1 Карынфянаў 4

1

Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых;

2

ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны.

3

Мне вельмі мала залежыць, як судзіце мяне вы, альбо як судзяць людзі; я і сам сябе ня суджу.

4

Бо, хоць я нічога ня ведаю за сабою, але гэтым не апраўдваюся; а судзьдзя мне — Гасподзь.

5

Таму ня судзеце ніяк дачасна, пакуль ня прыйдзе Гасподзь, Які і асьветліць схаванае ў змроку і выявіць сардэчныя намеры, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

6

Гэта, браты, прыклаў я да сябе і да Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не выстаўліся адзін перад адным.

7

Бо хто вылучае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў бы? А калі атрымаў, чаго хвалішся, быццам не атрымаў?

8

Вы перанасыціліся ўжо, вы ўжо ўзбагаціліся, вы пачалі валадарыць бяз нас. О, калі б на самай справе валадарылі, каб і мы з вамі валадарылі!

9

Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.

10

Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.

11

Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся,

12

і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;

13

клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.

14

Не каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.

15

Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.

16

Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.

17

На тое паслаў я да вас Цімафея, майго любаснага і вернага ў Госпадзе сына, які нагадае вам пра шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я вучу ўсюды ў кожнай царкве.

18

Як я ня йду да вас, дык некаторыя ў вас заганарыліся;

19

але я неўзабаве прыйду да вас, калі заўгодна будзе Госпаду, і выпрабую ня словы гардуноў, а сілу,

20

бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.

21

Чаго вы хочаце? каб з посахам прыйшоў да вас, ці зь любоўю і духам лагоднасьці?