Ісуса Нававага 17

1

І выпала жэрабя калену Манасіінаму, бо ён быў першынец Язэпаў. Махіру, першынцу Манасіі, бацьку Галалада, адважнаму на вайне, дастаўся Галаад і Васан.

2

Дасталіся надзелы і астатнім сынам Манасіі, паводле родаў іхніх, і сынам Авіезэра, і сынам Хэлэка, і сынам Асрыіла, і сынам Шэхэма, і сынам Хэфэра, і сынам Шэміды. Вось дзеці Манасіі, сына Язэпавага, мужчынскага полу, паводле родаў іхніх.

3

А ў Салпаада, сына Хэфэравага, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага, ня было сыноў, а дочкі. Вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца.

4

Яны прыйшлі да сьвятара Элеазара, і да Ісуса, сына Нававага, і да правадыроў, і сказалі: Гасподзь загадаў Майсею даць нам надзел сярод братоў нашых. І дадзены ім надзел, паводле загаду Гасподняга, сярод братоў бацькі іхняга.

5

І выпала Манасіі дзесяць дзялянак, акрамя зямлі Галаадскай і Васанскай, якая за Ярданам;

6

бо дочкі сыноў Манасіі атрымалі надзел сярод сыноў ягоных, а зямля Галаадская дасталася астатнім сынам Манасіі.

7

Мяжа Манасіі ідзе ад Асіра да Міхмэтата, які насупраць Сіхема; адсюль мяжа ідзе направа да жыхароў Эн-Тапуаха.

8

Зямля Тапуах дасталася Манасіі, а Тапуах каля мяжы Манасіінай — сынам Яфрэмавым.

9

Адсюль мяжа сыходзіць да патока Кана, з паўднёвага боку патока. Гарады гэтыя — Яфрэмавыя, хоць сярод гарадоў Манасіі. Мяжа Манасіі — на паўночным баку патока і канчаецца морам.

10

Што на поўдзень, тое Яфрэмава, а што на поўнач, тое Манасіінае: а мора было мяжою іхняй; да Асіра прымыкалі яны з паўночнага боку і да Ісахара з усходняга.

11

Каля Ісахара і Асіра — Манасіі Бэт-Чан і залежныя ад яго мясьціны, Іўлеам і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Эн-Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Таанаха і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Мэгідона і залежныя ад яго мясьціны, і трэцяя частка Натэта.

12

Сыны Манасііныя не маглі выгнаць жыхароў гарадоў гэтых, і Хананэі засталіся жыць у зямлі гэтай.

13

А калі сыны Ізраілевыя ўвабраліся ў сілу, тады Хананэяў зрабілі яны даньнікамі, але выгнаць ня выгналі іх.

14

Сыны Язэпа гаварылі Ісусу і сказалі: чаму ты даў мне ў надзел адно жэрабя і адну дзялянку, тым часам як я шматлюдны, бо так дабраславіў мяне Гасподзь?

15

Ісус сказаў ім: калі ты шматлюдны, дык ідзі ў лясы і там, у зямлі Фэрэзэяў і Рэфаімаў, расьцерабі сабе месца, калі гара Яфрэмавая табе цесная.

16

Сыны Язэпа сказалі: не застанецца за намі гара, бо жалезныя калясьніцы ўва ўсіх Хананэяў, якія жывуць у даліне, як у тых, якія ў Бэт-Сане і ў залежных ад яго мясьцінах, так і ў тых, што ў даліне Ізрээльскай.

17

Але Ісус сказаў дому Язэпаваму, Яфрэмаваму і Манасіінаму: ты шматлюдны і сіла ў цябе вялікая; не адно жэрабя будзе ў цябе:

18

і гара будзе твая, і лес гэты; ты расьцярэбіш яго, і ён будзе твой да самага канца яго; бо ты выганіш Хананэяў, хоць у іх калясьніцы жалезныя, і хоць яны моцныя.