1 Самуіла 12

1

І сказаў Самуіл усяму Ізраілю: вось, я паслухаўся голасу вашага ва ўсім, што вы казалі мне, і паставіў над вамі цара,

2

і вось, цар ходзіць перад вамі; а я састарыўся і пасівеў; і сыны мае з вамі; а я хадзіў перад вамі з маладосьці маёй і да сёньня;

3

вось я; сьведчыце на мяне перад Госпадам і перад памазанцам Ягоным, у каго я ўзяў вала, у каго ўзяў асла, каго пакрыўдзіў і каго ўціснуў, у каго ўзяў дарунак і заплюшчыў у справе ягонай вочы мае,— і я вярну вам.

4

І адказвалі: ты ня крыўдзіў нас і ня ўціскаў нас і нічога ні ў кога ня ўзяў.

5

І сказаў ён ім: сьведка на вас Гасподзь, і сьведка памазанец Ягоны ў гэты дзень, што вы не знайшлі нічога за мною. І сказалі: сьведка.

6

Тады Самуіл сказаў народу: Гасподзь, Які паставіў Майсея і Аарона і Які вывеў бацькоў вашых зь зямлі Егіпецкай.

7

А цяпер станьце і я буду судзіцца з вамі перад Госпадам за ўсе дабрачынствы, якія зрабіў Ён вам і бацькам вашым.

8

Калі прыйшоў Якаў у Егіпет, і бацькі вашыя залямантавалі да Госпада, дык Гасподзь паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых зь Егіпта і пасялілі іх на месцы гэтым.

9

Але яны забылі Госпада Бога свайго, і Ён аддаў іх у рукі Сісары, ваеначальніка Асорскага, і ў рукі Філістымлянаў і ў рукі цара Маавіцкага, якія ваявалі супроць іх.

10

Але калі яны залямантавалі да Госпада і сказалі: "зграшылі мы, бо пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалам і Астартам, цяпер выбаві нас ад рукі ворагаў нашых і мы будзем служыць Табе",

11

тады Гасподзь паслаў Ераваала і Варака, і Ефтая і Самуіла, і выбавіў вас ад рукі ворагаў вашых, што атачалі вас, і вы жылі ў бясьпецы.

12

Але ўбачыўшы, што Наас, цар Аманіцкі, ідзе супроць вас, вы сказалі мне: "ня цар няхай валадарыць над намі", тым часам як Гасподзь Бог ваш — цар ваш.

13

Дык вось, вось цар, якога вы абралі, якога вы патрабавалі: вось, Гасподзь паставіў над вамі цара.

14

Калі будзеце баяцца Госпада і служыць Яму і слухаць голасу Ягонага, і ня будзеце супрацівіцца загадам Госпада, і будзеце і вы і цар ваш, які валадарыць над вамі, хадзіць сьледам Госпада Бога вашага;

15

а калі ня будзеце слухаць голасу Госпада і пачняце супрацівіцца загадам Госпада, дык рука Госпада будзе супроць вас, як была супроць бацькоў вашых.

16

Цяпер станьце і паглядзеце на дзею вялікую, якую Гасподзь учыніў перад вачыма вашымі:

17

ці ж ня жніва пшаніцы сёньня? але я паклічу Госпада, і пашле Ён гром і дождж, і вы ўведаеце і ўбачыце, які вялікі грэх, які вы ўчынілі перад вачыма Госпада, просячы сабе цара.

18

І паклікаў Самуіл Госпада, і Гасподзь паслаў гром і дождж у той дзень; і прыйшоў увесь народ у вялікі страх ад Госпада і Самуіла.

19

І сказаў увесь народ Самуілу: памаліся за рабоў тваіх перад Госпадам Богам тваім, каб не памерці нам; бо да ўсіх грахоў нашых мы дадалі яшчэ грэх, калі прасілі сабе цара.

20

І адказваў Самуіл народу: ня бойцеся, грэх гэты вамі зроблены, але вы не адступайце толькі ад Госпада і служэце Госпаду ўсім сэрцам вашым

21

і не навяртайцеся на сьлед нікчэмных багоў, якія не прынясуць карысьці і ня выбавяць, бо яны — нішто.

22

А Гасподзь не пакіне народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо Госпаду заўгодна было выбраць вас народам Сваім;

23

і я таксама не дапушчу сабе грэху перад Госпадам, каб перастаць маліцца за вас, і буду настаўляць вас на шлях добры і просты;

24

толькі бойцеся Госпада і служэце Яму ў ісьціне, ад усяго сэрца вашага, бо вы бачылі, якія вялікія дзеі Ён учыніў з вамі,

25

калі ж вы будзеце рабіць ліхое, дык і вы і цар ваш загінеце.