Рымлянаў 4

1

Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?

2

Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.

3

Бо што кажа Пісаньне? "Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць".

4

Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;

5

а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.

6

Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:

7

"дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;

8

дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху".

9

Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.

10

Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.

11

І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,

12

і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.

13

Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне — быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.

14

Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;

15

бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закону, няма і парушэньня.

16

Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, —

17

як напісана: "Я паставіў цябе бацькам многіх народаў", — перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.

18

Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: "Такое шматлікае будзе семя тваё".

19

І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;

20

не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,

21

і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.

22

Таму і залічылася яму ў праведнасьць.

23

А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,

24

але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто уваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,

25

Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.