Другі Закон 23

1

У каго раздушаны ядры альбо адрэзаны дзетародны чэлес, той ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.

2

Сын блудніцы ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю, і дзясятае пакаленьне ягонае ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.

3

Аманіцянін і Маавіцянін ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю, і дзясятае пакаленьне іх ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю вавек,

4

бо яны ня сустрэлі вас з хлебам і вадою ў дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта, і таму што яны нанялі супроць цябе Валаама, сына Вэоравага з Пэтора Месапатамскага, каб праклясьці цябе;

5

але Гасподзь, Бог твой, не схацеў слухаць Валаама і абярнуў Гасподзь, Бог твой, праклён ягоны ў дабраславеньне табе, бо Гасподзь, Бог твой, любіць цябе;

6

ня зычы ім міру і шчасьця ва ўсе дні твае, вавекі.

7

Ня грэбуй Ідумэянінам, бо ён брат твой; ня грэбуй Егіпцянінам, бо ты быў прыхаднем у зямлі ягонай;

8

дзеці, якія ў іх народзяцца, у трэцім пакаленьні могуць увайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.

9

Калі пойдзеш у паход супроць ворагаў тваіх, сьцеражыся ўсяго благога.

10

Калі ў цябе будзе хто нячысты ад начнога здарэньня, дык ён павінен выйсьці з табара і не ўваходзіць у табар,

11

а калі зьвечарэе, павінен абмыць цела сваё вадою, і пасьля захаду сонца можа ўвайсьці ў табар.

12

Месца павінна быць у цябе па-за табарам, куды б ты мог выходзіць;

13

апрача зброі тваёй павінна быць у цябе лапатка; і калі будзеш садзіцца па-за табарам, выкапай ёю ямку і зноў закапай спаражненьне тваё;

14

бо Гасподзь, Бог твой, ходзіць сярод табара твайго, каб выбаўляць цябе і аддаваць ворагаў тваіх, а таму табар твой павінен быць сьвяты, каб Ён ня ўбачыў у цябе чаго брыдкага і не адступіўся ад цябе.

15

Не выдавай раба гаспадару ягонаму, калі ён прыбяжыць да цябе ад гаспадара свайго;

16

хай ён у цябе жыве, сярод вас у месцы, якое ён выбера ў якім-небудзь селішчы тваім, дзе яму спадабаецца; ня ўціскай яго.

17

Не павінна быць блудадзейкі з дочак Ізраілевых і не павінна быць блудадзея з сыноў Ізраілевых.

18

Ня ўнось платы блудадзейкі і цаны сабакі ў дом Госпада, Бога твайго, ні пасьля якога б тое ні было абяцаньня, бо тое і другое ёсьць гідота перад Госпадам, Богам тваім.

19

Не аддавай у ліхву брату твайму ні срэбра, ні хлеба, ні чаго-небудзь іншага, што можна аддаваць у ліхву;

20

іншаземцу аддавай у ліхву, а брату твайму не аддавай у ліхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.

21

Калі дасі абяцаньне Госпаду, Богу твайму, адразу выканай яго, бо Гасподзь, Бог твой, спагоніць зь цябе яго, і на табе будзе грэх;

22

а калі ты ня даў абяцаньня, дык ня будзе на табе грэху.

23

Што выйшла з вуснаў тваіх, трымай і выконвай так, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму, дабраахвотнае прынашэньне, пра якое сказаў ты вуснамі тваімі.

24

Калі ўвойдзеш у вінаграднік блізкага твайго, можаш есьці ягады ўдосыць, колькі хоча душа твая, а ў посуд не кладзі.

25

Калі прыйдзеш на жніво блізкага твайго, зрывай калосьсе рукамі тваімі, а сярпа не занось на жніво блізкага твайго.