1 Йоан 3

1

Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца і быць дзецьмі Божымі. Сьвет таму ня ведае нас, што не спазнаў Яго.

2

Любасныя! мы цяпер дзеці Божыя; але яшчэ ня выявілася, чым будзем. Ведаем толькі, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.

3

І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.

4

Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне; і грэх ёсьць беззаконьне.

5

І вы ведаеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.

6

Кожны, хто жыве ў Ім, ня грэшыць; кожны, хто грэшыць, ня бачыў Яго і не спазнаў Яго.

7

Дзеці! хай ня зводзіць вас ніхто. Хто чыніць праўду, той праведны, падобна як Ён праведны.

8

Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо спачатку д’ябал зграшыў. На тое якраз і зьявіўся Сын Божы, каб разбурыць дзеі д’ябла.

9

Кожны, народжаны ад Бога, ня робіць грэху, бо насеньне Ягонае жыве ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.

10

Дзеці Божыя і дзеці д’яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога, як і той, хто ня любіць брата свайго.

11

Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, — каб мы любілі адно аднаго,

12

ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў яго? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага праведныя.

13

Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.

14

Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.

15

Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніякі душагуб ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім заставалася.

16

Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў.

17

А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, — як застаецца ў тым любоў Божая?

18

Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю.

19

І вось, па чым спазнаём, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім сэрцы нашыя;

20

бо калі сэрца (нашае) асуджае нас, дык тым болей Бог, таму што Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.

21

Любасныя! калі сэрца нашае не асуджае нас, дык мы маем адвагу перад Богам,

22

і, чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо трымаемся запаведзяў Ягоных і робім богаспадобнае перад Ім.

23

А запаведзь Ягоная тая, каб мы веравалі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адно аднаго, як Ён наказаў нам.

24

І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Ім, і Ён у тым. А што Ён жыве ў нас, спазнаём па духу, які Ён даў нам.