Другі Закон 19

1

Калі Гасподзь, Бог твой, зьнішчыць народы, чыю зямлю дае табе Гасподзь, Бог твой, і ты ўступіш у спадчыну пасьля іх і аселішся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,

2

тады выдзелі сабе тры гарады сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне;

3

пакладзі сабе дарогу і падзялі на тры часткі ўсю зямлю тваю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку; яны будуць служыць сховішчам кожнаму забойцу.

4

І вось які забойца можа ўцякаць туды і заставацца жывым: хто заб'е блізкага свайго без намыслу, ня быўшы ворагам яму ўчора і заўчора;

5

хто пойдзе зь блізкім сваім у лес сячы дровы, і размахнецца рука яго зь сякерай, каб сьсячы дрэва, і саскочыць жалеза з тапарышча і трапіць у блізкага, і той памрэ,— такі няхай уцячэ ў адзін з гарадоў тых, каб застацца жывым,

6

каб помсьнік за кроў у гарачцы сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая будзе дарога, і не забіў яго, тым часам як ён ня мае быць асуджаны на сьмерць, бо ня быў ворагам яму ўчора і заўчора;

7

таму я і даў табе загад, кажучы: выдзелі сабе тры гарады.

8

А калі Гасподзь, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён прысягаўся бацькам тваім, і дасьць табе ўсю зямлю, якую Ён абяцаў даць бацькам тваім,

9

калі ты будзеш старацца выконваць усе гэтыя запаведзі, якія я наказваю табе сёньня, любіць Госпада Бога твайго ўсе дні, тады да гэтых трох гарадоў дадай яшчэ тры гарады,

10

каб не пралівалася кроў невінаватага сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і каб ня было на табе крыві.

11

Але калі хто будзе ворагам блізкаму свайму і будзе падпільноўваць яго, і паўстане на яго і заб'е яго да сьмерці, і ўцячэ ў адзін з гарадоў тых,

12

дык старэйшыны горада ягонага павінны паслаць, каб узяць яго адтуль і перадаць яго ў рукі помсьніка за кроў, каб ён памёр;

13

хай ня літуе яго вока тваё; змый зь Ізраіля кроў невінаватага і будзе табе добра.

14

Не парушай мяжы блізкага твайго, якую паклалі продкі ў дзялянцы тваёй, што дасталася табе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне.

15

Ня досыць аднаго сьведкі супроць каго-небудзь у якой-небудзь віне і ў якім-небудзь злачынстве і ў якім-небудзь грэху, якім ён згрэшыць: пры словах двух сьведкаў, альбо пры словах трох сьведкаў адбудзецца справа.

16

Калі выступіць супроць каго сьведка несправядлівы, вінавацячы яго ў злачынстве,

17

дык няхай стануць абодва гэтыя чалавекі, у якіх цяжбіна, перад Госпадам, перад сьвятарамі і перад судзьдзямі, якія будуць у тыя дні;

18

судзьдзі павінны добра прасачыць, і калі сьведка той — сьведка фальшывы, фальшывае данёс на брата свайго,

19

дык зрабеце яму тое, што ён намышляў зрабіць брату свайму; і гэтак вынішчы зло спасярод сябе;

20

і астатнія пачуюць, і збаяцца і ня будуць болей рабіць такога зла сярод цябе;

21

хай ня літуе вока тваё: душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу.