Галатаў 4

1

Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго:

2

ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам.

3

Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету;

4

але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,

5

каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.

6

А як што вы — сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: "Авва, Войча!"

7

Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.

8

Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі;

9

а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар’яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім?

10

Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады.

11

Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.

12

Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:

13

ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз,

14

але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.

15

Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне.

16

І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?

17

Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх.

18

Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас.

19

Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас.

20

Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас.

21

Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закону?

22

Бо напісана: "Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай".

23

Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні.

24

У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар,

25

бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве;

26

а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён — маці ўсім нам.

27

Бо напісана: "узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа".

28

Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.

29

Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.

30

Што ж кажа Пісаньне? "Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч ня спадчыньніць разам з сынам вольнае".

31

Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.