Откровение 2

1

Анёлу Эфэскай царквы напішы: так кажа Той, Хто трымае сем зорак у правіцы Сваёй, Хто ходзіць сярод сямі залатых сьветачаў:

2

"ведаю дзеі твае і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і тое, што ты ня можаш трываць распусных, і выпрабаваў тых, якія называюць сябе апосталамі, а яны не такія, і выявіў, што яны хлусы;

3

ты шмат перажываў і маеш цярплівасьць, і на імя Маё працаваў і не зьнемагаў.

4

Але маю супроць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю.

5

Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой зь месца ягонага, як не пакаешся.

6

Аднак тое ў табе добрае, што ненавідзіш ты дзеі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу.

7

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, таму дам паспытаць ад дрэва жыцьця, што сярод раю Божага".

8

І анёлу Сьмірненскай царквы напішы: "Так кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і вось, жывы:

9

ведаю твае дзеі, і скруху, і галечу, — але ж ты багаты, — і праклёны ад тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі; але яны не такія, а зборня сатанінская.

10

Ня бойся нічога, што табе выпадзе перацярпець. Вось, д’ябал будзе ўкідаць з асяродзьдзя вас у цямніцу, каб спакусіць вас, і будзеце мець скруху дзён дзесяць. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.

11

Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможца не зазнае шкоды ад другое сьмерці".

12

І анёлу Пергамскай царквы напішы: "Так кажа Той, Хто мае востры з двух бакоў меч:

13

ведаючы твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны, і што трымаеш імя Маё, і ня зрокся веры Мае нават у тыя дні, калі ў вас, дзе жыве сатана, забіты верны сьведка Мой Анціпа.

14

Але маю крыху супроць цябе, бо ёсьць у цябе там такія, што трымаюцца вучэньня Валаама, які навучыў Валака ўвесьці ў спакусу сыноў Ізраілевых, каб яны елі ідалаахвярнае і любаблуднічалі.

15

Так і ў цябе ёсьць прыхільнікі вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.

16

Пакайся; а калі ня так, неўзабаве прыйду да цябе і ўступлю зь імі ў бой мечам вуснаў Маіх.

17

Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам спажываць патаемную манну, і дам яму белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто ня ведае, акрамя таго, хто атрымлівае".

18

І анёлу Фіятырскай царквы напішы: "Так кажа Сын Божы, у Якога вочы — як полымя вогненнае, і ногі падобныя да халкалівану:

19

ведаю твае дзеі, і любоў, і служэньне, і веру, і цяпрлівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя.

20

Але маю крыху супроць цябе, бо ты патураеш жонцы Езавэлі, якая сябе называе прарочыцай, навучаць і зводзіць у зман рабоў Маіх, любаблуднічаць і есьці ідалаахвярнае.

21

Я даў ёй часу пакаяцца ў распусьце яе, але яна не пакаялася.

22

Вось, Я кідаю яе на ложак і тых, што ў распусьце зь ёю, у вялікую скруху, калі не пакаюцца ў дзеях сваіх.

23

І дзяцей яе аддам сьмерці, і зразумеюць усе цэрквы, што Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых.

24

А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія ня трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў сатанінскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару;

25

толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль прыйду.

26

Хто перамагае і захоўвае дзеі Мае да канца, таму дам уладу над язычнікамі,

27

і будзе пасьвіць іх жазлом жалезным; і, як посуд гліняны, яны скрышацца, як і Я атрымаў уладу ад Айца Майго;

28

і дам яму зорку золкавую.

29

Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам".