2 Йоан 1

1

Старац — выбранай спадарыні і дзецям яе, якіх я люблю ў ісьціне, і ня толькі я, але і ўсе, хто спазанаў ісьціну,

2

дзеля ісьціны, якая жыве ў нас і будзе з намі вечна:

3

хай будзе з вамі мілата, літасьць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у ісьціне і любові.

4

Я вельмі ўсьцешыўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, якія ходзяць у ісьціне, як мы атрымалі ў наказ ад Айца.

5

І сёньня прашу цябе, спадарыня, ня як новую запаведзь прадпісваючы табе, а тую, якую маем ад пачатку, — каб мы любілі адно аднаго.

6

Любоў бо ў тым, каб жылі мы паводле запаведзяў Ягоных. Гэта — тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб жылі згодна зь ёю,

7

бо многія зваднікі ўвайшлі ў сьвет, якія не вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці: такі чалавек ёсьць зваднік і антыхрыст.

8

Сачэце за сабою, каб нам ня страціць таго, над чым мы працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду.

9

Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца і Сына.

10

Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтага вучэньня, таго ня прымайце ў дом і ня вітайце яго;

11

бо хто яго вітае, той мае ўдзел у ліхіх учынках ягоных.

12

Многае маю пісаць вам, ды не хачу на паперы чарнілам; а спадзяюся прыйсьці да вас і гутарыць вуснамі ў вусны, каб радасць вашая была поўная.

13

Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амін.