Другі Закон 17

1

Ня прынось у ахвяру Госпаду, Богу твайму, вала, альбо авечкі, на якой будзе загана, альбо што-небудзь благое, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму.

2

Калі знойдзецца сярод цябе ў якім-небудзь селішчы тваім, што Гасподзь, Бог твой, дае табе, мужчына альбо жанчына, хто зробіць ліхое перад вачыма Госпада, Бога твайго, пераступіўшы запавет Бога,

3

і пойдзе і пачне служыць іншым багам, альбо паклоніцца ім, альбо сонцу, альбо месяцу, альбо ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,

4

і табе абвешчана будзе, і ты пачуеш, дык ты добра пашукай: і калі гэта чыстая праўда, калі зроблена мярзота гэтая ў Ізраіле,

5

дык выведзі мужчыну таго, альбо жанчыну тую, якія ўчынілі ліха гэта, да варотаў тваіх і пабі іх камянямі да сьмерці.

6

Па словах двух сьведкаў, альбо трох сьведкаў, павінен памерці засуджаны на сьмерць: нельга аддаваць сьмерці па словах аднаго сьведкі;

7

рука сьведкаў павінна быць на ім раней за ўсё, каб забіць яго, потым рука ўсяго народа; і так вынішчы ліха спасярод сябе.

8

Калі ў тваім судзе цяжка будзе табе рассудзіць паміж крывёю і крывёю, паміж судом і судом, паміж пабоямі і пабоямі, і будуць нязгодныя меркаваньні ў варотах тваіх, дык устань і ідзі на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой,

9

і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў тыя дні, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе, як рассудзіць;

10

і зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, і пастарайся выканаць усё, чаму яны навучаць цябе;

11

паводле закона, якому яны навучаць цябе, і паводле вызначэньня, якое яны скажуць табе, зрабі і ня ўхіляйся ні направа, ні налева ад таго, што яны скажуць табе.

12

А хто зробіць так дзёрзка, што не паслухаецца сьвятара, які стаіць там на служэньні перад Госпадам, Богам тваім, альбо суддзі, той павінен памерці,— і так вынішчы зло зь Ізраіля;

13

і ўвесь народ пачуе і збаіцца, і ня будзе болей паводзіцца дзёрзка.

14

Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і авалодаеш ёю, і аселішся на ёй, і скажаш: "пастаўлю я над сабою цара, як і ў іншых народаў, якія вакол мяне",

15

дык пастаў над сабою цара, якога выбера Гасподзь, Бог твой; спасярод братоў тваіх пастаў над сабою цара; ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе.

16

Толькі каб ён ня множыў сабе коней і не вяртаў народа ў Егіпет дзеля памнажэньня сабе коней, бо Гасподзь сказаў вам: "не вяртайцеся больш дарогаю гэтай";

17

і каб не памнажаў сабе жонак, каб не разбэсьцілася сэрца ў яго, і каб срэбра і золата ня множыў сабе празьмерна.

18

Але калі ён сядзе на троне царства твайго, павінен сьпісаць сабе сьпіс закона гэтага з кнігі, якая ў сьвятароў лявітаў,

19

і няхай ён будзе ў яго, няхай ён чытае яго ва ўсе дні жыцьця свайго, каб вучыцца баяцца Госпада, Бога свайго, і стараўся выконваць усе словы закона гэтага і пастановы гэтыя;

20

каб не надзімалася сэрца ягонае перад братамі ягонымі, і каб ня ўхіляўся ён ад закона ні направа, ні налева, каб доўгія дні заставаўся на царстве сваім ён і сыны ягоныя сярод Ізраіля.