Евреите 4

1

А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.

2

Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.

3

А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: "Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой", хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.

4

Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: "і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх".

5

І яшчэ тут: "ня ўвойдуць у спачын Мой".

6

І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,

7

дык яшчэ вызначае пэўны дзень, "сёньня", кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: "сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых".

8

Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.

9

Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.

10

Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.

11

Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.

12

Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.

13

І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.

14

І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.

15

Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.

16

Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.