2 Карынфянаў 1

1

Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынфе з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі:

2

мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3

Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,

4

Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!

5

Бо як памнажаюцца ў нас цярпеньні Хрыстовыя, памнажаецца Хрыстом і суцяшэньне нашае.

6

Калі церпім смуткі мы, церпім дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, якое адбываецца празь цярпеньне такіх самых пакутаў, якія і мы церпім;

7

і надзея наша на вас цьвёрдая. Ці суцяшаемся мы, суцяшаемся дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, ведаючы, што вы маеце долю як у цярпеньнях нашых, так і ў суцяшэньні.

8

Бо мы ня хочам пакінуць вас, браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць.

9

Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,

10

Які і выбавіў нас ад такое блізкае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяёмся, што і яшчэ выбавіць,

11

калі паспрыяе і ваша малітва за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх, многія падзякавалі за нас.

12

Бо пахвала нашая гэтая ёсьць сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў чысьціні і богаспадобнай шчырасьці, ня ў плоцкай мудрасьці, а ў мілаце Божай, жылі ў сьвеце, асабліва ў вас.

13

І мы ня пішам вам іншага, як толькі тое, што вы чытаеце або разумееце, і што, як спадзяюся, да канца зразумееце,

14

як што вы ўжо часткова і зразумелі, што мы будзем вашаю славай, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15

і ў гэтай пэўнасьці я зьбіраюся адведаць вас раней, каб вы яшчэ раз атрымалі мілату,

16

і ад вас перайсьці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсьці да вас, а вы мяне выправілі б у Юдэю.

17

Маючы такі намер, ці не легкадумна я зрабіў? Альбо, што я задумваю, па плоці задумваю, так што ўва мне то "так-так", то "не-не"?

18

Але верны Бог, што слова наша да вас ня было то "так", то "не".

19

Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы, я і Сілуан і Цімафей, прапаведавалі вам, ня быў "так" і "не"; а ў Ім было "так",

20

бо ўсе абяцаньні Божыя ў ім "так" і ў Ім "амін" на славу Божую праз нас.

21

А Той, Хто мацуе нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,

22

Які і паклаў на нас пячатку і даў заклад Духа ў сэрцы нашыя.

23

Бога заклікаю ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынф,

24

не таму, што быццам мы бяром уладу над вераю вашаю; але мы спрыяем радасьці вашай; бо вераю вы цьвёрдыя.