1 Карынфянаў 3

1

І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце.

2

Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце.

3

Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце?

4

Бо, калі адзін кажа: "Я Паўлаў", а другі: "я Апалосаў", дык ці ж ня плоцкія вы?

5

Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы уверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь.

6

Я пасадзіў, Апалос паліваў, а узрасьціў Бог;

7

а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост.

8

І хто садзіць і хто палівае — адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.

9

Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.

10

Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.

11

Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.

12

Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,

13

дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.

14

У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;

15

а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.

16

Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?

17

Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня — вы.

18

Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым.

19

Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: "ловіць мудрых у хітрасьці іхняй".

20

І яшчэ: "Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя".

21

Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:

22

ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, — усё ваша;

23

а вы — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.