A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лютага 25

Левіт 19:1-37
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2. абвясьці ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і скажы ім: сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я Гасподзь, Бог ваш.
3. Бойцеся кожны маці сваёй і бацькі свайго і суботы Мае шануйце. Я Гасподзь, Бог ваш.
4. Не зьвяртайцеся да ідалаў і багоў літых не рабеце сабе. Я Гасподзь, Бог ваш.
5. Калі будзеце прыносіць Госпаду ахвяру мірную, дык прыносьце яе, каб здабыць сабе ўпадабаньне:
6. у дзень ахвярапрынашэньня вашага і на другі дзень трэба есьці яе, а што засталася на трэці дзень, трэба спаліць на агні;
7. а калі хто пачне есьці яе на трэці дзень, гэта агідна, гэта ня будзе спажыўна;
8. хто пачне есьці яе, той панясе на сабе грэх, бо ён апаганіў сьвятыню Гасподнюю, і зьнішчыцца душа тая з народу свайго.
9. Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, і астаткаў ад жніва твайго не падбірай,
10. і вінаградніка твайго не абірай дачыста, і апалых ягад у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта беднаму і прыхадню. Я Гасподзь, Бог ваш.
11. Ня крадзьце, не манеце і не ашуквайце адзін аднаго.
12. Не прысягайце імем Маім у хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.
13. Ня крыўдзі блізкага твайго і не рабуй. Плата найміту не павінна заставацца ў цябе да раніцы.
14. Не ліхаслові глухога і перад сьляпым не кладзі нічога, каб спатыкнуўся ён; бойся Бога твайго. Я Гасподзь.
15. Не рабеце няпраўды на судзе; ня будзь дагодлівы ўбогаму і не дагаджай вялікаму; па праўдзе судзі блізкага твайго.
16. Не хадзі пераносчыкам ілжы ў народзе тваім і не паўставай на жыцьцё блізкага твайго. Я Гасподзь.
17. Не варагуй з братам тваім у сэрцы тваім; гавары шчыра з блізкім тваім, інакш панясеш грэх за яго.
18. Ня помсьці і ня май намыслу на сыноў народу твайго, любі блізкага твайго, як самога сябе. Я Гасподзь.
19. Статуты Мае шануйце; быдла твайго ня зводзь зь іншаю пародаю; поля твайго не засявай двума родамі насеньня; у вопратку з рознародных нітак, з воўны і лёну, не апранайся.
20. Калі хто перасьпіць з жанчынаю, а яна рабыня, заручаная з мужам, але яшчэ ня выкупленая, альбо воля яшчэ ня дадзена ёй, дык трэба пакараць іх, але ня сьмерцю, бо яна ня вольная;
21. хай прывядзе ён Госпаду да ўваходу ў скінію сходу ахвяру за віну, барана ў ахвяру за віну сваю;
22. і ачысьціць яго сьвятар бараном за віну перад Госпадам ад грэху, якім ён зграшыў, і дараваны яму будзе грэх, якім ён зграшыў..
23. Калі прыйдзеце ў зямлю і пасадзіце якое-небудзь плоднае дрэва, дык плады яго лічэце за неабрэзаныя: тры гады трэба лічыць іх за неабрэзаныя, нельга есьці іх;
24. а на чацьвёрты год усе плады яго павінны быць прысьвечаны на сьвяткаваньні Гасподнія;
25. а на пяты год вы можаце есьці плады яго і зьбіраць сабе ўсе ўтворы яго. Я Гасподзь, Бог ваш.
26. Ня ежце з крывёю; не варажэце і не чаруйце.
27. Ня стрыжэце галавы вашай вакол, і ня псуй краёў барады тваёй.
28. Дзеля памерлага не рабеце нарэзаў на целе вашым і не наколвайце на сябе знакаў. Я Гасподзь.
29. Не апаганьвай дачкі тваёй, дапускаючы яе да распусты, каб не распусьнічала зямля, і не напоўнілася зямля распустаю.
30. Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю шануйце. Я Гасподзь.
31. Не зьвяртайцеся да закліначоў мёртвых, і да чарадзеяў не хадзеце, і не даводзьце сябе да апаганьваньня імі. Я Гасподзь, Бог ваш.
32. Перад абліччам сівога ўставай і шануй аблічча старца, і бойся Бога твайго. Я Гасподзь.
33. Калі паселіцца прыхадзень у зямлі вашай, ня ўціскайце яго:
34. прыхадзень, які пасяліўся ў вас, хай будзе вам тое самае, што і тубылец ваш; любі яго, як сябе; бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.
35. Не рабеце няпраўды ў судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньні:
36. хай будуць у вас вагі правільныя, эфа правільная і гін правільны. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай.
37. Кіруйцеся ўсімі статутамі Маімі і выконвайце іх. Я Гасподзь.

Левіт 20:1-27
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2. Скажы гэта сынам Ізраілевым: хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод Ізраільцянаў, дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, той хай будзе аддадзены сьмерці: народ зямлі хай паб'е яго камянямі;
3. І Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і зьнішчу яго з народу ягонага за тое, што ён даў зь дзяцей сваіх Малоху, каб апаганіць сьвятыню Маю і зьняважыць святое імя Маё;
4. і калі народ зямлі не паверне вачэй сваіх на чалавека таго, якога ён дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, і не заб'е яго,
5. дык Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і на род ягоны і зьнішчу яго з народу ягонага, і ўсіх, хто блудзіць па сьлядах ягоных, каб аблудна хадзіць сьледам за Малохам.
6. І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па сьлядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і зьнішчу яе з народу яе.
7. Асьвячайце сябе і будзьце сьвятыя, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
8. Шануйце пастановы Мае і выконвайце іх, бо Я Гасподзь, Які асьвячае вас.
9. Хто будзе ліхасловіць бацьку свайго альбо маці сваю, той хай будзе аддадзены сьмерці; бацьку свайго і маці сваю ён ліхасловіў: кроў яго на ім.
10. Калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю замужняю, калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю блізкага свайго,— хай будуць аддадзены сьмерці і пералюбнік і пералюбніца.
11. Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той асарамаціў бацьку свайго; абое яны хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
12. Калі хто ляжа зь нявесткаю сваёю, дык абое яны хай будуць аддадзены сьмерці: гідоту ўчынілі яны, кроў іхняя на іх.
13. Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддазены сьмерці, кроў іхняя на іх.
14. Калі хто возьме сабе жонку і маці яе: гэта агіда; на агні трэба спаліць яго і іх, каб ня было беззаконьня сярод вас.
15. Хто зьмяшаецца з быдлам, таго аддаць сьмерці, і быдла забіце.
16. Калі жанчына пойдзе да якой-небудзь жывёлы, каб спалучыцца зь ёю, дык забі жанчыну і жывёлу: хай будуць яны аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
17. Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго альбо дачку маці сваёй дзеля плоцкай спалукі,— гэта сорам, хай будуць яны зьнішчаны на вачах у сыноў народу свайго: ён асарамаціў сястру сваю: грэх свой панясе ён.
18. Калі хто ляжа з жонкаю пад час хваробы крывацечы і адкрые сарамату яе, дык ён агаліў цечу яе, і яна адкрыла цечу крыві сваёй: абое хай будуць вынішчаны з народу свайго.
19. Ніхто не павінен класьціся з сястрой маці сваёй і сястрой бацькі свайго, бо гэта сарамаціць плоць: грэх свой панясуць яны.
20. Хто ляжа зь цёткаю сваёю, той асарамаціў дзядзьку свайго; грэх свой панясуць яны, бязьдзетнымі памруць.
21. Калі хто возьме жонку брата свайго: гэта агідна; ён асарамаціў брата свайго, бязьдзетныя будуць яны.
22. Шануйце ўсе статуты Мае і ўсе законы Мае і выконвайце іх,— і ня скіне вас зь сябе зямля, у якую я вяду вас жыць.
23. Ня ўчыняйце паводле завядзёнак народу, які Я праганяю ад вас; бо яны ўсё гэта рабілі, і Я абурыўся на іх,
24. і сказаў Я вам: вы валодайце зямлёю іхняй, і я вам аддаю ў спадчыну зямлю, у якой цячэ малако і мёд. Я Гасподзь, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад усіх народаў.
25. Адрозьнівайце быдла чыстае ад нячыстага і птушку чыстую ад нячыстай і не апаганьвайце душ вашых быдлам і птушкаю і ўсім, што поўзае па зямлі, што адрозьніў Я, як нячыстае.
26. Будзьце перад Мною сьвятыя, бо Я сьвяты Гасподзь, і Я аддзяліў вас ад народаў, каб вы былі Мае.
27. Хай то мужчына хай жанчына, калі будуць яны выклікаць мёртвых альбо чарадзейнічаць, хай будуць аддадзены сьмерці: камянямі трэба пабіць іх, кроў іхняя на іх.

Псалмы 26:4-10
4. Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцьця майго, сузіраць хараство Гасподняе і наведваць сьвятыню Ягоную;
5. бо Ён схаваў бы мяне ў Сваёй скініі ў дзень няшчасьця; схаваў бы мяне ў патайным месцы Свайго селішча, узьнёс бы мяне на скалу.
6. Тады ўзьнеслася б галава мая над ворагамі наўкола мяне; і прынёс бы я ў Ягонай скініі ахвяры славаслоўя; сьпяваў бы і славіў бы прад Госпадам.
7. Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клічу; зьлітуйся зь мяне і азьвіся мне.
8. Сэрца маё кажа ад Цябе: "шукайце аблічча Майго"; і я буду шукаць аблічча Тваё, Госпадзе.
9. Не схавай ад мяне аблічча Твайго, не адкінь у гневе раба Твайго. Ты быў мой памочнік; не гані мяне і не пакінь мяне, Божа, Ратаўнік мой!
10. Бо мой бацька і маці мая кінулі мяне; але Гасподзь мяне прыме;

Прытчы 10:10-12
10. Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатык­нецца.
11. Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.
12. Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.

Марко 5:1-20
1. Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую.
2. І калі выйшаў Ён з лодкі, ад-разу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апантаны нячыстым духам;
3. у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі;
4. бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго;
5. заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне.
6. А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму,
7. і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!
8. Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека.
9. І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа.
10. І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той.
11. А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней.
12. І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.
13. Ісус адразу дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней; і памкнуўся гурт з урвішча ў мора, а іх было каля дзьвюх тысяч; і патанулі ў моры.
14. А сьвінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І жыхары выйшлі паглядзець, што сталася.
15. Прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць і апрануты, і ў здаровым розуме; і спалохаліся.
16. А тыя, што бачылі, расказалі ім пра тое, як гэта здарылася з апантаным, і пра сьвіней.
17. І пачалі прасіць Яго, каб адышоў ад межаў іхніх.
18. І калі Ён увайшоў у лодку, апантаны прасіў Яго, каб быць зь Ім.
19. Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што ўчыніў з табою Гасподзь і як зь цябе ўмілажаліўся.
20. І пайшоў і пачаў зьвеставаць у Дзесяцігародзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус. І ўсе дзіваваліся.