Лічбы 5:1-31 |
1. І наказаў Гасподзь Майсею: |
2. загадай сынам Ізраілевым выслаць з табара ўсіх пракажоных, і ўсіх кравацечных, і ўсіх, што апаганіліся ад мёртвага, |
3. і мужчын і жанчын вышліце, за табар вышліце іх, каб не апаганьвалі яны табараў сваіх, сярод якіх Я жыву. |
4. І зрабілі так сыны Ізраілевыя і вынесьлі прэч з табара: так казаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя. |
5. І наказаў Гасподзь Майсею кажучы: |
6. скажы сынам Ізраілевым: калі мужчына альбо жанчына зробіць які-небудзь грэх супроць чалавека і праз гэта ўчыніць злачынства супроць Госпада, і вінаватая будзе душа тая, |
7. дык няхай паспавядаюцца ў грэху сваім, які яны зрабілі, і вернуць поўніцай тое, у чым яны вінаватыя, і дакладуць да таго пятую долю і аддадуць таму, супроць каго зграшылі; |
8. а калі ў яго няма спадчыньніка, якому трэба было б аддаць за віну, дык прысьвяціць гэта Госпаду: няхай будзе гэта сьвятару, звыш барана ачышчэньня, якім ён ачысьціць яго; |
9. і ўсякае паднашэньне з усіх сьвятыняў сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць да сьвятара, яму належыць, |
10. і прысьвечанае кім-небудзь яму належыць; усё, што дасьць хто сьвятару, яму належыць. |
11. І наказаў Гасподзь Майсею кажучы: |
12. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі здрадзіць каму жонка і парушыць вернасьць яму, |
13. і перасьпіць хто зь ёю і вылье семя, і гэта будзе схавана ад вачэй мужа яе, і яна апаганіцца тайна, і ня будзе на яе сьведкі, і ня будзе выкрыта, |
14. і ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна апаганеная, альбо ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна не апаганеная,— |
15. няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і прынясе за яе ў ахвяру дзясятую долю эфы ячнай мукі, але ня вылівае на яе алею і не кладзе лівану, бо гэта прынашэньне раўнаваньня, прынашэньне ўспаміну, якое нагадвае пра беззаконства; |
16. а сьвятар няхай прывядзе і паставіць яе перад абліччам Гасподнім, |
17. і возьме сьвятар сьвятой вады ў гліняны посуд, і возьме сьвятар зямлі з падлогі скініі і пакладзе ў ваду; |
18. і паставіць сьвятар жонку перад абліччам Гасподнім, і аголіць галаву жонцы, і дасьць ёй у рукі прынашэньне ўспаміну, гэта прынашэньне раўнаваньня, а ў руцэ ў сьвятара будзе горкая вада, якая наводзіць праклён. |
19. І закляне яе сьвятар і скажа жонцы: калі ніхто не пераспаў з табою, і ты не апаганілася і ня здрадзіла мужу свайму, дык цэлая будзеш ад гэтай вады горкай, якая наводзіць праклён; |
20. але калі ты здрадзіла мужу твайму і апаганілася, і калі хто пераспаў з табою апрача мужа твайго,— |
21. тады сьвятар хай закляне жонку кляцьбою праклёну і скажа сьвятар жонцы: хай пракляне цябе Гасподзь і аддасьць кляцьбе ў народзе тваім, і хай зробіць Гасподзь, каб улоньне тваё апала і жывот твой апух; |
22. і хай пройдзе вада гэтая, якая наводзіць праклён, у нутрыну тваю, каб апух жывот і апала ўлоньне. І скажа жонка: амін, амін. |
23. І напіша сьвятар заклёны гэтыя на зьвітку і змые іх горкаю вадою; |
24. і дасьць выпіць жонцы горкую ваду, якая наводзіць праклён, і ўвойдзе ў яе вада, якая наводзіць праклён, на шкоду ёй. |
25. І возьме сьвятар з рук жонкі хлебнае прынашэньне раўнаваньня, і паднясе гэтае прынашэньне перад Госпада, і занясе яго да ахвярніка; |
26. і возьме сьвятар жменяю з хлебнага прынашэньня частку на памяць, і спаліць на ахвярніку, і потым дасьць жонцы выпіць вады: |
27. і калі напоіць яе вадою, тады, калі яна нячыстая і зрабіла злачынства супроць мужа свайго, горкая вада, якая наводзіць праклён, увойдзе ў яе, на шкоду ёй, і апухне чэрава яе і ападзе ўлоньне яе, і будзе тая жонка праклятая ў народзе сваім; |
28. а калі жонка не апаганілася і была чыстая, дык застанецца цэлая і будзе апладняцца семем. |
29. Вось закон пра раўнаваньне: калі жонка здрадзіць мужу свайму і апаганіцца, |
30. альбо калі на мужа сыдзе дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, тады няхай ён паставіць жонку сваю перад абліччам Госпада, і зробіць зь ёю сьвятар усё паводле гэтага закона,— |
31. і будзе муж чысты ад грэху, а жонка панясе на сабе грэх свой. |
Лічбы 6:1-27 |
1. І наказаў Гасподзь Майсею: |
2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі мужчына альбо жанчына рашыцца даць заруку назарэйства, каб прысьвяціць сябе ў назарэі Госпаду, |
3. дык ён павінен устрымацца ад віна і моцнага напою, і не павінен спажываць ні воцату зь віна, ні воцату з напою, і нічога згатаванага зь вінаграду не павінен піць, і не павінен есьці ні сырых, ні сушаных вінаградных ягад; |
4. праз усе дні назарэйства свайго не павінен ён есьці нічога, што вырабляецца зь вінаграду, ад зерня да скуркі. |
5. Праз усе дні зарукі назарэйства ягоная брытва не павінна дакранацца да галавы ягонай; пакуль ня скончацца дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, сьвяты ён: павінен адпускаць валасы на галаве сваёй. |
6. Праз усе дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, не павінен ён падыходзіць да мёртвага цела: |
7. дакрананьнем да бацькі свайго і да маці сваёй, і брата свайго і сястры сваёй, не павінен ён апаганьвацца, калі яны памруць, бо прысьвячэньне Богу яго на галаве ягонай; |
8. праз усе дні назарэйства свайго сьвяты ён Госпаду. |
9. А калі памрэ пры ім хто-небудзь раптам, знянацку, і ён апаганіць тым самым галаву назарэйства свайго, дык ён павінен астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня яго, на сёмы дзень павінен астрыгчы яе, |
10. і на восьмы дзень павінен прынесьці дзьве галубкі, альбо двух маладых галубоў, сьвятару, да ўваходу ў скінію сходу; |
11. сьвятар адну птушку прынясе ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго ад апаганеньня мёртвым целам, і асьвеціць галаву ў той дзень; |
12. і павінен ён зноў пачаць прысьвечаныя Госпаду дні назарэйства свайго і прынесьці ягня-адналетка ў ахвяру павіннасьці; а ранейшыя дні прапалі, бо назарэйства ягонае апаганена. |
13. І вось закон пра назарэя, калі скончацца дні назарэйства ягонага: трэба прывесьці яго да ўваходу ў скінію сходу, |
14. і ён прынясе ў ахвяру Госпаду адно адналетняе ягня без пахібы на цэласпаленьне, і адну адналетнюю авечку без пахібы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без пахібы ў ахвяру мірную, |
15. і кош праснакоў з пшанічнай мукі, хлябоў, сьпечаных з алеем, і прэсных ляпёшак, памазаных алеем, і пры іх хлебнае прынашэньне і паліваньне; |
16. і паставіць гэта сьвятар перад Госпадам і прынясе ахвяру ягоную за грэх і цэласпаленьне ягонае; |
17. барана прынясе ў ахвяру мірную Госпаду з кашом праснакоў, таксама ўчыніць сьвятар хлебнае прынашэньне ягонае і паліваньне ягонае; |
18. і астрыжэ назарэй каля ўваходу ў скінію сходу галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і пакладзе на агонь, які пад мірнаю ахвяраю; |
19. і возьме сьвятар згатаваную лапатку барана і адзін прэсны пірог і адну прэсную ляпёшку, і пакладзе на рукі назарэю пасьля таго, як астрыжэ ён галаву назарэйства свайго; |
20. і паднясе ўсё гэта сьвятар, патрасаючы перад Госпадам: гэта — сьвятыня сьвятару, звыш грудзей патрасаньня і звыш лапаткі паднашэньня. Пасьля гэтага назарэй можа піць віно. |
21. Вось закон пра назарэя, які даў заруку, і ахвяра ягоная Госпаду за назарэйства сваё, апроч таго, што дазволіць яму дастатак ягоны; паводле зарукі сваёй, якую ён дасьць, так і павінен ён рабіць, звыш узаконенага пра назарэйства ягонае. |
22. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
23. скажы Аарону і сынам ягоным: так дабраслаўляйце сыноў Ізраілевых, кажучы ім: |
24. хай дабраславіць цябе Гасподзь і захавае цябе! |
25. хай паглядзіць на цябе Гасподзь сьветлым тварам Сваім і ўмілажаліцца зь цябе! |
26. хай паверне Гасподзь твар Свой да цябе і дасьць табе спакой! |
27. Так няхай заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраілевых, і Я дабраслаўлю іх. |
Псалмы 29:8-12 |
8. Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе,Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся: |
9. Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў: |
10. "якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду? |
11. пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам". |
12. І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю, |
Прытчы 11:1-3 |
1. Няправільныя вагі — агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму. |
2. Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі — мудрасьць. |
3. Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх. |
Марко 8:22-38 |
22. Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся. |
23. Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што? |
24. Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы. |
25. Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна. |
26. І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы. |
27. І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі? |
28. Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія - за Ільлю, а іншыя - за аднаго з прарокаў. |
29. Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты - Хрыстос. |
30. І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго. |
31. І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць. |
32. І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму. |
33. А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае. |
34. І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам; |
35. бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе; |
36. бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? |
37. альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю? |
38. бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі. |