Откровение 21

1

І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма.

2

І я, Ян, угледзеў сьвяты горад Ерусалім, новы, які сыходзіў ад Бога зь неба, падрыхтаваны як нявеста, убраная для мужа свайго.

3

І пачуў я гучны голас зь неба, які казаў: вось, скінія Бога зь людзьмі, і Ён будзе жыць зь імі; яны будуць Ягоным народам, і Сам Бог зь імі будзе Богам іхнім,

4

і ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло.

5

І сказаў Той, Хто сядзеў на троне: вось твару ўсё новае. І кажа мне: напішы; бо словы гэтыя праўдзівыя і слушныя.

6

І сказаў мне: збылося! Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец; сасьмягламу дам задарма з крыніцы вады жывое;

7

Пераможца спадкуе ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам;

8

А баязьлівым і няверным, і паганым і забойцам, і любаблуднікам і чарадзеям, і ідаласлужнікам і ўсім ашуканцам — іхняя доля ў возеры, якое гарыць вагнём і серкаю; гэта — сьмерць другая.

9

І прыйшоў да мяне адзін зь сямі анёлаў, у якіх было сем чараў, напоўненых сямю апошнімі пошасьцямі, і сказаў мне: ідзі, я пакажу табе жонку, нявесту Ягняці.

10

І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне вялікі горад, сьвяты Ерусалім, які сыходзіў зь неба ад Бога:

11

ён мае славу Божую; сьветласьць ягоная падобная да каштоўнага каменя, як бы да каменя ясьпісу крышталёвага;

12

ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых:

13

з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы;

14

мур горада мае дванаццаць падмуркаў, і на іх імёны дванаццаці апосталаў Ягняці.

15

Той, што са мной гаварыў, меў залатую трысьціну для вымярэньня горада і брамаў ягоных і муроў ягоных.

16

А горад разьмешчаны чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І абмерыў ён горад трысьцінай на дванаццаць тысяч стадыяў; даўжыня і шырыня і вышыня ягоныя роўныя.

17

І мур ягоны абмерыў у сто сорак чатыры локці, мераю чалавечаю, якая мера і анёлава.

18

Мур ягоны складзены зь ясьпісу, а горад быў чыстае золата, падобны чыстаму шклу.

19

Падмуркі гарадзкога мура ўпрыгожаны ўсялякімі каштоўнымі камянямі: падмурак першы — ясьпіс, другі — сапфір, трэці — халкідон, чацьвёрты — смарагд,

20

пяты — сарданікс, шосты — сардыс, сёмы — хрызаліт, восьмы — берыл, дзявяты — тапаз, дзясяты — хрызапраз, адзінаццаты — якінт, дванаццаты — амэтыст.

21

А дванаццаць брамаў — дванаццаць перлаў: кожная брама была з адной пярліны. Вуліцы горада — чыстае золата, як празрыстае шкло.

22

А храма я ня бачыў у ім, бо Гасподзь Бог Усеўладны — храм Ягоны, і Ягняці.

23

І горад ня мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы на асьвятленьне сваё; бо слава Божая асьвятліла яго, і сьветач ягоны — Ягня.

24

Выратаваныя народы будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свой.

25

Брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.

26

І прынясуць у яго славу і гонар народаў;

27

і ня ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ніхто, аддадзены погані і хлусьні, а толькі тыя, якія запісаны ў кнізе жыцьця.