2 Тимотей 1

1

Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, па абяцаньні жыцьця ў Хрысьце Ісусе,

2

Цімафею, любаснаму сыну: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3

Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленьні, што не перастаю ўспамінаць пра цябе ў малітвах маіх, удзень і ўначы,

4

і хачу бачыць цябе, памятаючы сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,

5

трымаючы ў памяці шчырую веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Лаідзе і ў маці тваёй Яўніцы; упэўнены, што яна і ў табе.

6

З гэтай прычыны нагадваю табе падаграваць дар Божы, які ў табе праз ускладаньне маіх рук;

7

бо даў нам Бог Духа ня боязі, а сілы і любові і цноты.

8

Дык не саромейся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ні мяне, вязьня Ягонага; а пакутуй з Дабравесьцем (Хрыстовым) сілаю Бога,

9

Які выратаваў нас і паклікаў званьнем сьвятым, не за дзеі нашыя, а паводле Свайго волевыяўленьня і мілаты, дадзенай нам у Хрысьце Ісусе раней адвечных часоў,

10

якая адкрылася цяпер зьяўленьнем Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які разбурыў сьмерць і явіў жыцьцё нятленнае праз Дабравесьце,

11

прапаведаваць якое я пастаўлены і апосталам і настаўнікам язычнікаў.

12

З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо я ведаю, у Каго ўвераваў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на той дзень.

13

Трымайся ўзору здаровага вучэньня, якое ты чуў ад мяне, зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

14

Захоўвай добрую заруку Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.

15

Ты ведаеш, што ўсе Асійцы пакінулі мяне; сярод іх і Фігел і Ермаген.

16

Няхай дасьць Гасподзь міласьць дому Анісіфора за тое, што ён колькі разоў прымаў мяне і не саромеўся кайданоў маіх,

17

а, як быў у Рыме, зь вялікім стараньнем шукаў мяне і знайшоў.

18

Няхай дасьць яму Гасподзь здабыць міласьць у Госпада ў той дзень; а колькі ён служыў (мне) ў Эфэсе, ты лепей ведаеш.