← 2 4 →

Эфесянаў 3

1

Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.

2

Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,

3

таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, — пра што я і вышэй коратка пісаў, -

4

дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,

5

якая ня была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),

6

каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,

7

слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.

8

Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая — зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае

9

і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,

10

каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,

11

паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,

12

у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.

13

А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны — ваша слава.

14

Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15

ад Якога мае найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,

16

хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,

17

каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,

18

каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,

19

і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.

20

А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнана болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,

21

Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.

Belarusian Bible 2003
No info: Vasil Syargeevich Syomukha 2003