Ісуса Нававага 18

1

Усё супольства сыноў Ізраілевых сабралася ў Сілом, і паставілі там скінію сходу, бо зямля была ўпакорана імі.

2

А з сыноў Ізраілевых заставалася сем плямёнаў, якія яшчэ не атрымалі надзелу свайго.

3

І сказаў Ісус сынам Ізраілевым: ці доўга вы яшчэ будзеце ня дбаць пра тое, каб пайсьці і ўзяць у спадчыну зямлю, якую даў вам Гасподзь Бог бацькоў вашых?

4

дайце ад сябе па тры чалавекі з племя; я пашлю іх, і яны, устаўшы, пройдуць па зямлі і апішуць яе, як трэба падзяліць ім на надзелы, і прыйдуць да мяне;

5

няхай падзеляць яе на сем надзелаў; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпаў няхай застаецца ў межах сваіх на поўначы;

6

а вы расьпішэце зямлю на сем надзелаў і падайце мне сюды: я кіну вам жэрабя тут перад абліччам Госпада Бога нашага;

7

а лявітам няма долі паміж вамі, бо сьвятарства Гасподняе ёсьць доля іхняя; а Гад, Рувім і палавіна племя Манасіінага атрымалі надзел свой за Ярданам на ўсход, які даў ім Майсей, раб Гасподні.

8

Гэтыя людзі ўсталі і пайшлі. А Ісус тым, якія падышлі апісваць зямлю, даў такі загад: ідзеце, абыдзеце зямлю, апішэце яе і вяртайцеся да мяне; а я тут кіну вам жэрабя перад абліччам Гасподнім, у Сіломе.

9

Яны пайшлі, прайшлі па зямлі і апісалі яе, паводле гарадоў яе, на сем надзелаў, у кнізе, і прыйшлі да Ісуса ў табар, у Сілом.

10

Ісус кінуў ім жэрабя ў Сіломе перад Госпадам, і падзяліў там Ісус зямлю сынам Ізраілевым па дзялянках іх.

11

Жэрабя выпала калену сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх. Мяжа іх паводле жэрабя ішла паміж сынамі Юды і сынамі Язэпа;

12

Мяжа іх на паўночным баку пачынаецца каля Ярдана, і праходзіць мяжа гэтая каля Ерыхона з поўначы, і падымаецца на гару на захадзе, і канчаецца ў пустыні Бэтавэн;

13

адтуль мяжа ідзе да Луза, да паўднёвага боку Луза, інакш Вэтыля, і сыходзіць мяжа да Атарот-Адара, да гары, якая на паўднёвым баку Бэт-Арона ніжняга;

14

потым мяжа паварочвае і схіляецца да марскога боку на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Аронам, і канчаецца каля Кірыят-Ваала, інакш Кірыят-Ярыма, горада сыноў Юдавых. Гэта заходні бок.

15

А паўднёвым бокам ад Кірыят-Ярыма ідзе мяжа да мора і даходзіць да крыніцы водаў Нэфтааха;

16

потым мяжа сыходзіць да канца гары, якая перад далінаю сына Эномавага, у даліне Рэфаімаў, на поўнач і сыходзіць далінаю Энома да паўднэвага боку Евуса, і ідзе да Эн-Рагела;

17

потым паварочвае з поўначы і йдзе да Эн-Шамэша, і йдзе да Гелілота, які насупраць узвышша Адуміма, і сыходзіць да каменя Багана, сына Рувімавага;

18

потым праходзіць паблізу раўніны на поўнач і сыходзіць на раўніну;

19

адсюль праходзіць мяжу каля Бэт-Хоглы на поўнач, і канчаецца мяжа каля паўночнай затокі мора Салёнага, каля паўднёвага канца Ярдана. Вось мяжа паўднёвая. З усходняга ж боку мяжою служыць Ярдан.

20

Вось надзел сыноў Веньямінавых, зь межамі яго з усіх бакоў, паводле родаў іх.

21

Гарады племя сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх, належалі гэтыя: Ерыхон, Бэт-Хогла і Эмэк-Кецыц.

22

Бэт-Арава, Цэмараім і Вэтыль,

23

Авім, Фара і Офра,

24

Кефар-Аманай, Афні і Гева: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі.

25

Гаваон, Рама і Бэрот,

26

Міцфэ, Кефіра і Моца,

27

Рэкем, Ірфэіл і Тарала,

28

Цэла, Элэф і Евус, інакш Ерусалім, Гівэат і Кірыят: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі. Вось надзел сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх.