1 Фесаланікійцаў 2

1

Вы самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што быў ён не бясплённы;

2

але хоць перад тым мы зазналі пакутаў і мелі зьнявагу ў Піліпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам Дабравесьце Божае зь вялікім подзьвігам.

3

Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстых намыслаў, ні хітрыны;

4

а, як Бог выпрабоўваў нас, даверыўшы нам зьвеставаньне, так мы і гаворым, дагаджаючы ня людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.

5

Бо ніколі ня было ў нас (перад вамі) ані словаў лісьлівасьці, як вы ведаеце! ані рознай карысьлівасьці: Бог сьведка!

6

Ня шукаем славы людзкое ні ад вас, ні ад іншых:

7

мы маглі зьявіцца напышліва, як апосталы Хрыстовыя, але былі лагодныя сярод вас падобна таму, як карміцелька пяшчотна клапоціцца пра дзетак сваіх.

8

Так мы, пра вас дбаючы, захацелі перадаць вам ня толькі Дабравесьце Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любаснымі.

9

Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і зьнемажэньне: уночы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі ў вас Дабравесьце Божае.

10

Сьведкі вы і Бог, як сьвята і праведна і бездакорна рабілі мы перад вамі, веруючымі,

11

бо вы ведаеце, як кожнага з вас, быццам бацька дзяцей сваіх,

12

мы прасілі і пераконвалі і ўгаворвалі рабіць годна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.

13

Таму і мы бесьперастанку дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас чутае слова Божае, вы прынялі ня як слова чалавечае, а як слова Божае,- якое яно і ёсьць у ісьціне, — якое і дзейнічае ў вас, веруючых.

14

Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў,

15

якія забілі і Госпада Ісуса і Ягоных прарокаў, і нас выгналі, і Богу ня годзяць, і ўсім людзям супрацівяцца,

16

якія не дазваляюць нам гаварыць язычнікам, каб выратаваліся, і праз гэта увесь час напаўняюць меру грахоў сваіх; але блізіцца на іх гнеў да канца.

17

Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае.

18

І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам сатана.

19

Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае?

20

Бо вы — слава наша і радасьць.