Левіт 23:1-44 |
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім пра сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы. Вось сьвяты Мае: |
3. шэсьць дзён можна працаваць, а на сёмы дзень субота спакою, сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; гэта субота Гасподняя ва ўсіх селішчах вашых. |
4. Вось сьвяты Гасподнія, сьвяшчэнныя сходы, якія вы павінны склікаць у свой час: |
5. у першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары Пасха Гасподняя; |
6. і на пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята праснакоў Госпаду; сем дзён ежце праснакі; |
7. у першы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; |
8. і сем дзён прыносьце ахвяры Госпаду; і на сёмы дзень таксама сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце. |
9. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
10. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара; |
11. ён падыме гэты сноп перад Госпадам, каб здабыць вам упадабаньне; на другі дзень сьвята падыме яго сьвятар; |
12. і ўдзень уздыманьня прынясеце на цэласпаленьне Госпаду ягня-адналетка, без пахібы, |
13. і зь імі хлебнага прынашэньня дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у ахвяру Госпаду, дзеля прыемнай духмянасьці, і выліваньне да яго чвэрць гіна віна; |
14. і ніякагановага хлеба, ні сушанага зерня, ні зерня сырога ня ежце да таго дня, калі прынесяце прынашэньні Богу вашаму: гэта вечная пастанова ў роды вашыя ва ўсіх селішчах вашых. |
15. Адлічэце сабе ад першага дня пасьля сьвята, ад таго дня, калі прыносіце сноп трасеньня, сем поўных тыдняў, |
16. да першага дня пасьля сёмага тыдня адлічэце пяцьдзясят дзён, і тады прынясеце новае хлебнае прынашэньне Госпаду: |
17. ад селішчаў вашых прыносьце два хлебныя прынашэньні, якія павінны складацца зь дзьвюх дзясятых долі эфы пшанічнай мукі і павінны быць сьпечаныя кіслыя, першы плод Госпаду; |
18. разам з хлябамі пастаўце сем ягнят без пахібы, адналетак, і з буйнога быдла адно цяля і двух бараноў; хай будзе гэта на цэласпаленьне Госпаду, і хлебнае прынашэньне і выліваньне да іх, у ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду. |
19. Падрыхтуйце таксама са статку коз аднаго казла ў ахвяру за грэх і двух ягнят-адналетак у ахвяру мірную; |
20. сьвятар павінен прынесьці гэта, трасучы перад Госпадам, разам з трасёнымі хлябамі першага плоду і з двума ягнятамі, і гэта будзе сьвятыняю Госпаду: сьвятару; |
21. і склікайце народ у гэты дзень, сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ва ўсіх селішчах вашых у роды вашыя. |
22. Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, калі жнеш, і рэштак ад жніва твайго не зьбірай: беднаму і прыхадню пакінь гэта. Я Гасподзь, Бог ваш. |
23. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
24. скажы сынам Ізраілевым: у сёмы месяц, у першы дзень месяца хай будзе ў вас спакой, сьвята трубаў, сьвяшчэнны сход; |
25. ніякай працы не рабеце і прыносьце ахвяру Госпаду. |
26. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
27. таксама на дзявяты дзень сёмага месяца гэтага, дзень ачышчэньня, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце душы вашыя і прыносьце ахвяру Госпаду: |
28. ніякай працы не рабеце ў дзень гэты, бо гэта дзень ачышчэньня, каб ачысьціць вас перад абліччам Госпада, Бога вашага; |
29. і ўсякая душа, якая не ўпакорыць сябе ў дзень гэты, зьнішчыцца з народу свайго; |
30. і калі якая душа будзе рабіць якую-небудзь працу ў дзень гэты, Я зьнішчу тую душу з народу яе; |
31. ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых; |
32. гэта вам субота спакою, і ўпакорвайце душы вашыя, зь вечара дзявятага дня месяца; ад вечара да вечара сьвяткуйце суботу вашую. |
33. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
34. скажы сынам Ізраілевым, зь пятнаццатага дня таго самага сёмага месяца сьвята кучак, сем дзён Госпаду; |
35. у першы дзень сьвяшчэнны сход, ніякай працы не рабеце; |
36. сем дзён прыносьце ахвяру Госпаду; на восьмы дзень сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, і прыносьце ахвяру Госпаду: гэта адданьне сьвята, ніякай працы не рабеце. |
37. Вось сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы, каб прыносіць у ахвяру Госпаду цэласпаленьне, хлебнае прынашэньне, заколатыя ахвяры і паліваньні, кожнае ў свой дзень, |
38. апрача субот Гасподніх і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх абяцаньняў вашых і апрача ўсяго, што прыносіце з руплівасьці вашай, што вы даяце Госпаду. |
39. А на пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі вы зьбіраеце творы зямлі, сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён: у першы дзень спакой і ў восьмы дзень спакой; |
40. у першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся перад Госпадам, Богам вашым сем дзён |
41. і сьвяткуйце гэта сьвята Гасподняе сем дзён у год: гэта пастанова вечная ў роды вашыя: на сёмым месяцы сьвяткуйце яго; |
42. у намётах жывеце сем дзён; кожны тубылец Ізраільцянін павінен жыць у намёце, |
43. каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш. |
44. І абвясціў Майсей сынам Ізраілевым пра сьвяты Гасподнія. |
Левіт 24:1-23 |
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
2. загадай сынам Ізраілевым, каб яны прынесьлі табе алею чыстага, выціснутага з алівы, дзеля асьвячэньня, каб няспынна гарэла сьвяцільня; |
3. за заслонай каўчэга адкрыцьця ў скініі сходу Аарон і сыны ягоныя павінны ставіць яе перад Госпадам ад вечара да раніцы заўсёды: гэта вечная пастанова ў роды вашыя; |
4. на сьвечніку чыстым павінны яны ставіць сьвяцільню перад Госпадам заўсёды. |
5. І вазьмі пшанічнай мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінны быць дзьве дзясятых эфы; |
6. і пакладзі іх у два рады, па шэсьць у рад, на чыстым стале перад Госпадам: |
7. і пакладзі на кожны рад чыстага лівану, і будзе гэта пры хлебе, у памяць, у ахвяру Госпаду; |
8. у кожны суботні дзень заўсёды трэба класьці іх перад Госпадам ад сыноў Ізраілевых: гэта наказ вечны; |
9. яны будуць належаць Аарону і сынам ягоным, якія будуць есьці іх на сьвятым месцы, бо гэта вялікая сьвятыня ім з ахвяраў Гасподніх: гэта пастанова вечная. |
10. І выйшаў сын адной Ізраільцянкі, які нарадзіўся ад Егіпцяніна, да сыноў Ізраілевых, і пасварыўся ў табары сын Ізраільцянкі зь Ізраільцянінам; |
11. ганіў сын Ізраільцянкі імя Госпада і ліхасловіў. І прывялі яго да Майсея; |
12. і пасадзілі яго пад варту, пакуль ня будзе абвешчана ім воля Гасподняя. |
13. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
14. выведзі ганьбоўца прэч з табару, і ўсе, хто чуў яго, няхай пакладуць рукі свае на галаву ягоную, і ўсё супольства паб'е яго камянямі; |
15. і сынам Ізраілевым скажы: хто будзе ліхасловіць Бога свайго, той панясе грэх свой; |
16. і ганьбовец імя Гасподняга павінен памерці, камянямі паб'е яго ўсё супольства: хай тое прыхадзень, хай тубылец пачне ганіць імя, аддадзены будзе сьмерці. |
17. Хто заб'е якога-небудзь чалавека, той аддадзены будзе сьмерці. |
18. Хто заб'е быдла, павінен заплаціць за яго, быдла за быдла. |
19. Хто зробіць шкодзіну на целе блізкага свайго, таму трэба зрабіць тое самае, што ён зрабіў: |
20. пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб; як ён зрабіў шкодзіну на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць. |
21. Хто заб'е быдла, павінен заплаціць за яго; а хто заб'е чалавека, таго трэба аддаць сьмерці. |
22. Адзін суд павінен быць у вас, як прыхадню, так і тубыльцу, бо Я Гасподзь, Бог ваш. |
23. І сказаў Майсей сынам Ізраілевым; і вывелі ліхаслоўца прэч з табара, і пабілі яго камянямі, і зрабілі сыны Ізраілевыя, як загадаў Гасподзь Майсею. |
Псалмы 27:1-5 |
1. Псальма Давідава. Цябе, Госпадзе, заклікаю: цьвярдыня мая! ня будзь бязмоўны са мною, каб пры маўчаньні Тваім ня стаўся я падобным да тых, што ў магілу сыходзяць. |
2. Пачуй голас маленьняў маіх, калі я клічу Цябе, калі падымаю рукі мае да сьвятога храма Твайго. |
3. Не загубі мяне з грэшнікамі і з тымі, што крыўду ўчыняюць, якія з блізкімі сваімі гавораць пра мір, а ў сэрцы ў іх ліхое. |
4. Аддай ім паводле іхніх дзеяў, паводле ліхіх учынкаў іхніх; паводле дзеяў іхніх рук ім аддай; аддай ім, што заслужылі яны. |
5. За тое, што не зважаюць на дзеі Гасподнія і на справы рук Ягоных, Ён іх разбурыць і ня збудуе іх. |
Прытчы 10:17-18 |
17. Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай — блукае. |
18. Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы — неразумны. |
Марко 6:1-29 |
1. Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя. |
2. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухачы з подзівам казалі: адкуль у Яго гэта? што за мудрасьць дадзена Яму, і як такія дзівосы чыняцца рукамі Ягонымі? |
3. ці не цясьляр Ён, сын Марыін, брат Якава, Ясіі, Юды і Сымона? ці ня тут сярод нас Ягоныя сёстры? І паняверыліся ў Ім. |
4. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родзічаў і ў доме сваім. |
5. І ня мог учыніць там ніякага цуду; толькі на нямногіх хворых усклаўшы рукі, ацаліў іх. |
6. І зьдзіўляўся зь няверства іхняга. Потым хадзіў па навакольных селішчах і вучыў. |
7. І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі. |
8. І наказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе, |
9. а абувацца ў просты абутак і не насіць дзьвюх вопратак. |
10. І сказаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з той мясьціны. |
11. І калі хто ня прыме вас і ня будзе слухаць вас, дык, выходзячы адтуль, абцярушэце пыл з ног вашых, у сьведчаньне на іх. Праўду кажу вам: радасьней будзе Садоме і Гаморы ў дзень судны, чым таму гораду. |
12. І яны пайшлі і зьвеставалі каяньне; |
13. выганялі шмат дэманаў і многіх хворых мазалі алеем і ацалялі. |
14. Цар Ірад, дачуўшыся пра Ісуса, - бо імя Ягонае стала слыннае, - казаў: гэта Ян Хрысьціцель паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім. |
15. Іншыя казалі: гэта Ільля. А іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў. |
16. А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Ян, якому я адцяў галаву, ён паўстаў зь мёртвых. |
17. Бо гэты Ірад, паслаўшы, узяў Яна і ўвязьніў яго ў цямніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго, бо ажаніўся зь ёю. |
18. Бо Ян казаў Іраду: нельга табе мець жонку брата твайго. |
19. А Ірадыяда, угневаўшыся на яго, хацела забіць яго; ды не магла. |
20. Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і сьвяты і пільнаваў яго; многае рабіў, слухаючыся яго, і з прыемнасьцю слухаў яго. |
21. Настаў зручны дзень, калі Ірад, з нагоды ўгодкаў сваіх, даваў гасьціну вяльможам сваім, тысячнікам і старэйшынам Галілейскім, - |
22. дачка Ірадыядзіна ўвайшла, скакала і дагадзіла Іраду і ўсім, што ляжалі зь ім. Цар сказаў дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе. |
23. І запрысягнуўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, нават да палавіны майго царства. |
24. Яна выйшла і спыталася ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галавы Яна Хрысьціцеля. |
25. І яна адразу пайшла сьпешна да цара і прасіла, кажучы: хачу, каб ты даў мне цяпер жа ў місе галаву Яна Хрысьціцеля. |
26. Цар замаркоціўся; але, дзеля прысягі і тых, што ляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй. |
27. І адразу паслаўшы збраяносца, цар загадаў прынесьці галаву ягоную. |
28. Той пайшоў, адцяў яму галаву ў цямніцы, і прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй. |
29. Вучні ягоныя, пачуўшы, прыйшлі і ўзялі цела ягонае і паклалі яго ў магілу. |