Галатаў 2

1

Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.

2

А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.

3

Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.

4

А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,

5

дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.

6

І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;

7

наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,

8

бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, -

9

і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,

10

толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.

11

Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.

12

Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.

13

Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.

14

Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-юдэйску?

15

Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;

16

аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закону, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закону; бо дзеямі закону не апраўдваецца ніякая плоць.

17

Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!

18

Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.

19

Праз закон я памёр для закону, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,

20

і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.

21

Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.