Откровение 6

1

І я ўгледзеў, што Ягня зьняло першую зь сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істотаў, якая гаварыла як бы грамавым голасам: ідзі і глядзі!

2

Я зірнуў, і вось, конь белы, і на ім верхавец, які меў лук, і дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны, і каб перамагчы.

3

І калі Ён зьняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту: ідзі і глядзі.

4

І выйшаў другі конь гняды; і таму, хто на ім сядзеў, дадзена было ўзяць мір зь зямлі, і каб забівалі адзін аднаго; і дадзены яму вялікі меч.

5

І калі Ён зьняў трэцюю пячатку, я чуў трэцюю жывую істоту, якая казала: ідзі і глядзі. Я зірнуў, і вось, конь вараны, і на ім верхавец, які меў вагі ў руцэ сваёй.

6

І чуў я голас з-пасярод чатырох жывых істотаў, які казаў: мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; а алею і віна не марнуй!

7

І калі Ён зьняў чацьвёртую пячатку, я чуў голас чацьвёртай жывой істоты, які казаў: ідзі і глядзі.

8

І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім верхавец, якому імя сьмерць; і пекла ішло за ім сьледам, і дадзена яму ўлада над чвэрцю зямлі — забіваць мечам і голадам, і пошасьцю і зьвярамі зямнымі.

9

І калі Ён зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае і за сьведчаньне, якое мелі яны.

10

І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Уладыка сьвяты і праведны, ня судзіш і ня помсьціш жыхарам зямным за кроў нашу?

11

І дадзена было кожнаму зь іх адзеньне белае, і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік.

12

І калі Ён зьняў шостую пячатку, я зірнуў, і вось, сталася вялікае трасеньне зямлі, і сонца счарнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся бы кроў,

13

і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як смакоўніца, патрасаная моцным ветрам скідае нясьпелыя смоквы свае.

14

І неба схавалася, зьвіўшыся як сувой; і кожная гара і выспа рушылі зь месцаў сваіх;

15

і цары зямныя і вяльможы, і багатыя і тысячнікі і моцныя, і кожны раб і кожны вольнік схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор,

16

і кажуць гарам і камяням: упадзеце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Гасподняга;

17

бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа выстаяць?