2 Тимотей 4

1

Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:

2

прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.

3

Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;

4

і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.

5

Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.

6

Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў.

7

Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў;

8

а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Гасподзь, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго.

9

Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.

10

Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.

11

Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.

12

Тыхіка я паслаў у Эфэс.

13

Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.

14

Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!

15

Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.

16

Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!

17

А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.

18

І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.

19

Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.

20

Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.

21

Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.

22

Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.