Каласянаў 1

1

Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат,

2

сьвятым у Калосах і верным братам у Ісусе Хрысьце:

3

мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, увесь час у малітве за вас,

4

дачуўшыся пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,

5

маючы надзею на ўгатаванае вам на нябёсах, пра што вы раней чулі ў праўдзівым слове зьвеставаньня,

6

якое жыве ў вас, як і вы ўва ўсім сьвеце, і родзіць плод і ўзрастае, як і паміж вамі, з таго дня, як вы пачулі і ўведалі мілату Божую ў ісьціне,

7

як і навучыліся ад Эпафраса, любаснага супрацоўніка нашага, вернага вам службіта Хрыстовага,

8

які і паведаміў нам пра вашую духоўную любоў.

9

Таму і мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы дайшлі да поўнага спазнаньня волі Ягонай ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным,

10

каб жылі годна Бога, ува ўсім дагаджаючы Яму, родзячы плод ва ўсякай працы добрай і ўзрастаючы ў спазнаньні Бога,

11

мацуючыся ўсякаю сілаю праз магутнасьць славы Ягонай, ва ўсякай цярплівасьці і вялікадушнасьці з радасьцю,

12

дзякуючы Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне сьвятых у сьвеце,

13

вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Царства любаснага Сына Свайго,

14

у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонаю і дараваньне грахоў,

15

Які ёсьць вобраз Бога нябачнага, народжаны раней за ўсякае стварэньне;

16

бо Ён стварыў усё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: хай тое троны, хай тое дзяржавы, хай тое начальствы, хай тое ўлады, — усё Ім і для Яго створана;

17

і Ён ёсьць раней за ўсё, і ўсё існуе Ім.

18

І Ён ёсьць галава цела Царквы; Ён пачатак, першынец зь мёртвых, каб меў Ён ва ўсім першынства:

19

бо заўгодна было Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната,

20

і каб празь Яго замірыць з Сабою ўсё, устанавіўшы мір празь Яго, Крывёю крыжа ягонага, і зямное і нябеснае.

21

І вас, якія калісьці былі адчужаныя і ворагі думкамі, і схільнасьцю да ліхіх учынкаў,

22

цяпер замірыў у целе плоці Ягонай, сьмерцю (Ягонай), каб явіць вас сьвятымі і беззаганнымі і невінаватымі перад Сабою,

23

калі толькі вы цьвёрдыя і непахісныя ў веры і не адпадаеце ад надзеі зьвеставаньня, якое вы чулі, якое абвешчана ўсім стварэньням паднябесным, якому я, Павал, зрабіўся слугою.

24

Сёньня радуюся ў цярпеньнях маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй скрухаў Хрыстовых за цела Ягонае, якое ёсьць Царква,

25

якой я зрабіўся службітом згодна з устанаўленьнем Божым, давераным мне для вас, каб выканаць слова Божае,

26

тайну, схаваную ад вякоў і родаў, а сёньня адкрытую сьвятым Ягоным,

27

якім дабараволіў Бог паказаць, якое багацьце славы ў тайне гэтай для язычнікаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,

28

Якога мы прапаведуем, настаўляючы на розум кожнага чалавека і навучаючы ўсялякай мудрасьці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе;

29

дзеля чаго я і працую і змагаюся сілай Ягонай, якая дзее ўва мне магутна.