A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лютага 24

Левіт 17:1-16
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2. абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: вось, што загадвае Гасподзь:
3. калі хто з дома Ізраілевага заколе цяля альбо авечку альбо казу ў табары, альбо калі хто заколе па-за табарам
4. і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб явіць у ахвяру Госпаду перад селішчам Гасподнім, дык чалавеку таму залічана будзе кроў; ён праліў кроў, і зьнішчыцца чалавек той з народу свайго;
5. гэта дзеля таго, каб прыводзілі сыны Ізраілевыя ахвяры свае, якія яны колюць на полі, каб прыводзілі іх перад Госпада да ўваходу ў скінію сходу, да сьвятара, і калолі іх Госпаду ў ахвяры мірныя;
6. і пакропіць сьвятар крывёю на ахвярнік Гасподні каля ўваходу ў скінію сходу і спаліць тлушч дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду,
7. каб яны наперад ня прыносілі ахвяраў сваіх ідалам, за якімі аблудна ходзяць яны. Гэта хай будзе ім пастановаю вечнаю ў роды іхнія.
8. Яшчэ скажы ім: калі хто з дома Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, прыносіць цэласпаленьне альбо ахвяру
9. і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб учыніць яе Госпаду, дык зьнішчыцца той чалавек з народу свайго.
10. Калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, будзе есьці якую-небудзь кроў, дык павярну аблічча Маё на душу таго, хто будзе есьці кроў, і зьнішчу яе з народу яе,
11. бо душа цела ў крыві, і прызначыў яе вам для ахвярніка, каб ачышчаць душы вашыя, бо кроў гэтая душу ачышчае;
12. таму Я і сказаў сынам Ізраілевым: ніводная душа з вас не павінна есьці крыві, і прыхадзень, які жыве сярод вас, не павінен есьці крыві.
13. Калі хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, на ловах зловіць зьвера альбо птушку, якую можна есьці, дык ён павінен даць выцячы крыві яе і пакрыць яе зямлёю,
14. бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная, яна душа ягоная; таму Я сказаў сынам Ізраілевым: ня ежце крыві ні зь якога цела, бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная: кожны, хто будзе есьці яе, зьнішчыцца.
15. І кожны, хто будзе есьці мёртвае альбо разадранае зьверам, тубылец альбо прыхадзень, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара, апотым будзе чысты;
16. а калі ня вымые і не абмые цела свайго, дык панясе на сабе беззаконьне сваё.

Левіт 18:1-30
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: Я Гасподзь, Бог ваш.
3. Паводле дзеяў зямлі Егіпецкай, у якой вы жылі, ня ўчыняйце, і паводле дзеяў зямлі Ханаанскай, у якую Я вяду вас, ня ўчыняйце, і паводле ўстанаўленьняў іхніх не хадзеце:
4. Мае законы выконвайце і Мае пастановы шануйце, учыняючы паводле іх. Я Гасподзь, Бог ваш.
5. Шануйце пастановы Мае і законы Мае, выконваючы якія, чалавек будзе жывы. Я Гасподзь.
6. Ніхто ні да якой родзічкі па крыві не павінен набліжацца дзеля плоцкіх спалукаў. Я Гасподзь.
7. Ты не павінен класьціся з бацькам тваім і з маці тваёй: яна маці твая, не сарамаць яе.
8. Ты не павінен класьціся з жонкаю бацькі твайго; бо гэтым ты сарамаціш бацьку твайго.
9. Ты не павінен класьціся зь сястрою тваёю, з дачкою бацькі твайго альбо з дачкою маці тваёй, што нарадзілася ў шлюбе альбо па-за шлюбам, не сарамаць іх.
10. Ты не павінен класьціся з дачкою дачкі тваёй, не сарамаць іх, бо праз гэта ты сарамаціш сябе.
11. Ты не павінен класьціся з дачкою бацькі твайго, якая нарадзілася ад іншай жонкі ягонай; бо яна сястра твая, не сарамаць яе.
12. Ты не павінен класьціся зь сястрою бацькі твайго, бо яна адной крыві з бацькам тваім.
13. Ты не павінен класьціся зь сястрою маці тваёй, бо яна адной крыві з маці тваёй.
14. Ты не павінен класьціся з жонкаю брата бацькі твайго; бо яна цётка твая.
15. Ты не павінен класьціся зь нявесткай тваёю, яна жонка сына твайго, не сарамаць яе.
16. Ты не павінен класьціся зь ятроўкай тваёю, яна жонка брата твайго, не сарамаць брата твайго.
17. Калі ты маеш плоцкія зносіны з жанчынай, ты не павінен спаць з дачкою яе і з унучкай яе; яны адной крыві зь ёю; таму гэта ганьба крыві.
18. Не бяры ў пасьцель тваю сястры жонкі тваёй, пакуль жонка твая жыве; не рабі яе суперніцай жонцы тваёй пры жыцьці яе.
19. І не кладзіся з жанчынай пад час ачышчэньня яе; у гэты час нячыстая яна.
20. І з жонкаю блізкага твайго не кладзіся, каб выліць семя, бо праз гэта ты станеш нячысты.
21. Зь дзяцей тваіх не аддавай на слугаваньне МАлоху і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.
22. Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынаю: гэта мярзота.
23. І ні зь якім быдлам не кладзіся, каб выліць семя і апаганіцца ад яго; і жанчына не павінна станавіцца перад быдлам дзеля спалукі зь ім: гэта брыдота.
24. Не апаганьвайце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе людзі, якіх Я праганяю ад вас;
25. і апаганілася зямля, і Я паглядзеў на беззаконьне яе, і скінула зямля тых, што жывуць на ёй.
26. А вы шануйце пастановы Мае і законы Мае і не рабеце ўсіх гэтых гідотаў, ні тубылец, ні прыхадзень, што жыве сярод вас,
27. бо ўсе гэтыя брыдоты рабілі людзі гэтай зямлі, што перад вамі, і апаганілася зямля;
28. каб і вас ня скінула зь сябе зямля, калі вы пачняце паганіць яе, як яна скінула людзей, што былі да вас;
29. бо калі хто будзе рабіць усе гэтыя брыдоты, дык душы тых, што рабіцьмуць гэта, вынішчаны будуць з народу свайго.
30. Дык вось, шануйце загады Мае, каб ня ўчыняць паводле агідных завядзёнак, паводле якіх учынялі да вас, і каб не апаганьвацца імі. Я Гасподзь, Бог ваш.

Псалмы 26:1-3
1. Псальма Давідава. Перад памазаньнем. Гасподзь — сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Гасподзь — цьвярдыня жыцьця майго: каго мне палохацца?
2. Калі будуць наступаць на мяне зласьліўцы, супастаты і ворагі мае, каб зжэрці цела маё, яны спатыкнуцца самі і ўпадуць.
3. Калі выступіць супраць мяне кагорта, не збаіцца сэрца маё; калі на мяне паўстане вайна, і тады спадзявацца буду.

Прытчы 10:9-9
9. Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.

Марко 4:21-41
21. І сказаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну альбо пад ложак? ці не на тое, каб ставіць яе на сьвечніку?
22. Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву; і нічога няма схаванага, што ня выйшла б наверх.
23. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе!
24. І сказаў ім: заўважайце, што чуеце: якою мераю мерыце, такою адмерана будзе вам і дададзена будзе вам, слухачам.
25. Бо, хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.
26. І сказаў: Царства Божае падобнае на тое, як калі чалавек кіне насеньне ў зямлю,
27. і сьпіць, і ўстае ноччу і днём, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ня ведае ён;
28. бо зямля сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе;
29. калі ж высьпее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.
30. І сказаў: да чаго прыпадобнім Царства Божае? альбо празь якую прытчу выявім яго?
31. Яно - як зерне гарчычнае, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць найменшае з усіх зярнят на зямлі:
32. а як пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую траву, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.
33. І такімі многімі прытчамі прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі чуць;
34. і бяз прытчы не казаў ім, а вучням сам-насам тлумачыў усё.
35. Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок.
36. І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі.
37. І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою.
38. А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем?
39. І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша.
40. І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры?
41. І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?