1 Самуіла 30

1

На трэці дзень пасьля таго, як Давід і людзі ягоныя пайшлі ў Сэкелаг, Амалікіцяне напалі з поўдня на Сэкелаг і ўзялі Сэкелаг і спалілі яго агнём,

2

а жанчын і ўсіх, што былі ў ім, ад малога да вялікага, не забілі, а забралі ў палон, і пайшлі сваёй дарогаю.

3

І прыйшоў Давід і людзі ягоныя да горада, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны іхнія і дочкі іхнія пабраныя ў палон.

4

І падняў Давід і люд, што быў зь ім, плач, і плакалі, пакуль не застолася ў іх сілы плакаць.

5

Узятыя былі ў палон і абедзьве жонкі Давіда, Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.

6

Давід моцна быў зьбянтэжаны, бо люд хацеў пабіць яго камянямі, бо ўбольваўся душою ўвесь люд, кожны за сыноў сваіх і дочак сваіх.

7

Але Давід умацаваўся надзеяй на Госпада Бога свайго, і сказаў Давід Авіятару сьвятару, сыну Авімэлэхаваму: прынясі мне эфод. І прынёс Авіятар эфод Давіду.

8

І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці перасьледаваць мне гэтае полчышча, і ці даганю іх? І сказана яму: перасьледуй, дагоніш і адбярэш.

9

І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім; і прыйшлі да патока Васор і стомленыя спыніліся там.

10

І перасьледаваў Давід сам і чатырыста чалавек; а дзьвесьце чалавек заставаліся, бо ня мелі сілы перайсьці паток Васорскі.

11

І знайшлі Егіпцяніна ў полі, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і напаілі яго вадою;

12

і далі яму частку зь вязанкі смокваў і дзьве вязанкі разынак, і ён еў і ўмацаваўся, бо ён ня еў хлеба і ня піў вады тры дні і тры ночы.

13

І сказаў яму Давід: чый ты і адкуль ты? І сказаў ён: я — хлопец Егіпцянін, раб аднаго Амалікіцяніна, і кінуў мяне гаспадар мой, бо ўжо тры дні, як я захварэў;

14

мы прарваліся ў паўднёвую частку Керэці і ў вобласьць Юдаву і ў паўднёвую частку Халева, а Сэкелаг спалілі агнём.

15

І сказаў яму Давід: ці давядзеш мяне да гэтага полчышча? І сказаў ён: прысягні мне Богам, што ты не заб'еш мяне і не перадасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я давяду цябе да гэтага полчышча.

16

Давід прысягнуў яму, і ён павёў яго. І вось Амалікіцяне, рассыпаўшыся па ўсёй той краіне, ядуць і п'юць і сьвяткуюць з прычыны вялікай здабычы, якую яны ўзялі зь зямлі Філістымскай і зь зямлі Юдэйскай.

17

І пабіваў іх Давід ад зьмярканьня да вечара другога дня, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюды і паўцякалі.

18

І адабраў Давід усё, што ўзялі Амалікіцяне, і абедзьвюх жонак сваіх адабраў Давід,

19

і не прапала ў іх нічога, ні малога, ні вялікага, ні з сыноў, ні з дачок, ні са здабычы, ні з усяго, што Амалікіцяне ўзялі ў іх: усё вярнуў Давід.

20

І ўзяў Давід усё дробнае і буйное быдла, і гналі яго перад сваім быдлам і казалі: гэта — Давідава здабыча..

21

І прыйшоў Давід да тых дзьвюх сотняў чалавек, якія ня мелі сілы ісьці за ім, і якіх ён пакінуў каля патока Васор, і выйшлі яны насустрач Давіду і насустрач людзям, якія былі зь ім. І падышоў Давід да гэтых людзей і прывітаў іх.

22

Тады ліхія і нягодныя зь людзей, што хадзілі з Давідам, пачалі гаварыць: за тое, што яны не хадзілі з намі, не дамо ім са здабычы, якую мы адабралі: няхай кожны возьме толькі сваю жонку і дзяцей і йдзе.

23

Але Давід сказаў, не рабеце так, братове мае, пасьля таго, як Гасподзь даў нам гэта і захаваў нас і перадаў у рукі нашыя полчышча, што прыходзіла супраць нас.

24

І хто паслухаецца вас у гэтай справе? Якая частка тым, што хадзілі на вайну, такая частка павінна быць і тым, што заставаліся пры абозе: на ўсіх трэба падзяліць.

25

Так было з гэтага часу і пасьля; і паставіў ён гэта ў закон і ў правіла Ізраілю да сёньня.

26

І прыйшоў Давід у Сэкелаг і паслаў са здабычы старэйшынам Юдавым, сябрам сваім, кажучы: "вось вам дарунак са здабычы,узятай у ворагаў Гасподніх,"—

27

тым, якія ў Вэтылі і ў Раме паўднёвай і ў Ятыры,

28

і ў Араіры і ў Шыфмоце, і ў Эстэмоа,

29

і ў Рахале і ў гарадах Ерахмэельскіх і ў гарадах Кенэйскіх,

30

і ў Хорме, і ў Харашане, і ў Атаху,

31

і ў Хэўроне і ва ўсіх мясьцінах, дзе хадзіў Давід сам і людзі ягоныя.