі, Хэтэі, Эвусэі і Амарэі жывуць на гары, Хананэі жывуць каля мора і на беразе Ярдана. |
30. Амалік жыве на паўднёвай частцы зямлі, Хэтэі, Евусэі і Амарэі жывуць на гары, Хананэі жывуць каля мора і на беразе Ярдана. |
31. Але Халеў супакойваў народ перад Майсеем, кажучы: пойдзем і завалодаем ёю, бо мы можам адолець яе. |
32. А тыя, якія хадзілі зь ім, казалі: ня можам мы ісьці супроць народу гэтага, бо ён мацнейшы за нас. |
33. І распускалі благія чуткі пра зямлю, якую яны аглядалі, сярод сыноў Ізраілевых, кажучы: зямля, якую праходзілі мы для агляду, ёсьць зямля, якая паядае тых, што жывуць на ёй, і ўвесь народ, які мы бачылі сярод яе, людзі рослыя; |
Лічбы 14:1-45 |
1. І нарабіла ўсё супольства ляманту, і плакаў народ усю тую ноч; |
2. і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраілевыя, і ўсё супольства сказала ім: о, лепей бы мы памерлі ў зямлі Егіпецкай, альбо сканалі ў пустыні гэтай! |
3. і навошта Гасподзь вядзе нас у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад меча? жонкі нашыя і дзеці нашыя дастануцца ў здабычу ворагам; ці ня лепей нам вярнуцца ў Егіпет? |
4. І сказалі адзін аднаму: паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет. |
5. І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усім сходам супольства сыноў Ізраілевых. |
6. І Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, з тых, што аглядалі зямлю, разадралі вопратку на сабе |
7. і сказалі ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: зямля, якую мы праходзілі дзеля агляду, вельмі, вельмі добрая; |
8. калі Гасподзь літасьцівы да нас, дык увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам яе — гэтую зямлю, у якой цячэ малако і мёд; |
9. толькі супроць Госпада не паўставайце і ня бойцеся народу зямлі гэтай, бо ён дастанецца нам у наедак: абароны ў іх ня стала, а з намі Гасподзь; ня бойцеся іх. |
10. І сказала ўсё супольства: пабіць іх камянямі! Але слава Гасподняя явілася ў скініі сходу ўсім сынам Ізраілевым. |
11. І сказаў Гасподзь Майсею: дакуль будзе дражніць Мяне народ гэты? і дакуль ён будзе ня верыць Мне пры ўсіх азнаках, якія рабіў Я сярод яго? |
12. пакараю яго пошасьцю і зьнішчу яго і выведу ад цябе народ болей шматлікі і мацнейшы за яго. |
13. Але Майсей сказаў Госпаду: пачуюць Егіпцяне, спасярод якіх Ты сілаю Тваёю вывеў народ гэты, |
14. і скажуць жыхарам зямлі гэтай, якія чулі, што Ты, Госпадзе, сярод народу гэтага, і што Ты, Госпадзе, дазваляеш ім бачыць Сябе твар у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы ў слупе вогненным; |
15. і калі Ты зьнішчыш народ гэты, як аднаго чалавека, дык народы, якія чулі славу Тваю, скажуць: |
16. Гасподзь ня мог увесьці народ гэты ў зямлю, якую Ён запрысягнуўся даць яму, а таму і загубіў яго ў пустыні. |
17. Дык вось, няхай узьвялічыцца сіла Гасподняя, як Ты сказаў, кажучы: |
18. Гасподзь доўгацярплівы і шматлітасьцівы, даруе беззаконьні і злачынствы, і не пакідае без пакараньня, а карае беззаконьне бацькоў у дзецях да трэцяга і чацьвёртага роду. |
19. Даруй грэх народу гэтаму зь вялікай міласьці Тваёй, як Ты дараваў народу гэтаму ад Егіпта дагэтуль. |
20. І сказаў Гасподзь: дарую па слове тваім: |
21. але жывы Я, і славай Гасподняй поўная ўся зямля; |
22. усе, хто бачыў славу Маю і азнакі Мае, зробленыя Мною ў Егіпце і ў пустыні, і ня слухалі голасу Майго, |
23. ня ўбачаць зямлі, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім; усе, хто дражніў Мяне, ня ўбачаць яе; |
24. але раба Майго, Халева, за тое, што ў ім быў іншы дух, і ён цалкам слухаўся Мяне, увяду ў зямлю, у якую ён хадзіў, і семя ягонае ўспадкуе яе; |
25. Амалікіцяне і Хананэі жывуць у даліне; заўтра павярнецеся і ідзеце ў даліну да Чэрмнага мора. |
26. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
27. дакуль ліхое супольства гэтае будзе наракаць на Мяне? Нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на Мяне, Я чую. |
28. Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь: як казалі вы ў вушы Мне, так і зраблю вам; |
29. у пустыні гэтай палягуць целы вашыя, і ўсе вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццаці гадоў і вышэй, якія наракалі на Мяне, |
30. ня ўвойдзеце ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, прысягаўся асяліць вас, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага; |
31. дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычай ворагам, Я ўвяду туды, і яны ўведаюць зямлю, якою вы пагардзілі, |
32. а вашыя трупы палягуць у пустыні гэтай; |
33. а сыны вашыя будуць качаваць у пустыні сорак гадоў і будуць несьці кару за блудадзейства вашае, пакуль не загінуць усе целы вашыя ў пустыні; |
34. па ліку сарака дзён, у якія вы аглядалі зямлю, вы панесяце кару за грахі вашыя сорак гадоў, год за дзень, каб вы спазналі, што значыцца быць пакінутым Мною. |
35. Я, Гасподзь, кажу і так зраблю з усім гэтым ліхім супольствам, што паўстала супроць Мяне: у пустыні гэтай усе яны загінуць і перамруць. |
36. І тыя, каго пасылаў Майсей на агледзіны зямлі, і якія, вярнуўшыся, узбурылі супроць яго ўсё гэта супольства, распускаючы ліхія чуткі пра зямлю, |
37. гэтыя, што распусьцілі благія чуткі пра зямлю, памерлі, пабітыя перад Госпадам; |
38. толькі Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, засталіся жывыя з тых мужоў, якія хадзілі аглядаць зямлю. |
39. І сказаў Майсей словы гэтыя перад усімі сынамі Ізраілевымі, і народ моцна засмуціўся. |
40. І ўстаўшы з самага рана, пайшлі на вяршыню гары, кажучы: вось, мы пойдзем на тое месца, пра якое сказаў Гасподзь, бо мы зграшылі. |
41. Майсей сказаў: навошта вы пераступаеце загад Гасподні? гэта ня дасьць посьпеху; |
42. не хадзеце, бо няма сярод вас Госпада, каб не пабілі вас ворагі вашыя; |
43. бо Амалікіцяне і Хананэі там перад вамі, і вы паляжаце ад меча, бо вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада. |
44. Але яны дзёрзка рашылі падняцца на вяршыню гары; а каўчэг запавета Гасподняга і Майсей не пакідалі табару. |
45. І сышлі Амалікіцяне і Хананэі, якія жылі на гары той, і разьбілі іх, і гналі іх да Хормы. |
Псалмы 30:19-24 |
19. Хай зьнямеюць вусны аблудныя, што гідоту гавораць на праведнага з пыхаю і пагардаю. |
20. Як многа ў Цябе дабротаў, якія Ты прыхаваў тым, што баяцца Цябе, і якія Ты падрыхтаваў тым, што на Цябе спадзяюцца перад сынамі чалавечымі! |
21. Ты хаваеш іх пад аслонай аблічча Твайго ад людзкіх бунтаў; хаваеш іх у зацішку ад ліхіх языкоў. |
22. Дабраславёны Гасподзь, што ўчыніў мне дзівосны Свой мілажаль ва ўмацаваным горадзе! |
23. У сумненьні маім я думаў: адхілены я ад вачэй Тваіх; але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе. |
24. Любеце Госпада, усе праведнікі Ягоныя; Гасподзь ахоўвае верных, а пагарднікам зь лішкам вяртае. |
Прытчы 11:15-15 |
15. Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы. |
Марко 10:32-52 |
32. Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім: |
33. вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам; |
34. і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне. |
35. Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім. |
36. Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам? |
37. Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй. |
38. Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п’ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? |
39. Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; |
40. а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч - не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана. |
41. І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам. |
42. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі; |
43. але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою; |
44. і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом; |
45. бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх. |
46. Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы. |
47. Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне. |
48. Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне. |
49. Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе. |
50. Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса. |
51. Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць. |
52. Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе. |