Тит 3

1

Нагадвай ім скарацца і ўпакорвацца начальству і ўладам, быць гатовымі на ўсякія добрыя дзеі,

2

нікога ня бэсьціць, быць не сварлівымі, а ціхмянымі, і паказваць поўную лагоду да ўсіх людзей.

3

Бо і мы былі колісь немысьлі, неслухі, заблуды, былі рабы юру і розных асалодаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі гнюсныя, ненавідзелі адно аднаго.

4

Калі ж зьявілася мілата і чалавекалюбства Збаўцы нашага, Бога,

5

Ён выбавіў нас не за дзеі праведнасьці, якія б мы ўчынілі, а з Свайго мілажалю, праз купель адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам,

6

Якога выліў на нас шчодра празь Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,

7

каб, апраўдаўшыся Ягонай мілатою, мы згодна са спадзяваньнем зрабіліся спадкаемцамі жыцьця вечнага.

8

Слова гэта слушнае; і я жадаю, каб ты пацьвярджаў яго, каб тыя, што ўверавалі ў Бога, стараліся быць дбайнымі ў добрых учынках: гэта добра і карысна людзям.

9

А дурных перагаворстваў і радаслоўных звадаў, і спрэчак і калатні вакол закону пазьбягай, бо яны бескарысныя і марныя.

10

Ад ератыка, пасьля першага і другога настаўленьня на розум, цурайся,

11

ведаючы, што ён разбэсьціўся і грэшыць, і асуджаны сам сабою.

12

Калі прышлю да цябе Артэму або Тыхіка, пасьпяшайся прыйсьці да мяне ў Нікаполь; бо я пастанавіў там зазімаваць.

13

Зіну-законьніка і Апалоса паклапаціся выправіць так, каб у іх ні ў чым ня было нястачы.

14

Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў добрых учынках, у задавольваньні неабходных патрэбаў, каб ня былі бясплодныя.

15

Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Мілата з усімі вамі. Амін.