1 Самуіла 1

1

Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа,— Эфрацянін;

2

у яго былі дзве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей.

3

І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і тым былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнээс, сьвятарамі Госпада.

4

У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі;

5

а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе.

6

Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе.

7

Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела.

8

І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў?

9

І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні.

10

І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка палакала,

11

і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай.

12

Тым часам як яна доўга малілася перад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе;

13

і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п'яную.

14

І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п'яная? Працьверазіся ад віна твайго.

15

І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я — жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю перад Госпадам;

16

ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль.

17

І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго.

18

А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў дарогу сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае, як раней.

19

І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся перад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь.

20

Праз некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, "у Госпада я выпрасіла яго".

21

І пайшоў муж яе Элкана і ўся сям'я ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае.

22

А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён явіцца перад Госпадам і застанецца там назаўсёды.

23

І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай сьцьвердзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла.

24

А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця.

25

І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Іліі,

26

і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я — тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду;

27

за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;

28

і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага — служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.