Откровение 9

1

Пяты анёл затрубіў, і ўгледзеў я зорку, што ўпала зь неба на зямлю, і дадзены ёй ключ да калодзежа бездані:

2

яна адамкнула калодзеж бездані, і выйшаў дым з калодзежа, як дым зь вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа.

3

І з дыму выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй была ўлада, якую маюць зямныя скарпіёны.

4

І сказана было ёй, каб ня чыніла шкоды траве зямной, і ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць Божай пячаткі на лобе сваім.

5

І дадзена ёй не забіваць іх, а толькі мучыць пяць месяцаў; і пакута ад яе падобная да пакуты ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.

6

У тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці, ды ня знойдуць яе; захочуць памерці, ды сьмерць уцячэ ад іх.

7

З выгляду саранча была падобная да коней, зрыхтаваных на вайну; і на галовах у яе як бы вянкі, падобныя на залатыя, а твары ў яе — як твары чалавечыя;

8

і валасы ў яе — як валасы ў жанчыны, а зубы ў яе былі, як у львоў;

9

на ёй былі панцыры, як бы панцыры жалезныя, а шум ад крылаў яе — як грукат ад калясьніц, калі безьліч коней бяжыць на вайну;

10

у яе былі хвасты, як у скарпіёнаў, і ў хвастах у яе былі джалы; а ўлада ў яе была — шкодзіць людзям пяць месяцаў.

11

Царом над сабою мела яна анёла бездані; імя яму па-габрэйску "Аваддон", а па-грэцку "Апальліён ".

12

Адно гора прайшло; вось, ідуць за ім яшчэ два горы.

13

Шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога ахвярніка, што стаяў прад Богам,

14

які (голас) казаў шостаму анёлу, што меў трубу: вызвалі чатырох анёлаў, зьвязаных каля вялікай ракі Эўфрат.

15

І вызвалены былі чатыры анёлы, падрыхтаваныя на дзень, і гадзіну, і месяц і год, каб умярцьвіць траціну людзей.

16

Лічба коннага войска была дзьве цьмы разоў па цьме; і я чуў лічбу яго.

17

Так бачыў я ў зьявішчы коней і на іх верхаўцоў, якія мелі на сабе панцыры вогненныя, гіяцынтавыя і серныя; галовы ў коней — як у ільвоў, і з храпы ў іх выходзіў вагонь, дым і серка.

18

Ад гэтых трох пошасьцяў, ад вагню, дыму і серкі, што выходзілі з храпы іхняе, памерла траціна людзей;

19

бо сіла коней была ў храпе ў іх і ў хвастах у іх; а хвасты ў іх былі падобныя да зьмеяў і мелі галовы, і імі яны чынілі шкоду.

20

А рэшта людзей, якія не памерлі ад гэтых пошасьцяў, не раскаяліся ў дзеях рук сваіх, так каб не пакланяцца дэманам і залатым, срэбраным, медным, каменным і драўняным ідалам, якія ня могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць;

21

і не пакаяліся яны ў забойствах сваіх, ні ў чарадзействах сваіх, ні ў распусьце сваёй, ні ў крадзяжах сваіх.