Откровение 20

1

І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.

2

Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д’ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў,

3

і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.

4

І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў;

5

а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсеньне.

6

Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.

7

А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні — як пясок марскі.

8

І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны.

9

І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх;

10

а д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя.

11

І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца.

12

І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгорнутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх.

13

Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх,

14

і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — сьмерць другая.

15

І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае.