Ісуса Нававага 5

1

Калі ўсе цары Амарэйскія, якія жылі па гэты бок Ярдана да мора, і ўсе цары Ханаанскія, якія каля мора, пачулі, што Гасподзь высушыў воды Ярдана перад сынамі Ізраілевымі, пакуль пераходзілі яны, тады аслабла сэрца іхнае, і ня стала ўжо ў іх духу супроць сыноў Ізраілевых.

2

У той час сказаў Гасподзь Ісусу: зрабі сабе вострыя нажы і абрэж сыноў Ізраілевых другі раз.

3

І зрабіў сабе Ісус крамянёвыя нажы, і абрэзаў сыноў Ізраільскіх на пагорку Аралот.

4

Вось прычына, чаму абрэзаў Ісус увесь народ, які выйшаў зь Егіпта, мужчынскага полу; усе здольныя ваяваць памерлі ў пустыні па дарозе, пасьля выхаду зь Егіпта;

5

а ўвесь народ, што выйшаў, быў абрэзаны, а ўвесь народ, які нарадзіўся ў пустыні ў дарозе, пасля выхаду зь Егіпта, ня быў абрэзаны;

6

бо сыны Ізраілевыя сорак гадоў хадзілі па пустыні, пакуль не перамёр увесь народ, здольны да вайны, які выйшаў зь Егіпта, бо не паслухаліся голасу Гасподняга, а ім Гасподзь прысягаўся, што яны ня ўбачаць зямлі, якую Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам іхнім, даць зямлю, дзе малако і мёд,

7

а замест іх паставіў сыноў іхніх. Гэтых абрэзаў Ісус, бо яны былі неабрэзаныя; бо іх, у дарозе, не абрэзалі.

8

Калі ўвесь народ быў абрэзаны, заставаўся ён на сваім месцы ў табары, пакуль ня выздаравеў.

9

І сказаў Гасподзь Ісусу: сёньня Я зьняў з вас сарамату Егіпецкую. Чаму і называецца тая мясьціна "Галгал" аж да сёньня.

10

І стаялі сыны Ізраілевыя табарам у Галгале і ўчынілі Пасху ў чатырнаццаты дзень месяца ўвечары на раўнінах Ерыхонскіх;

11

і на другі дзень Пасхі пачалі есьці з пладоў зямлі гэтай, праснакі і сушаныя зярняты ў самы той дзень;

12

а манна перастала падаць на другі дзень пасьля таго, як яны пачалі есьці плады зямлі, і ня было болей манны ў сыноў Ізраілевых, а яны елі ў той год плады зямлі Ханаанскай.

13

Ісус, будучы паблізу Ерыхона, зірнуў і бачыць, і вось стаіць перад ім чалавек, і ў руцэ ў яго аголены меч. Ісус падышоў да яго і сказаў яму: ці наш ты, ці зь непрыяцеляў нашых?

14

Ён сказаў: не, я правадыр войска Гасподняга, цяпер прыйшоў. Ісус упаў тварам сваім на зямлю і пакланіўся і сказаў яму: што гаспадар мой скажа рабу свайму?

15

Правадыр войска Гасподняга сказаў Ісусу: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, сьвятое. Ісус так і зрабіў.

16

Ерыхон замкнуўся і быў замкнуты ад страху сыноў Ізраілевых: ніхто ня выходзіў і ніхто не ўваходзіў.