Суддзі 11

1

Ефтай Галаадыцянін быў чалавек адважны; ён быў сын распусьніцы; ад Гілеада нарадзіўся Ефтай.

2

І жонка Галаадава нарадзіла яму сыноў. Калі ўзмужнелі жончыныя сыны, яны выгналі Ефтая, сказаўшы яму: ты ня спадчыньнік у доме бацькі нашага, бо ты сын іншай жанчыны.

3

І ўцёк Ефтай ад братоў сваіх і жыў у зямлі Тоў; і сабраліся да Ефтая людзі, якім ня было чаго траціць, і выходзілі зь ім.

4

Праз некаторы час Аманіцяне пайшлі вайною на Ізраіля.

5

У час вайны Аманіцянаў з Ізраільцянамі прыйшлі старэйшыны Галаадскія ўзяць Ефтая зь зямлі Тоў

6

і сказалі Ефтаю: прыйдзі, будзь нам за правадыра, і будзем біцца з Аманіцянамі.

7

Ефтай сказаў старэйшынам Галаадскім: ці ж ня вы зьненавідзелі мяне і выгналі з дому бацькі майго? навошта ж прыйшлі да мяне цяпер, калі вы ў бядзе?

8

Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: таму мы цяпер прыйшлі да цябе, каб ты пайшоў з намі і біўся з Аманіцянамі і быў у нас за правадыра ўсім жыхарам Галаадскім.

9

І сказаў Ефтай старэйшынам Галаадскім: калі вы вернеце мяне, каб біцца з Аманіцянамі, і Гасподзь аддасьць мне іх,— дык ці застануся я ў вас за правадыра?

10

Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: Гасподзь хай будзе за сьведку паміж намі, што мы зробім паводле слова твайго!

11

І пайшоў Ефтай з старэйшынамі Галаадскімі і народ паставіў яго над сабою начальнікам і правадыром, і Ефтай вымавіў усе словы свае перад абліччам Госпада ў Масіфе.

12

І паслаў Ефтай да цара Аманіцкага сказаць: што табе да мяне, што ты прыйшоў да мяне ваяваць на зямлі маёй?

13

Цар Аманіцкі сказаў паслам Ефтаевым: Ізраіль, калі ішоў зь Егіпта; узяў зямлю маю ад Арнона да Явока і Ярдана; дык вось, аддай мне яе зь мірам.

14

Ефтай другі раз паслаў паслоў да цара Аманіцкага —

15

сказаць яму: так кажа Ефтай: Ізраіль ня ўзяў зямлі Маавіцкай і зямлі Аманіцкай;

16

бо, калі ішлі зь Егіпта, Ізраіль пайшоў у пустыню да Чэрмнага мора і прыйшоў у Кадэс;

17

адтуль паслаў Ізраіль паслоў да цара Эдомскага сказаць: "дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю"; але цар Эдомскі не паслухаў; і да цара Маавіцкага ён пасылаў, але і той не згадзіўся; таму Ізраіль заставаўся ў Кадэсе.

18

І пайшоў пустыняю, і абышоў зямлю Эдомскую і зямлю Маавіцкую, прыйшоўшы да ўсходняй мяжы зямлі Маавіцкай, атабарыўся за Арнонам; але не ўваходзіў у межы Маавіцкія, бо Арнон ёсьць мяжа Маав.

19

І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, цара Эсэвонскага, і сказаў яму Ізраіль: дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю ў нашае месца.

20

Але Сігон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля праз межы свае, і сабраў Сігон увесь народ свой, і разьмясьціўся табарам у Яацы, і біўся зь Ізраілем.

21

І аддаў Гасподзь Бог Ізраілеў Сігона і ўвесь народ ягоны ў рукі Ізраілю, і ён пабіў іх; і атрымаў Ізраіль у спадчыну ўсю зямлю Амарэя, які жыў у зямлі той;

22

і атрымалі яны ў спадчыну ўсе межы Амарэя ад Арнона да Явока і ад пустыні да Ярдана.

23

Дык вось, Гасподзь Бог Ізраілеў прагнаў Амарэя ад аблічча народу Свайго Ізраіля, а ты хочаш забраць яго спадчыну?

24

Ці не валодаеш ты тым, што даў табе Хамос, бог твой? І мы валодаем усім тым, што даў нам у спадчыну Гасподзь, Бог наш.

25

Хіба ты лепшы за Валака, сына Сэпфоравага, цара Маавіцкага? ці сварыўся ён зь Ізраілем, альбо ці ваяваў зь імі?

26

Ізраіль жыве ўжо трыста гадоў у Эсэвоне і ў залежных ад яго гарадах, у Араіры, і ў залежных ад яго гарадах, і ва ўсіх гарадах, якія паблізу Арнона; але чаму вы ў той час не адабралі іх?

27

А я не вінаваты перад табою, і ты робіш мне благое, выступіўшы супроць мяне вайною. Гасподзь Судзьдзя хай будзе сёньня судзьдзёю паміж сынамі Ізраіля і Аманіцянамі!

28

Але цар Аманіцкі не паслухаў слоў Ефтая, зь якімі ён пасылаў да яго.

29

І быў на Ефтаі Дух Гасподні, і прайшоў ён Галаад і Манасію, і з Масіфы Галаадскай пайшоў да Аманіцянаў.

30

І даў Ефтай абяцаньне Госпаду і сказаў: калі ты аддасі Аманіцян у рукі мае,

31

дык, як вярнуся зь мірам ад Аманіцянаў, што выйдзе з варотаў дома насустрач мне, будзе Госпаду, і прынясу гэта на цэласпаленьне.

32

І прыйшоў Ефтай да Аманіцянаў ваяваць зь імі, і аддаў іх Гасподзь у рукі ягоныя;

33

і пабіў іх боем вельмі вялікім, ад Араэра да Мініта дваццаць гарадоў, і да Авэль-Кераміма, і ўпакорыліся Амарэі перад сынамі Ізраілевымі.

34

І прыйшоў Ефтай у Масіфу ў дом свой, і вось, дачка ягоная выходзіць насустрач яму з тымпанамі і танцамі: яна была ў яго толькі адна, і ня было ў яго яшчэ ні сына, ні дачкі.

35

Калі ён убачыў яе, разадраў вопратку на сабе і сказаў: ах, дачка мая! ты забіла мяне; і ты сярод парушальнікаў спакою майго! я адкрыў вусны мае перад Госпадам і не магу адмовіцца.

36

Яна сказала яму: бацька мой! ты адкрыў вусны твае перад Госпадам — і рабі са мною тое, што сказалі вусны твае, калі Гасподзь учыніў празь цябе помсту ворагам тваім Аманіцянам.

37

І сказала бацьку свайму: зрабі мне толькі вось што: адпусьці мяне на два месяцы; я пайду, узыду на горы і аплачу дзявоцтва маё зь сяброўкамі маімі.

38

Ён сказаў: ідзі. І адпусьціў яе на два месяцы. Яна пайшла зь сяброўкамі і аплаквала дзявоцтва сваё ў горах.

39

Як прайшло два месяцы, яна вярнулася да бацькі свайго, і ён выканаў над ёю абяцаньне сваё, якое даў, і яна ня зьведала мужа. І ўвайшло ў звычай Ізраіля,

40

што кожны год дочкі Ізраіля хадзілі аплакваць дачку Ефтая Галаадыцяніна, чатыры дні ў год.