Лічбы 11:1-35 |
1. Народ пачаў наракаць уголас на Госпада; і Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гнеў Ягоны, і загарэўся ў іх агонь Гасподні і пачаў паліць край табару. |
2. І закрычаў народ Майсею; і памаліўся Майсей Госпаду, і патух агонь. |
3. І далі назву мясьціне гэтай: Тавэра , бо загарэўся ў іх агонь Гасподні. |
4. Прыхадні сярод іх пачалі аддавацца прыхамаці; а зь імі і сыны Ізраілевыя сядзелі і плакалі і казалі: хто накорміць нас мясам? |
5. мы памятаем рыбу, якую ў Егіпце мы елі задарам, гуркі і дыні, цыбулю-рэпку і часнык: |
6. а цяпер душа нашая зьнемагае; нічога няма, толькі манна ў вачах нашых. |
7. А манна была падобная на каляндравае насеньне, з выгляду, як бдолах; |
8. народ хадзіў і зьбіраў яе, і малоў у жорнах альбо тоўк у ступе, і гатаваў у катле, і рабіў зь яе ляпёшкі; а смак яе падобны быў да смаку ляпёшак з алеем. |
9. І калі раса ападала ўначы на табар, тады сыходзіла на яго і манна. |
10. Майсей чуў, што народ плача ў сем'ях сваіх, кожны каля дзьвярэй намёта свайго; і моцна ўспалымнеў гнеў Гасподні, і скрушліва зрабілася Майсею. |
11. І сказаў Майсей Госпаду: навошта Ты мучыш раба Твайго? і чаму я не знайшоў літасьці перад вачыма Тваімі, што Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага? |
12. хіба я насіў у чэраве ўвесь народ гэты і хіба я спарадзіў яго, што Ты кажаш мне: нясі яго на руках тваіх, як нянька носіць дзіця, у зямлю, якую Ты прысягаю абяцаў бацькам ягоным? |
13. дзе мне ўзяць мяса, каб даць усяму народу гэтаму? бо яны плачуць перад мною і кажуць: дай нам есьці мяса. |
14. Я адзін не магу несьці народу гэтага, бо ён цяжкі мне; |
15. калі Ты так робіш са мною, дык лепей аддай мяне сьмерці, калі я знайшоў літасьць перад вачыма Тваімі, каб ня бачыць мне бедства майго. |
16. І сказаў Гасподзь Майсею: зьбяры мне семдзесят мужчын са старэйшынаў Ізраілевых, якіх ты ведаеш, што яны старэйшыны і наглядчыкі ягоныя і вазьмі іх да скініі сходу, каб яны сталі там з табою; |
17. Я сыду, і буду гутарыць там з табою, і вазьму ад Духа, Які на табе, і ўскладу на іх несьці цяжар народу, каб не адзін ты насіў. |
18. А народу скажы: ачысьціцеся да заўтрашняга дня, і будзеце есьці мяса; бо вы ўголас плакаліся Богу і казалі: хто накорміць нас мясам? добра нам было у Егіпце,— дык і дасьць вам Гасподзь мяса, і есьцімеце: |
19. не адзін дзень будзеце есьці, ня два дні, ня пяць дзён, ня дзесяць дзён і ня дваццаць дзён, |
20. а цэлы месяц, пакуль ня пойдзе яно з ноздраў вашых і ня зробіцца вам агідным за тое, што вы пагардзілі Госпадам, Які сярод вас, і енчылі перад Ім, кажучы: навошта нам было выходзіць зь Егіпта? |
21. І сказаў Майсей: шэсьцьсот тысяч пешых у народзе гэтым, сярод якога і я; а Ты кажаш: Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц! |
22. ці закалоць усіх авечак і валоў, каб ім было даволі? альбо ўся рыба марская зьбярэцца, каб задаволіць іх? |
23. І сказаў Гасподзь Майсею: хіба рука Гасподняя кароткая? сёньня ты ўбачыш, ці збудзецца слова Маё табе, а ці не. |
24. Майсей выйшаў і сказаў народу словы Гасподнія, і сабраў семдзесят мужчын са старэйшынаў народу і паставіў іх каля скініі. |
25. І сышоў Гасподзь у воблаку і гутарыў зь ім, і ўзяў ад Духа, Які на ім, і даў сямідзесяці мужчынам старэйшынам. І калі спачыў на іх Дух, яны пачалі прарочыць, але потым перасталі. |
26. Двое мужчын заставаліся ў табары, імя аднаго Элдад, а імя другога Модад; але і на іх спачыў дух, і яны прарочылі ў табары. |
27. І прыбег хлопчык, і данёс Майсею, і сказаў: Элдад і Модад прарочаць у табары. |
28. У адказ на гэта Ісус, сын Наваў, службіт Майсееў, адзін з выбраных ягоных, сказаў: спадару мой Майсею! забарані ім. |
29. Але Майсей сказаў яму: ці не раўнуеш ты за мяне? о, калі б усе ў народзе Гасподнім былі прарокі, калі б Гасподзь паслаў Духа Свайго на іх! |
30. І вярнуўся Майсей у табар, ён і старэйшыны Ізраілевыя. |
31. І падняўся вецер ад Госпада, і прынёс ад мора перапёлак, і накідаў іх каля табара, на дзень дарогі з аднаго боку і на дзень дарогі з другога боку табара, амаль на два локці ад зямлі. |
32. І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; і хто мала зьбіраў, той назьбіраў дзесяць хомераў: і расклалі іх сабе вакол табара. |
33. Мяса яшчэ было ў зубах у іх і ня было зьедзена, як гнеў Гасподні запаліўся на народ, і пакараў Гасподзь народ даволі моцнаю пошасьцю. |
34. І далі назву мясьціне гэтай: Кіброт-Гатаава , бо там пахавалі прыхаматлівых людзей. |
35. Ад Кіброт-Гатаавы рушыў народ у Асірот і спыніліся ў Асіроце. |
Лічбы 12:1-15 |
1. І дакаралі Марыям і Аарон Майсея за жонку Эфіопку, якую ён узяў,— бо ён узяў за сябе Эфіопку,— |
2. і сказалі: ці ж аднаму Майсею гаварыў Гасподзь? ці не гаварыў Ён і нам? І пачуў гэта Гасподзь. |
3. А Майсей быў чалавек найрахманейшы з усіх людзей на зямлі. |
4. І сказаў Гасподзь зьнянацку Майсею і Аарону і Марыям: выйдзіце вы трое да скініі сходу. І выйшлі ўсе трое. |
5. І сышоў Гасподзь у воблачным слупе, і стаў каля ўваходу ў скінію, і паклікаў Аарона і Марыям, і выйшлі яны абое. |
6. І сказаў: слухайце словы Мае: калі бывае ў вас прарок Гасподні, дык Я адкрываюся яму ва ўяве, у сьне гутару зь ім; |
7. але ня так, як з рабом Маім Майсеем,— ён верны ва ўсім дому Майму: |
8. вусны ў вусны гавару Я зь ім, і яўна, а не ва ўявах, і вобраз Госпада бачыць ён; як жа не пабаяліся вы дакараць раба Майго Майсея? |
9. І ўспалымніўся гнеў Гасподні на іх, і Ён адышоў. |
10. І воблака адышло ад скініі, і вось, Марыям пакрылася праказаю, як сьнегам. Аарон зірнуў на Марыям, і вось яна ў праказе. |
11. І сказаў Аарон Майсею: гаспадару мой! не палічы нам за грэх, што мы зрабілі неразумна і зграшылі; |
12. не дапусьці, каб яна была,як дзіця, што нарадзілася мёртвае, у якога, калі яно выходзіць з чэрава маці сваёй, стлела ўжо палавіна цела. |
13. І залямантаваў Майсей да Госпада, кажучы: Божа, ацалі яе! |
14. І сказаў Гасподзь Майсею: калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, дык ці ня мусіла б яна саромецца сем дзён? дык вось, няхай будзе яна ў затачэньні сем дзён па-за табарам, а пасьля зноў вернецца. |
15. І прабыла Марыям у затачэньні па-за табарам сем дзён, і народ не выпраўляўся ў дарогу, пакуль не вярнулася Марыям. |
Псалмы 30:15-18 |
15. А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: Ты мой Бог. |
16. У Тваёй руцэ дні мае; вызваль мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне. |
17. Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю. |
18. Госпадзе! хай ня будзе мне сораму, што я Цябе заклікаю; а бязбожным хай будзе брыдка, хай прападуць у пекле. |
Прытчы 11:12-14 |
12. Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць. |
13. Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае. |
14. Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах — дабрадзенствуе. |
Марко 10:12-14 |
12. і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць. |
13. Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі. |
14. Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае; |