Галатаў 5

1

Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.

2

Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.

3

Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.

4

Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,

5

а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;

6

бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.

7

Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?

8

Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.

9

Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.

10

Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.

11

За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б.

12

О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас!

13

Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць плоці; а любоўю служэце адно аднаму.

14

Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: "любі блізкага твайго, як самога сябе".

15

Калі ж паміж сабою грызяцеся і ясьце адно аднаго, дык глядзеце, каб не панішчылі вы адно аднаго.

16

Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці;

17

бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух — супраціўнага плоці: яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.

18

Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам.

19

Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства,

20

ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі,

21

нянавісьць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць.

22

А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,

23

лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закону.

24

А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.

25

Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.

26

Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.