Ісуса Нававага 6

1

Тады сказаў Гасподзь Ісусу: вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і магутаў ягоных;

2

ідзеце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсьць дзён;

3

і сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам; а на сёмы дзень абыдзеце горад сем разоў, і сьвятары няхай трубяць у трубы;

4

калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ няхай гукне моцным голасам, і гарадскі мур абваліцца да зямлі, і народ пойдзе кожны са свайго боку.

5

І паклікаў Ісус, сын Наваў, сьвятароў і сказаў ім: нясеце каўчэг запавета; а сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім.

6

І сказаў народу: ідзеце і абыдзеце вакол горада; а ўзброеныя няхай ідуць перад каўчэгам Гасподнім.

7

Як толькі Ісус сказаў народу, сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад Госпадам, пайшлі і затрубілі ў трубы, і каўчэг запавета Гасподняга ішоў за імі;

8

а ўзброеныя ішлі перад сьвятарамі, якія трубілі ў трубы; а тыя, што ішлі ззаду, сьледавалі за каўчэгам, пад час шэсьця трубячы ў трубы.

9

А народу Ісус даў загад і сказаў: ня гукайце і не давайце чуць голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да таго дня, пакуль я не скажу вам: "выгукніце!" і тады гукнеце.

10

Такім чынам каўчэг запавета Гасподняга пайшоў вакол горада і абышоў адзін раз; і прыйшлі ў табар і начавалі ў табары.

11

Ісус устаў рана раніцай, і сьвятары панесьлі каўчэг запавета Гасподняга;

12

і сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім, ішлі і трубілі ў трубы; а ўзброеныя ішлі перад імі, а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам запавета Гасподняга і ідучы трубілі ў трубы.

13

Такім чынам і на другі дзень абышлі вакол горада адзін раз і вярнуліся ў табар. І рабілі гэта шэсьць дзён.

14

На сёмы дзень усталі рана, як толькі занялася зара, і абышлі такім самым чынам вакол горада сем разоў; толькі ў гэты дзень абышлі сем разоў.

15

Калі сёмы раз сьвятары трубілі ў трубы, Ісус сказаў народу: радуйцеся, бо Гасподзь аддаў вам горад!

16

А горад будзе пракляты, і ўсё, што ў ім, — Госпаду; толькі Рааў блудніца няхай застанецца жывая, яна і кожны, хто ў яе ў доме; бо яна схавала пасланых, якіх мы пасылалі;

17

але вы асьцерагайцеся праклятага, каб і самім не паддацца заклёну, калі возьмеце што-колечы з праклятага, і каб на табар Ізраільскі не навесьці праклёну і ня ўчыніць яму бяды;

18

і ўсё срэбра і золата, і посуд медны і жалезны хай будуць сьвятыняю Госпаду і ўвойдуць у скарбніцу Гасподнюю.

19

Народ закрычаў, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад.

20

І праклялі ўсё, што ў горадзе, і мужчын і жанчын, і маладых і старых, і валоў і авечак і аслоў, вынішчылі мечам.

21

А двум хлопцам, якія аглядвалі зямлю, Ісус сказаў: ідзеце ў дом да тае блудніцы і выведзіце адтуль яе і ўсіх, хто ў яе, бо вы запрысягнуліся ёй.

22

І пайшлі хлопцы, якія аглядвалі, і вывелі Рааў і бацьку яе і маці яе, і братоў яе і ўсіх, што былі ў яе, і ўсіх родзічаў вывелі, і паставілі іх па-за табарам Ізраільскім.

23

А горад і ўсё, што ў ім, спалілі агнём; толькі срэбра і золата, і посуд медны і жалезны аддалі ў скарбніцу дома Гасподняга.

24

А Рааў блудніцу і дом бацькі яе і ўсіх, хто ў яе быў, Ісус пакінуў жывых, і яна жыве сярод Ізраіля да сёньня, бо яна схавала пасланцаў, якіх пасылаў Ісус на агледзіны Ерыхона.

25

У той час Ісус прысягнуўся і сказаў: пракляты перад Госпадам той, хто адродзіць і адбудуе горад гэты Ерыхон; на першынцы сваім ён закладзе аснову яго і на малодшым сваім паставіць браму яго.

26

І Гасподзь быў зь Ісусам, і слава яго неслася па ўсёй зямлі.