Откровение 12

1

І зьявілася на небе вялікая азнака — жанчына, адзетая ў сонца; пад нагамі ў яе месяц, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак.

2

Яна мела ва ўлоньні і крычала ад болю і родавых пакутаў.

3

І другая азнака зьявілася на небе: вось, вялікі чырвоны цмок зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі, і на галовах у яго сем дыядэм;

4

хвост ягоны звалок зь неба траціну зорак і кінуў іх на зямлю. Цмок гэты стаў перад жанчынаю, якая мелася радзіць, каб, калі яна народзіць, зжэрці яе дзіця.

5

І нарадзіла яна дзіця мужчынскага полу, якому належыць пасьвіць усе народы жазлом жалезным; і ўзята было дзіця да Бога і да трона Ягонага.

6

А жанчына ўцякла ў пустыню, дзе прыгатавана было ёй месца ад Бога, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён.

7

І адбылася на небе вайна: Міхаіл і анёлы ягоныя ваявалі супроць цмока, і цмок і анёлы ягоныя ваявалі супроць іх,

8

але ня ўстоялі, і не знайшлося ўжо ім месца на небе.

9

І скінуты быў вялікі цмок, старавечны зьмей, называны д’яблам і сатаною, змусьціцель усяго сьвету, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя скінуты зь ім.

10

І пачуў я гучны голас, які гаварыў на небе: цяпер настала збавеньне і сіла і царства Бога нашага і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты паклёпнік братоў нашых, які паклёпнічаў на іх перад Богам нашым дзень і ноч;

11

яны перамаглі яго крывёю Ягняці і словам сьведчаньня свайго і не палюбілі душаў сваіх нават да сьмерці.

12

Дык вось, весялецеся, нябёсы і насельнікі іх! Гора тым, што жывуць на зямлі і ў моры, бо да вас сышоў д’ябал у вялікай лютасьці, ведаючы, што ня многа яму застаецца часу!

13

А калі цмок убачыў, што скінуты на зямлю, пачаў перасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла дзіця мужчынскага полу.

14

І дадзены былі жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустыню ў месца сваё ад аблічча зьмея і там кармілася час, часы і паўчасу.

15

І пусьціў зьмей з пашчы сваёй усьлед жанчыне ваду як раку, каб паглынуць яе ракою.

16

Але зямля памагла жанчыне, і адкрыла зямля вусны свае і паглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй.

17

І раз’яюшыўся цмок на жанчыну і пайшоў, каб уступіць у бойку з астатнімі ад насеньня яе, якія захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.